І тут напрошваецца другая здагадка: гэты цуд рабіла не толькі праца, але і захапленне, любоў. Любоў як да абстрактнага матэматычнага сімвала, так і да сі мвала канкрэтнага — жывога, трапяткога вобраза, выяўленага ў слове. А слова гэта было наша, беларускае, бо прыходзіла да Генадзя Рымскага з беларускай паэзіяй. І можа, не ў апошнюю чаргу, дзякуючы ёй Генадзь Васільевіч, рускі па паходжанні, так зблізіўся, зросся з Беларуссю — складам характару, шчырай адданасцю яе народу, яго духоўнасці. У адным са сваіх арыгінальных вершаў ён прызнаваўся:
Я люблю тебя, Беларусь...
Моя радость, и боль, и грусть,
Мой восторг и мое страданье...
У 1946 г. дзесяцігадовым хлапчуком Генадзь стаў мінчанінам, калі бацька ягоны (да вайны — інжынер Сталінградскага трактарнага, а ў вайну — абароннага завода ў Свярдлоўску) быў прызначаны намеснікам галоўнага тэхнолага Мінскага трактарнага завода. З той пары Беларусь стала радзімай Генадзя Рымскага... І ў школе (11-я мінская), і ў Вышэйшым ваенна-марскім інжынерным радыётэхнічным вучылішчы ў Гатчыне, побач з асноўным, чым жыў тады, — вучобай, юнак з захапленнем аддаваўся паэзіі. Чытаў сам, чытаў сябрам-курсантам. І асабліва — беларускіх паэтаў, бо лічыў: тут ёсць яму чым пахваліцца. Гэта ж падказала яму і яшчэ адзін спосаб данесці да небеларусаў прыгажосць і мудрасць беларускай паэзіі: ён пачаў перакладаць яе на рускую мову. Творчасць перакладчыка зрабілася неад'емнай часткай духоўнага жыцця Генадзя Рымскага.
Паэзія акрыляла яго навуковыя пошукі. Гэта несумненна. Як несумненна і тое, што характар навукоўца забяспечваў яго паэтычнаму захапленню грунтоўнае пастаянства. Генадзь Рымскі быў цвёрда перакананы, што беларуская паэзія, па-зямному непасрэдна-чалавечая, мае сусветны ўзровень. І гэтым кіраваўся ў перакладчыцкай творчасці. «З нічога — нічога не ўзнікае» — Генадзь Рымскі спавядаў гэты прынцып і не памыляўся: беларуская паэзія давала яму магутны эмацыянальны зарад, які дапамагаў мабілізаваць духоўныя сілы для навуковых здзяйсненняў. Гэта было не распыленне ітэлектуальнай энергіі, а шлях да яе канцэнтрацыі. Дзейнасць Генадзя Рымскага як бы ўвасабляла ў канкрэтнай праяве словы Максіма Багдановіча: «...добра быць коласам; але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?..»
На перасячэнні гэтых лініяў кардынал скажам так, і сышліся душэўныя памкненні Генадзя Рымскага з эстэтычным крэда Максіма Багдановіча. І таму, пэўна, каб выверыць перакладчыцкую практыку Генадзя Рымскага, ёсць самы непасрэдны сэнс паглядзець, як пачувае сябе пад яго пяром паэзія Максіма Багдановіча.
Але перад гэтым — яшчэ адна «здагадка»: чаму ў многіх выпадках, і асабліва напачатку, перакладчыцкія сімпатыі Генадзь Рымскі грунтаваў на сустрэчы з песенным словам: «Явар і каліна» Янкі Купалы, «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю...») Максіма Багдановіча, «Малітва» («Магутны Божа!..») Наталлі Арсеньевай, «Лясная песня» («Ой бярозы ды сосны...») Адама Русака, «Александрына» Петруся Броўкі, «Бывай...» Аркадзя Куляшова, «Жураўлі на Палессе ляцяць» Алеся Ставера, «Ты мне вясною прыснілася» Міхася Шушкевіча, «Вы шуміце, бярозы» Ніла Гілевіча... Перакладаючы, Генадзь Рымскі як бы падпявае тым жа «песнярам», акрыляе музыкай сваё паэтычнае вяртанне з матэматычных абстракцый да трапяткіх жыццёвых рэаліяў і радасцяў. Гэта мела для яго пільную асабістую патрэбу, таемны сэнс (згадаем: тут, дарэчы, і славутую скрыпку славутага матэматыка Альберта Эйнштэйна, і паэтычныя вопыты знакамітага фізіка Ампера, і... пералік, пры жаданні, можна працягваць...). Перакладаючы паэзію, Генадзь Рымскі як бы «душой адпачывае»... Зрэшты, так яно наогул, пэўна, мусіць быць у перакладчыцкай творчасці: перакладаць тое, што суладна гучыць з тваімі думамі і настроямі, б'ецца ў рытме твайго сэрца... І прамаўляць тут слова трэба, як сваё, але не навязвацца аўтару, а помніць, што ты ўжо як бы не ты, а напалову ён. Ён, аўтар, павінен: весці цябе, падказваць дарогу, заспяваць мелодыю...
Відаць, гэткім жа чынам быў пакліканы Генадзь Рымскі і багдановічаўскай «Веранікай». І зноў жа, заўважым: перакладаецца не ўсё вершаванае апавяданне, а толькі фінал ягоны (той «пастскрыптум» — «Ізноў пабачыў я сялібы...»), пакладзены на музыку Ігарам Лучанком і акрылены «Песнярамі»...
Давайце ж прачытаем:
Увидел вновь края родные,
Где годы первые прошли:
Там стены мхом уж поросли,
На стеклах — радуги чудные.
И все в пыли. Так стало мне
Печально, грустно в тишине.
Я в сад пошел... Все глухо, дико,
И все травою заросло.
Что было раньше, то прошло,
И только росчерк «Вероника»
На липе, врезанный в коре,
Мне говорил о той поре.
Расти же, наливайся, древо,
Как монумент живой вставай
И к небу надпись поднимай.
Извечна истина напева:
Чем дальше даль уходит дней,
Тем имя милое родней.
Читать дальше