Раман Тармола прыйшоў у паэзію поплеч з сябрамі-аднагодкамі, чыё дзяцінства было апалена вайной. Гэтым у многім, калі не ў асноўным, і былі прадвызначаныя тэматычныя абсягі, настраёва-душэўны лад і кірунак яго творчых пошукаў, што знайшлі выяўленне ад самага пачатку — з першай кнігі «Асколкі і росы». Яшчэ і сёння, праз ужо не адзін дзесятак гадоў, паэт з хваляваннем згадвае, як чытаў ён верш-баладу з гэтага зборніка на сустрэчы маладых беларускіх паэтаў — удзельнікаў усесаюзнай нарады з Міхаілам Ісакоўскім, верш пра страшэнную раніцу: пасля начной бамбёжкі — на травах — жалезныя росы...
Бліскавіца і гром!
Ноч, бы чорная яма.
— Мама... мама...
На вуснах застыла: «Сынок, бяжы!»
І худзенькае цельца побач ляжыць.
І крывёю апырсканы ўсе вясёлкі,
На траве — раса,
у сэрцы асколкі...
Са шчырай ухвалай выслухаў знакаміты паэт верш маладога беларуса — як бласлаўляў на плённую творчую дарогу...
Так яно і было, усё ў рэчышчы лёсу, сугучнага лёсу літаратурных равеснікаў... Ды аднойчы... Аднойчы — і раптоўна — жыццё абарвала гэту трывалую, здавалася, назаўжды прадвызначаную хаду. Вось ужо, сапраўды, лёс Рамана Тармолы не паскупіўся на выпрабаванні. Цяжкая хвароба паставіла яго, як гаварылася толькі што, на рубяжах жыцця і смерці. Рубяжах — бо іх было не адзін, не два... Аперацыя за аперацыяй — і ніводная не давала трывалай надзеі...
Але Раман Якубавіч не схіліўся перад навалай хваробы ў пакоры і разгубленасці. З нязломнай верай у жыццё ён аб'яўляе ёй вайну, у поўным сэнсе гэтага слова. Ён змагаецца са смерцю, каб перамагчы. І перамагае. І ў гэтым яго чалавечая мужнасць. І мужнасць яго паэзіі. Бо і яна разам з дактарамі ўвесь час была побач з ім і дапамагала выстаяць — Духоўная Сястра Міласэрнасці.
Гэтая паэзія склала кнігу Рамана Тармолы-Мірскага «Прычасце».
Калі чалавек ідзе да прычасця, то найперш збірае думы і нясе — нялёгкія і непад'ёмныя для самотнай душы — да чалавека другога, вернікі — да святара... Прычасце паэта Рамана Тармолы-Мірскага — споведзь перад сабою і людзьмі. І нясе ён не роспач, а тую кропельку, тое зерне надзеі, назавём яго словамі паэта: «не стала яшчэ горш...», зерне, што, прарастаючы, зноў поўніцца, паўстае жыццём:
Сягоння гнаў ад сябе скруху,
Пачаў бязволле дакараць:
Душа не любіць слабых духам
І памагае паміраць...
Я не скажу, што стала лепей.
Варочаўся хваробы смоўж.
Але адчуў я, болю злепак,
Што мне не стала яшчэ горш...
І тут жа — вершы побач у кнізе — як першы ўздых на ўсе грудзі, як адхланне пасля здушанасці, як вокліч удзячнасці:
Госпадзі,
як добра жыць на свеце,
Нават як нядобры гэты свет...
Гэй, хто лішні прадае білецік
На другі сеанс жыцця?...
Паэт Раман Тармола-Мірскі і чалавек Раман Якубавіч Тармола — гэта і ёсць той лёс, за якім «выжыве не цела, выжывае наш дух...». Непазбежнасць, вызначаная чалавеку як фізічнай існасці, уступае ў супрацьборства з яго існасцю духоўнай, і якая з іх выходзіць у пераможцы, вырашаецца — сведчыць і ўпэўнены ў гэтым сведчанні паэт — не ў апошнюю чаргу чалавечай воляй:
Жыццё у смерці адваёўваць
Цаной уласнага жыцця, —
такім коштам (здавалася б, круг замкнуўся: за жыццё плаціць жыццём) гатовая адстаяць чалавечая душа сваё высокае наканаванне. І сцвердзіць тым самым права на жыццё.
Паэтычныя роздумы Рамана Тармолы-Мірскага не даюць падставы ні на момант усумніцца ў яго непахісным аптымізме. Сучаснасць і мінуўшчына, вечныя пытанні быцця і простыя людскія радасці, непазбежнасць і выпадковасць у асабістых і грамадскіх дачыненнях, далёкая зорка і расінка на кветцы — усё хвалюе, усё клопатам турбуе паэта. «Я ў жыцці, нібы ў разведцы...» Тэматычныя далягляды кнігі «Прычасце» вымяраюцца даляглядамі, перад якімі стаіць краіна наша і наш народ.
Голас паэта, як і душа, падуладны толькі жыццю. Голас-лёс. У ім лунае і змагарны, барыкадны заклік, і пяшчотна-закаханы шэпт. Дарога не ўсыпана кветкамі — на ёй больш церняў. Ды заўсёды з паэтам — шляхавызначальнай зоркай — родны вобраз:
І які ні прымярай куток
Да мае вандроўнае натуры,
Беларусь адна мне вочы жмурыць
І слязіць і ясніць часта зрок.
З такою зоркай у вачах і ў сэрцы ідзецца надзейна і ўпэўнена...
КНІГА ЯК ХРАМ
Пры сяброўскіх сустрэчах-бяседах Янка Сіпакоў іншы раз не-не ды і прыгадае з пэўнай доляй шкадавання, як спазніўся ён з-за нейкага «бала» патрапіць на наш журналісцкі курс — і ўжо вучыўся годам пазней, чым Генадзь Бураўкін, Міхась Стральцоў, Юрась Свірка, Сымон Блатун, Мікола Гіль, Алесь Дзятлаў, Герман Кірылаў, Алесь Станюта (прыкметны быў набор!..)...
Читать дальше