Але тут жа і суцяшэнне знаходзілася: у аднакурсніках Янкі Сіпакова былі Барыс Сачанка, Віктар Дашук — кампанія таксама пашанотная...
А зрэшты, усе мы тады — і курсам-другім старэй, і маладзей, і журналісты і «чыстыя» філолагі, скажам, Рыгор Барадулін ды на год «ранейшыя» Анатоль Клышка, Кастусь Цвірка — жылі адною дружнаю інтэрнацкай сям'ёй, штодня сутыкаліся то ў лекцыйных аўдыторыях, то ў бібліятэчных «чыталках», то на тлумных рэдакцыйных парогах. Так-так, ужо з першых дзён першакурснага жыцця купкамі і ў адзіночку наляталі мы ў Дом друку з адвечнай рэпарцёрскай надзеяй: прабіцца хоць бы адзіным інфармацыйным радком на газетную паласу. Выкладчыкамі гэта віталася і заахвочвалася: а як жа! — прафесійная жылка!... Ну а тыя, хто яшчэ і «рыфмаваў», нясмела неслі да строгіх рэдактарскіх сталоў і свае паэтычныя надзеі...
Такіх была ці не большасць. І можа, думаецца сёння, з адлегласці дзесяцігоддзяў, практычная журналістыка нашая шмат страціла, не далічыўшыся ў сваіх шэрагах творцаў, што цалкам і незваротна змянялі рэпарцёрскія пёры на пісьменніцкія «вечныя» самапіскі. Янка Сіпакоў у гэтым сэнсе выявіў добрае і выйгрышнае выключэнне. Бо жывая газетна-журналісцкая справа сталася для яго не прафесійнай адзнакай у дыпломе, а неад'емнай, сутнаснай пазіцыяй творчасці.
І нават той, «прапушчаны», год, які закінуў выпускніка вясковай школы ў раённую газету, вунь як адгукнуўся сёння: каларытнымі, багатымі на жыццёвыя малюнкі і характары, са слязою і ўсмешкаю, эсэ, якія чыталі мы нядаўна ў «Полымі» (і пра сваё першае, і няўдалае, абітурыенцкае падарожжа ў Мінск на вагоне, зайцам, і пра далучэнне да жыцця-быцця газетчыка-раёншчыка)...
Журналісцкі дапытлівы характар, «учэпістасць» да дэталі, імкненне «дакапацца» да сутнасці факта, як пабачым, заўсёды скіроўвалі, выводзілі, можа, нават і «падштурхоўвалі» Янку Сіпакова да не сказаць што сенсацыйных, але не стандартных, не трафарэтна-прадвызначаных крокаў і ў паэзіі, і ў прозе.
Ды, хутчэй за ўсё, і да прозы павярнула паэтычную сцежку Янкі Сіпакова будзённае журналісцкае «паляванне» на факты, сюжэты, калізіі, характары. І тут яго чакала несумненная ўдача.
Хоць сустрэчы з ёю былі і ў паэзіі.
Быў «Сонечны дождж», быў «Лірычны вырай». І была, выяўлялася задума, прасочвалася, прарастала імкненне — ад «проста» зборніка да Кнігі: вершаў, паэзіі. Кнігі, кампазіцыйна выверанай, змацаванай адзінствам задумы і мастацкага вырашэння. І калі ў «Лірычным выраі» толькі нясмела вызначаецца «пастаноўка задачы»: запеў — «Пачатак палёту» (лірычны ж вырай!) і фінал — «Заканчэнне палёту», а перад усім — эпіграф з Максіма Багдановіча, своеасаблівы паэтычны анонс, а можа, і творчае крэда, прамоўленае следам за класікам: «З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, — глуха ўкрыла яго сіняя цемень вады. Але ўзбярыся ўгару на вяршыну ўзбярэжнай страмёны, — кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль», — так, усё, як з вышыні птушынага палёту, то ўжо далей Янка Сіпакоў вызначэнне дае катэгарычна і небеспадстаўна: Кніга. «У поўдзень, да вады», прыкладам, «Кніга вершаў», а «Усміхніся мне» — «Кніга трывогі» — твор цэласны, кампазіцыйна складаны, але распрацаваны па-мастакоўску дакладна і выразна.
Аднак, пэўна ж, самы адметны пасад займае тут «Веча славянскіх балад» — кніга, нібы храм, узведзены талентам дойліда. Архітэктоніка яе строгая, жанрава «замкнутая», завершаная, але адзінства не пагражае перайсці ў аднастайнасць дзякуючы багатай фактычнай напоўненасці, гістарычнай шматфарбнасці сюжэтаў, іх славянскай «шматмоўнасці», агучанай беларускім словам, — сапраўднае славянскае веча на скрыжаваннях стагоддзяў і лёсаў.
Толькі што ж мы ўсё аб форме, аб форме... Яно так — збудаванне цешыць вока. Аднак храм робіцца храмам, калі ён духоўна абжыты, напоўнены святлом не толькі знешняй, але і змястоўнай прыгажосці. Якія ж малітвы ўзносяцца тут, якія гучаць прароцтвы? Ці, прамаўляючы словамі Мікалая Забалоцкага, спытаемся: «...что есть красота... Сосуд она, в котором пустота, или огонь, мерцающий в сосуде?..»
А малітвы ў храме Янкі Сіпакова гучаць зямныя, напоўненыя адвечным людскім клопатам. Бо і сам ён — з гэтых малітваў-песень:
Я з песень родам,
З восені позняй,
Дзе вечары і ночы —
Даўгія-даўгія, як андаракі жанчын,
А песні — сумныя,
Як апошнія, памёрзлыя кветкі пад вокнамі...
Жанчыны крышылі капусту
І спявалі, шаткуючы.
З імі спявала і мая маці.
Я з песні радзіўся.
Крышачку паляжаў моўчкі, услухоўваючыся:
Песня была для мяне такою сваёю.
Такою знаёмаю —
Колькі ўжо вечароў да нараджэння
Чуў я яе!
І я заспяваў...
А жанчыны здзівіліся:
— Зірніце, плача.
Аж да цяпер не разбяруся:
Няўжо яны і напраўду не зразумелі,
Што я спяваю?
Читать дальше