Але пагодзімся ў адным: пераклады Генадзя Рымскага — светлы, душою сагрэты, палетак на літаратурнай ніве...
Ды і не адно аб гэтым гаворка. Яна тычыцца яшчэ і меры захаплення, меры спасціжэння паэзіі чалавекам іншага інтэлектуальнага занятку, а яшчэ, больш канкрэтна, мерай яго апантанасці паэзіяй беларускай.
У наш суровы, прагматычны век, век камп'ютэрызацыі, такую рысу інтэлекту, тым больш у чалавека — стваральніка кібернетычных сістэм, — нельга абысці безуважна. Яна падказвае шлях. Ураўнаважыць, гарманізаваць у душы «рацыё» i «эмоцыё», зрабіць яе паўнавартаснай, адпаведнай Боскай задуме, — гэтая сіла дадзена мастацтву і, у прыватнасці, мастацкаму, паэтычнаму слову. Сіла, здольная паяднаць два космасы...
Пра камп'ютэр з душой васілька, здаецца, марыў і Генадзь Рымскі...
2001
АКВАРЭЛІ ЛЕТА, ГРАФІКА ЗІМЫ...
За Алесем Пісьмянковым настойліва ходзіць (каб не сказаць «замацоўваецца») вызначэнне — «спавядальнік» кароткага верша. Што ж, аспрэчваць схільнасць паэта да лаканічных вырашэнняў тэмы асабліва не выпадае. У лірыцы гэта з'ява не такая ўжо і рэдкая. Непераўзыдзены майстар такога верша Ганна Ахматава неяк зазначыла нават, што паэту-лірыку, каб выявіць свой душэўны настрой, эмацыянальны імпульс, дастаткова дзвюх-трох строфаў... І ўсё ж, сцверджанне гэтае, здаецца, нельга прыняць за абсалют: не зусім верыцца, што любую тэму, яе пачуццёвы змест можна «заключыць» у такія жорсткія рамкі.
Ды і сама паэтычная практыка Ахматавай у гэтым сэнсе можа паслужыць пэўным «апанентам». Там, дзе яе паэзія адчувала набліжэнні да «душэўных сусветаў велізарнай напружанасці і невымернай працягласці» (словы В. Жырмунскага пра А. Блока), верш сам сабою, як бы па ўласнай волі, разрываў гэтыя «межы», «выломваўся» на прастор... З іншае прычыны гаварыла Ахматава: «Я перакананая, што добрую паэму нельга напісаць, кіруючыся жанрам. Хутчэй насуперак яму...» Але тое ж можна сказаць і пра лірыку. Любы паэтычны твор з'яўляецца на свет разам з формай. Тут не бывае «пашывачнага цэху» (паўзункоў ды слюняўчыкаў) для нарыхтоўкі «апраткі» тым, хто народзіцца. Згубна, у прынцыпе, для самае паэзіі, калі «форму» ёй «выпрацоўвае» па адпаведным плане галава — «тэхнолаг» гэты слугуе іншым творчым патрэбам. Паэтычная форма нараджаецца ў сэрцы, натхнёным, апантаным пэўнай тэмай, настроем як сцверджанне іх існасці, неабходнасці існавання ў гэтым, рэальным:, свеце, — і ў гэтым, менавіта ў гэтым, выяўленні. Нездарма ж Ахматава (зноў паклічам у эксперты Ганну Андрэеўну) заўважыла пра паэта В-га, які ў 1960-я гады бурна і імкліва «набіраў ачкі» папулярнасці (у тым ліку, дададзім, і фармальнымі не столькі адкрыццямі, колькі паўтарэннямі «навацыйнага» вопыту паэтычных плыняў пачатку XX ст.): «Я кажу з усёй адказнасцю, ніводнае слова сваіх вершаў ён не прапусціў праз сэрца...»
І калі мы гаворым пра паэзію Алеся Пісьмянкова, то трэба мець на ўвазе, што «велічыня» верша ягонага, якая «вымяраецца» радкамі і строфамі, якраз і дыктуецца тэмай, і, адпаведна, эмацыянальным настроем, той энергіяй, якая назапашана гэтай тэмай, і той «крытычнай масай», што прыводзіць да «выбуху». І каб творчая схільнасць паэта да «лаканізму» не сталася «ярлыком», зазначым, што колькасная статыстыка ў паэзіі фактар далёка не вызначальны. Вершы Пісьмянкова не «кароткія» і не «доўгія» — яны вывераныя мастацкай суразмернасцю, неабходнасцю гармоніі, адзінствам формы і зместу. Марны занятак падводзіць іх «пад ровень» цеслі ці муляра: яны не па-рамесніцку складзеныя, а натхнёна моўленыя адным дыханнем, як, напрыклад, верш «Лодка»:
Ланцуг паіржавеў
На ветраным плёсе.
На беразе правым
Самотна без вёсел.
Журботна да плачу
Адной у залеве:
Ёй мроіцца ўдача
На беразе левым.
Верш датаваны 1986 годам. А зусім нядаўна — на юбілейнай выставе мастака Аляксея Марачкіна — я сустрэўся з невялікай жывапіснай працай — таксама «Лодкай» (2000) — і падзівіўся: якое ў іх — не падабенства, а сугучча ў паэтычным ладзе, настроі, падтэксце, нарэшце... «Лодка» (і адна, і другая) — не бяздушная. Тут чуецца дыханне, тут жыве чалавечае хваляванне, — жыве душа...
Прыстань
і замры на імгненне,
Калі ты душой не аглух:
Скалелы алешнік,
Як статак аленяў.
Прылёг на заснежаны луг.
Прыселі
Азяблыя птушкі
На крохкі сярэбраны рог —
Звычайны пейзаж беларускі
Ля самых звычайных дарог...
Верш Алеся Пісьмянкова — як і ў гэтым «Малюнку» — графічна-выразны, ці то ў чорна-белых, ці то ў акварэльных танах. Ды — «зіма» гэта будзе, ці «лета», «перадзім'е», ці «вясна» — не адно толькі пейзажныя моманты фіксуюцца ў слове, але і трапяткія душэўныя зрухі, не толькі «нацюрмортавыя» паставы, але — і найперш — пачуццё, настрой, пакліканы судакрананнем з прыродай жывой чалавечай душы:
Читать дальше