Якое шматгалоссе!.. Стаіш дзе-небудзь на ўзлессі — і слухаеш, слухаеш гэтую казачную сімфонію!..
А колькі такіх моўных іскрынак-россыпаў па ўсёй паэзіі Юрася Свіркі! Вось, прыкладам, толькі пра дождж: праліўны, патопны, грыбны, спорны, аблажны... І гэта ў адным толькі вершы!.. А то яшчэ: «праклюнуцца травы», «асака адскочыла», дуб «аджалудзіўся», «драмляк» — дрымучы лес...
Слова, нечакана пастаўленае ў кантэкст, стварае цэлы малюнак: «паабдымаліся з сасной» — гэта пра тое, «пакуль на воз яе мы клалі...» Ці гэты сэнсавы «перанос»: маці з таго свету пытае: «А як там, сынок, на тым свеце жывецца?..» — сапраўды, задумаешся: дзе ён, той свет, а дзе гэты?..
Юрась Свірка не толькі майстра ўштукаваць у паэтычны радок падслуханае, трапнае слова — ён умее ўдала скарыстаць, прыстасаваць традыцыйную фальклорную «форму» да самага сучаснага, надзённага зместу:
Засынай, маленькая трывога,
Засынай, лянотная знямога;
Засынай, няясная задума,
Засынай, і здзек, і прага глуму;
Засынай, жаданне — браць чужое, —
Паслушэнства рабскае, сляпое;
Засынай, няшчырасць і зазнайства,
Засынай, і зайздрасць, і нядбайства...
Гэты верш «безыменны». Але з поўным правам ён можа называцца: «Калыханка». Калыханка-заклінанне, калыханка-адмаўленне, калыханка-пратэст супраць усяго, што стаіць насуперак светлай плыні жыцця.
Паэзія Юрася Свіркі, што пачыналася ад тае сасны дзяцінства, разраслася ў шыракадумны бор. І лёс у іх неразлучны, і наканаванне адно. Скажам пра гэта радкамі з верша «Бор»:
Праменяцца яго ствалы, як медзь.
Імхі і верасы пасланы гожа.
Разгневаны,
Ён можа пашумець,
І засланіць слабейшага ён можа...
2003
ДАЛЯГЛЯДАМІ «НОВАЙ ЗЯМЛІ»
Пакліканне перакладчыка, і асабліва паэзіі, яго прафесійнае стаўленне да перакладу ў вызначальнай сутнасці сваёй дужа нагадвае шлюбныя стасункі. Адбываецца шлюб альбо па каханні, альбо па разліку. Гэтак і пераклад: бывае альбо па сардэчным захапленні, альбо па меркантыльна-выдавецкіх замовах, што выліваецца — і нярэдка — у канвеерную гонку радкоў з перакладам на лічбы ганарарнай ведамасці...
Усім, хто ў той ці іншы час меў дачыненне да выдання сваіх кніжак у былых саюзных выдавецтвах, знаёмае ў большай ці меншай меры прыкрае адчуванне, што перакладаюцца твае творы не на рускую, а на нейкую «маскоўскую»: творчасць саступае месца «вытворчасці» — падрахунак вёўся на працадні. І калі пакутавалі ад такіх перакладаў празаікі (Іван Мележ, Васіль Быкаў ды й іншыя), то што ўжо гаварыць пра паэтаў... Заўважалася толькі адна пастаянная акалічнасць: паэзія, ну, скажам так, не самага высокага гатунку «падцягвалася» да пэўных выдавецкіх «стандартаў», набывала «таварны» выгляд, а вось паэзія сапраўды дастойная губляла штосьці самае важнае, тую таямніцу «між радкоў», што, уласна, і рабіла яе паэзіяй...
Не ўнікла падобнага лёсу і выдатная паэма народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Новая зямля». Да нядаўняга часу мела яна адзіны пераклад: на рускую мову. Параўноўваць яго — хаця б «в назидание» — не было з чым.
І вось — адзін за адным — з'явіліся і грунтоўна заявілі аб сабе, займеўшы пачэсны пасад, два пераклады: спачатку — на польскую мову, цяпер — на ўкраінскую. З'явілася і магчымасць для параўнання...
Дзесяць гадоў шчыраваў над польскім перакладам Чэслаў Сенюх; перакладчык на ўкраінскую мову Валерый Стралко «ўправіўся» значна хутчэй. Але ў абодвух выпадках — і адзін, і другі — працавалі па закліку сэрца, ніякіх выдавецкіх гарантый не маючы. Усё рабілася па любові. І гаварылася аб ёй з паэтам на яго роднай мове — гэта не малаважны, а то і вызначальны момант: перакладчыкі — і Сенюх, і Стралко — валодаюць мовай арыгінала.
І цяпер як бы мы ні шукалі прыкметы вартасцяў рускамоўнай версіі, настойліва карціць сказаць: пераклад гэты здзейснены па прынцыпе нейкай «калектыўнай любові», калектыўнага «падраду» — калгасны, адным словам...
Ажно паўдзесятка перакладчыкаў былі «привлечены к делу» (сярод іх і таленавітыя паэты, і... ніякія). А ў выніку — губляецца адзінства стылю, навідавоку выдавецкае памкненне да «залатой» сярэдзіны, дакладней: «усреднен ности»...
Таму і выкажам спадзеў: рускамоўны чытач чакае яшчэ сапраўднай сустрэчы з «Новай зямлёй» Якуба Коласа.
Польскі і ўкраінскі — ёсць падставы сцвярджаць — дачакаўся. Факт выключнай важнасці не толькі ў літаратуры, але і грамадскім жыцці братніх народаў. Бо сусветная паэзія (падкрэсліваю — паэзія) тэму Пошуку Зямлі — як пошуку народам свайго лёсу — раскрыла з такой глыбінёй і мастацкай дасканаласцю, пэўна, толькі ў нас, на Беларусі, паэмаю «Новая зямля». А гэты — і чыста зямны, і ўзвышана-нябесны, філасофскі — узлёт беларускага духу, мастацкае даследаванне душы чалавека працы, натуральна, не мог не адгукнуцца ў душы сусветнай — праз яе канкрэтныя праявы: польскую і, асабліва, украінскую. Чаму «асабліва»? А таму, што гістарычныя шляхі народаў нашых і сёння ў Пошуку — Сваёй Зямлі, Зямлі Запаветнай.
Читать дальше