І, відаць, нездарма з'явілася тут імя і паэтычная формула Мікалая Забалоцкага. Прыгледзімся ды прыслухаемся хоць бы да «Веча славянскіх балад»:
...Аслы, паабчапляныя кашамі,
Б'юць з крэктам, нецярпліва капытамі
І пазяхаюць — рана іх збудзілі...
...Вы чулі, закракталі ўжо сталы —
На іх паўсклалі горы садавіны.
І весялеюць на вачах аслы —
Як павышэлі струджаныя спіны!
А на сталах — сінеюць кабачкі,
Грувасцяцца цяжкія баклажаны.
А гэта — брынза, гэта — сыр жаданы,
А кветак пахкі акіян які!
Зеле — капуста, побач — дыні, мак —
Да гібелі ўсялякіх тут прысмак!
— Кісело млеко,
Чэсен лук!
Моля, другару, —
Купляй, сябрук!
Гэта — «Базары. Балгарская балада. XX стагоддзе». І ці не згадваецца ў разгорнутым малюнку размах знакамітых «Столбцов» Мікалая Забалоцкага? Як, дарэчы, і другога паэтычнага куміра — Уолта Уітмена, кнігу якога «Лісце травы» Янка Сіпакоў пераклаў на беларускую мову. І яшчэ раз заўважым: Кнігу — так было ў Уітмена, так было ў Забалоцкага: «Столбцы» — Кніга!..
Гэткая ж зямная, па сутнасці, малітва і ў прозе Янкі Сіпакова. Як мастацкай, так і публіцыстычнай, хоць, помнім, «кітайскай сцяны» пісьменнік паміж імі не ўзводзіць. «Нарыс, на маю думку, — гэта своеасаблівая аповесць, споведзь з лірычным, настраёвым або проста дарожным сюжэтам, дзе галоўная дзеючая асоба — канкрэтнае «я» — мае магчымасць выказацца...» — гэтае сведчанне аўтара сцверджана і яго творчай практыкай. Цяжка (ды і ці трэба?) вызначыць, што пераважвала ў «Крыле цішыні»: «прыцягненне» жывога, непасрэднага факта, уражання ці доля мастацкага дадумвання, «закруглення», «падгонкі»... Важна іншае: мы маем непаўторна-арыгінальную, таленавітую «Кнігу вёскі» (так: Кнігу), пад крылом якой утульна і мастацкай, і дакументальна-мастацкай, і проста дакументальнай стыхіі, дзейным асобам — і рэальным, і літаратурным.
Прыгадаем яшчэ «Пяць струн» — «Кнігу настрояў» (І. Лірычная струна. 2. Дарожная струна. З. Апавядальная струна. 4. Літаратурная струна. 5. Іранічная струна) ды «Жанчыну сярод мужчын» — апавяданні, што ў сумоўі сваім: супернічаюць з жанрава «чыста»-раманам (і ні ў чым не саступаюць яму!) аб жаночай долі-нядолі...
А вось — калі ласка: жанр спецыфічны газетны — «Інтэрв'ю з міс Палон Іяй» — разрывае свае рамкі, перарастае ў якасна новую існасць — паэму ў прозе:
«Ага, вось у каго я вазьму інтэрв'ю — у пані Ірэны, дырэктара гэтага магазіна.
— Пані Ірэна, што гэта такое — кветка?
— Гэта радасць.
— Таму вы займаецеся імі?
— Не! Я іх проста люблю. А я, заўважце, нічога не раблю ў жыцці, чаго не люблю. — А за што вы любіце кветкі?
— За справядлівасць...»
Ах, ды што яшчэ можа нагаварыць пані Ірэна! Заслухаешся. І зачытаешся... О, гэта пані Ірэна... О, Палонія...
Ад уласных лірычных мініяцюр — праз выдатна ўзноўленыя па-беларуску вершы ў прозе Івана Тургенева — да жанру, дзе сінтэзаваліся і паэзія, і проза, і журналістыка са знакам майстра: Янка Сіпакоў — прыйшла да нас кніга паэм у прозе «Ахвярны двор».
Літаратурны пошук у форме вартасны мацуецца тут дастойнай змястоўнасцю. Мастакоўскі позірк Янкі Сіпакова заўсёды высвечвае штосьці вельмі важнае для чалавечай душы. Гэта, скажам, і мудрасць стагоддзяў, застылая (але з жывым дыханнем! у каменнай легендзе армянскіх храмаў (паэма ў прозе «Ахвярны двор»):
«Чалавек ідзе далёка, а яго душа ідзе яшчэ далей. Чалавек залежыць ад дарогі, а душа ні ад кога і ні ад чога не залежыць. Яна вольная. І на зямлі, і на небе вольная...»
Гэта і наш чарнобыльскі боль (паэма ў прозе «Одзіум», пранізаная і радыяцыяй, і промнем надзеі і ўратавання: радок за радком — праз увесь твор — малітваю «Ойча наш...»):
«Усё лета я хаваўся ад радыяцыі», — хваліцца хлопчык з той страшнай зоны, бо пакуль яшчэ не ведае, што схавацца ад радыяцыі нельга.
«Доктар сказаў, што ў мяне дужа многа радыяцыі», — сумуе дзяўчынка з той жа самай зоны, бо ўжо ведае: тое, што з ёй, з ёй назаўсёды — радыяцыя не прастуда, яна не выводзіцца.
«Бабулечка, родненькая мая, я так хачу да цябе ў вёску, але напішы мне, калі ж ты выганіш са свае хатачкі радыяцыю?!» — рыдае малое, бо здагадваецца: не бабулечка выганяе радыяцыю, а радыяцыя выганяе бабулечку з хаты...»
Такі вось «рэпартаж з радыяцыяй у крыві»...
Пачалі мы ўспамінам. І закончым тым., чым канчаецца «Журба ў стылі рэтра» Янкі Сіпакова: пытаннем-сцверджаннем. Пытаннем-журбой перад мінулым і сцверджаннем-надзеяй перад будучыняй: «Што такое жыццё? Гэта адзінства, узаемаразуменне і садружнасць зямлі, вады, паветра і агню.
Читать дальше