Такая — побач з метафізікай — дыялектыка... Ці — тэхналогія?..
І сапраўды, хочацца ўсклікнуць:
Не азірайся, каханая, гэта не мы!..
Тады — хто ж? Зноў цені? Так:
Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі...
Сапраўды — «час настаў спасцігнуць Веду»... І. пытанне з адказам правакуюць новыя пытанні:
А па кім жа я заплачу
На мяжы, дзе цёмны стаў?
А па Той, якой не бачыў,
Той, што ў свеце не застаў.
Па адной
нецалаванай,
Той, якой не цалаваць,
Па адзінай,
не спатканай
Той, што Бог не даў спаткаць...
А «сюжэтны крыж» тым часам разгортвае крылы: яшчэ адзін «радок у Апакаліпсіс» — «Зона»... А яшчэ, да ўласна зоны, да чарнобыльскай, — «Беларуская песня» з дзіўным прароцтвам: «Можна ведаць наперад толькі тое, што помніш назад...» Трэба азірнуцца (як вярнуцца!..). І азірнуцца боязна. Бо там:
Разбой. Вайна і зноў вайна.
Хапіла і крыві, і болю.
Усё было — чаго ўжо болей?
Скажы, у чым твая віна,
Адкрый, у чым віны прычына,
Мая самотная Айчына?..
Там:
Хто паспеў звар'яцець — звар'яцеў,
Хто прадацца хацеў — той прадаўся...
Там:
Прарокі страявым шыбуюць крокам,
І ў кожнага на шыі нумарок
Матляецца...
А ў існага Прарока
Без нумарка зацягнуты шнурок...
Там:
Сусед і брат не ведаюць віны.
Нібы не мы, нібыта не яны —
Народ, што прамаўчаў сваю дзяржаву...
І гэта ўсё — шлях да Зоны, яе злавеснае прадвесце. Гэта перадспеў «Зоны», уступ, у паэму, тую, ужо згаданую, дзе паэт палуднуе з богам і закурвае па-зямному...
Зона —
як страта цяжарная Стратай.
Просяцца хаты: хоць клямку пакратай!
Самі — пад ногі — сцежкі — як змеі!..
Той, хто праз гэта стане вар'ятам, —
Паразумнее.
Чыстая смерць..
Без ніякіх прыкмет.
Пуста.
Чарнобылем пахне Сусвет...
Гэтыя апакаліптычныя строфы пераказваць немагчыма, нельга. Іх трэба чытаць, а значыць — цытаваць, без купюр, цалкам. Што зноў жа — немагчыма. А таму абмяжуемся:
Вочы дарослыя —
поўныя зонаю.
Вочы дзіцячыя —
зонай пустыя...
Зона — гэта Чарнобыль. І зона нашага быцця, нашай духоўнасці наогул...
І нарэшце, па закону жанру пісанага і жанру дадзенага Прыродай: пасля псіхалагічнага піку, стрэсу, чарнобыльскага разлому — адхланне «Саракавіны засяроджаны роздум, суцішная і суцешная медытацыя на саракавой вярсце:
У сферных люстрах плаўных небасхілаў
Абвалы зор і роўны рух снягоў
Пад поўняю, што вёслаў не згубіла
Над водамі, што выйшлі з берагоў.
Свет шырыцца да незанятых ніш
І пустату закідвае насеннем,
Што прарасце маланкамі
паміж
Самаз'яўленнем і самазнікненнем.
Бясконцае ствараецца бясконца —
То скручваецца ў ніць на вераценца,
То рвецца на спіралі і кругі,
Як гэта высь халодная нямая,
Як гэта плынь, што берагоў не мае
І шырыцца — шукае берагі...
І я раптам, мо ў дзесяты раз перачытаўшы радкі (штосьці такое шчымліва прасілася з падсвядомасці, нагадвала пра сябе), страпянуўся: «Дык гэта ж, здаецца, санет?!» Так і ёсць — ён самы... І пахваліў я паэта: форма незаўважная — найвышэйшая з формаў!..
Саракавіны... Сабраліся сорак гадоў. Сорак — паэтавых. Сабраліся да паэта — памужаваць, пагаманіць... А што ім скажа паэт? Паплача? раскаецца?.. О не — не дачакаецеся. Хоць яшчэ ўсе сорак гадоў! Паэт толькі тады і паэт, калі жыве ўсведамленнем — як абнаўленнем:
Не з тымі пайшоў і дарогай не той.
Дарэмна дарога прасіла:
«Чакай.
Азірніся.
Падумай.
Пастой».
Вяла невядомая сіла.
Дарозе казаў: «Ты не тая. Маўчы».
Ні д'яблу не верыў, ні Богу —
І крочыў, і крочыў
удзень і ўначы,
Пакуль не адолеў дарогу.
І рушыў далей — на цалік, і сляды
Пакінуў, што сцежкаю сталі.
А тыя, што з ім не пайшлі,
хто куды
Пазбочвалі і заблукалі.
Глядзелі яны — хто з дупла, хто з нары,
Аброслыя мохам з карою —
Як ён пад гарою,
як ён на гары,
як знік
і прапаў за гарою...
Але, здаецца, не на жарты ўваходжу я з ролі чытача ў ролю друкара: пачынаю перапісваць вершы — страфу за страфою. А што зробіш — калі падабаецца!..
А зрабіць застаецца толькі адно: пажадаць паэту спрыяльнай дарогі і сустрэч з людзьмі — тымі, між якіх (наіўная мроя!..) адсутнічалі «не тыя»...
І закончу страфой, аб якой друкары яшчэ і не ведаюць. А я — ведаю. І ведаю, чаму Уладзімір Някляеў зрабіў на «Прошчы» надпіс:
Мы сам-на-сам з прошчаю высільваемся.
З начаю выжыльваемся, крэсівам,
А тым часам,
дарагі Васіль Васільевіч,
Міма йдзе жыццё — і, бляха, весела!..
Читать дальше