Ідзе так дзядзька і па бруку
Адзін за дзесяць робіць груку...
Крокуе дядько наш по бруку,
Один як десять робить грюку...
(Раздзел «Дзядзька ў Вільні»)
(Зноў жа рускамоўны варыянт, на гэты раз П. Сямыніна:
Шагает дядя, не спешит,
Один за пятерых гремит...
У скарочаных на адзін склад канцоўках радкоў як бы абсекся, аглух гэты грукат абцасаў... Ды яшчэ і гэты «дядя» (так па ўсёй паэме): як яно выпадае, чамусьці аблюбаванае перакладчыкамі «правільнае» (па-руску!..) слова з найкаларытнейшай стылістыкі твора...)
Паэма «Новая зямля» набыла жыццё на ўкраінскай мове. Канешне ж, у такой вялікай перакладчыцкай працы можна, асабліва пры пільным жаданні, адшукаць і пэўныя хібы. Але не яны вызначаюць агульную вартасць зробленага. Не будзем аб дробязях. Сёння ў нас свята. Шырэюць далягляды «Новай зямлі». І нам, беларусам, застаецца толькі парадавацца з нагоды гэтай далёка не шараговай падзеі. І спадзявацца, што наша радасць стане радасцю і ўкраінскіх чытачоў. Хай таленавіты пераклад выдатнага твора паслужыць гэтаму!
ВЕЛЬМІ ЎСЁ ПРОСТА - ЯК ПРОШЧА...
Эсэ прачытання кнігі
Я набраў тэлефонны нумар. Гэта было ў чатырохдзенства рэвалюцыйных святкаванняў, калі спрачаліся палітыкі, высільваючыся «падключыць» і народ: ці гэта дзень, які перавярнуў свет, ці ўжо час залічыць яго ў дні людскога прымірэння і згоды, заплюшчыўшы вочы і памяць на «пераваротныя» кроў і смерць?..
Я набраў нумар, каб сказаць: «Валодзя, я сёння абсалютна цвярозы (не зважаючы на свята), як і ўчора быў, і як, пэўна, не вып'ю і заўтра... Але я толькі што прачытаў тваю «Прошчу», і мне хацелася б расцалаваць цябе». (Не тым пацалункам, што ахвяруецца ў «прашчоны дзень» — хоць і на гэта ёсць падставы: падвёў Някляева, згадзіўшыся «ўзначаліць» Саюз пісьменнікаў, чым «паламаў» нейкі сцэнарый, распрацаваны перад з'ездам «новаю хваляй»... «Прабач, Валодзя, за твой голас «супраць»... А пацалунак — проста «за прошчу»...)
Валодзі не было дома. І гэты тэлефонны «пацалунак» згубіўся дзесьці там, на тым канцы провада...
Але ў мяне засталося права.
«Думаю, Василь Зуёнок не обидится, если я вспомню, как он высказал мне в простоте своей общее литературное мнение: «Скуль ты выскачыў раптам, як чорт з канапель, і што цяпер з табой рабіць: адкрываць ці закрыць адразу?» Шутейно, конечно, сказано было, но за шуточкой этой как что-то стояло, так и стоит — и я вовсе не имею в виду Василя Зуёнка, который с присутствием моим искренне смирился и теперь ему даже как бы рад», — гэта цытаваў і рабіў «каментар» Някляеў у інтэрв'ю часопісу «Нёман». А мяне паставіў перад пытаннем: гаварыў я так ці не гаварыў? Калі меркаваць па «чорт з канапель» — дык у мяне было б не інакш як «Піліп з канапель»... (Ды там чорт яго ведае — калі і пасля чаго было сказана...) А калі па сутнасці, дык «рэмарка» тая хай сабе і не сакратаўская, але ў нечым блізкая да рэальнасці: паэт, сапраўдны паэт, — ён заўсёды «з канапель». І крыўднага тут нічога няма. Тут адна, і неабвержная, пахвала.
Нe думаў я, што буду згадваць гэтыя словы. Але... Але — на чарзе — чарговая пахвала: кніга «Прошча»! Іншы раз, чытаючы, і слязу не стрымаеш. Шчаслівы і непаўторны міг!..
І нічога крыўднага, што сляза — мая, а верш-такі не мой... Як па мне, дык самая высокая паэтычная адзнака, калі чытаеш — і ловіш сябе на думцы: «Вось гэтак бы і я сказаў...» І што самае загадкавае: іншы раз нават і словы возьмуць ды і паўторацца...
Быў у мяне верш з паездкі на радзіму Аркадзя Куляшова, у вёску Саматэвічы, дакладней — у Саматэвіцкую школу, дзе запланавана было (сцэнарый!) пасадзіць на школьным двары — разам з дзецьмі — памятныя елачкі. А дзеля каго? каму? — калі вёска была прысуджаная на «радыяцыйнае адсяленне»... Я адыходзіў, развітваючыся і з тою елачкай, і з тою дзяўчынкай Пеначкай, што дапамагала мне (ці я ёй) садзіць дрэўца... Развітваўся, бадай, назаўсёды. Як і з Ленай. І як Лена са мною, і зноў жа — праз чарнобыльскую бяду — з елачкай...
І:
Я Богу кажу:
— Закурым?
— Кінуў. Другі інфаркт...
І неўспадзеў чытаю ў някляеўскай паэме «Зона» (з кнігі «Прошча»): «Я бога пытаю: «Пакурым?..» // Ён кажа: «Не я вінаваты...» Першы радок — амаль слова ў слова, з зусім: нязначнымі адхіленнямі... Вось, скажам, у Някляева слова «бог» — з малой літары, але выдзелена курсівам. Што, прызнацца, насцярожвае. Як і гэтае «не я вінаваты»... І праз колькі радкоў: «Я снедаю з богам зон. // Ён кажа: «Не я вінаваты...» Той жа курсіў. І той жа — курсіўны «бог»?.. Пэўна, так яно і ёсць: у Някляева — бог зямны. У Зуёнка — нябесны. І таму ў аднаго: «не я вінаваты», а ў другога — «другі інфаркт». Ён не можа быць «не вінаватым». Ён сплачвае людскую віну, як сплачваў на крыжы...
Читать дальше