І ці не голас наканавання, бо, як мішэнь — кругамі — упрыгожанне, што аздабляе маску, — між вачэй, над пераноссем... Такія ж у яе дзве «мішэні»-завушніцы і яшчэ адна — на барадзе... А разам усе яны, калі глядзець на маску, утвараюць сваеасаблівы крыж... І з-за яго ці на фоне яго — Пушкін... Такое містычнае падабенства...
Чорны крыж Пушкіна?..
РЫТМЫ І МЕРНЫ АРШЫН
У паэтычным томе Яраслава Смелякова «Работа и любовь», томе выбранага, які пэўным чынам падсумоўвае вынікі творчай працы паэта на парозе яго пяцідзесяцігоддзя, вершы скампанаваны па часавых раздзелах: «Шестидесятые годы», «Пятидесятые годы», «Сороковые годы», «Тридцатые годы»...
Дык вось: з 66 «шасцідзесятнікаў — пяцідзесятнікаў» ледзь не палова — 27 — «закальцаваныя» ў адзін памер, той, што знаёмы ўсім па першым жа чатырохрадкоўі пушкінскага «Яўгенія Анегіна»:
Мой дядя самых честных правил,
Когда не в шутку занемог,
Он уважать себя заставил,
И лучше выдумать не мог...
59 вершаў двух «ранейшых» (па напісанні, а не паводле кампазіцыі кнігі) раздзелаў «дапусцілі» ў сваю сябрыну ўсяго толькі адзіны такі экзэмпляр...
Нічога не маючы супраць «анегінскага ямба» і не адмаўляючы прысутнасці ў першых двух раздзелах вершаў дастойных, заўважым, аднак, што лепшыя са створаных паэтам трэба шукаць у рубрыцы «саракавых — трыццатых»...
А прычына? У кім? Ці ў чым?..
Творчае збядненне, знямога вялі да аднастайнасці рытмаў?
Ці аднастайнасць рытмаў жыцця (а як вынік — і рытмаў паэтычных), эпоха застою штурхалі да творчага збяднення?..
Пэўна, і першае, і другое разам: уздзеянне было ўзаемнае, «працавалі» ў суладдзі, зладжана і згладжана...
А тыя, лепшыя — інтанацыйна багатыя, непаўторныя — узвышаюцца выносісты, гонка. Назавём іх — як герояў — паіменна, вось яны: «Хорошая девочка Лида», «Если я заболею...», «Милые красавицы России», «Аленушка», «Любка»...
«БУДАН» І «КАВАЛАЧАК ХЛЕБА»...
Калі ў паэтаў заводзіліся грошы, а разам з тым, натуральна, з'яўлялася пляшка, Анатоль Астрэйка гаварыў: «Хлопцы, пайшлі да мяне ў будан... — так па партызанскай звычцы называў ён кватэру... — у мяне мора закусі...»
Адкрывалі халадзільнік — і там, зазвычай, ляжала цыбуліна і луста хлеба — перахалоджаная і высмяглая...
Гэта вясёлая завядзёнка мела працяг і на Лысагорскім лецішчы: сваю, заўжды гасцінна адчыненую хату, паэт і тут называў буданом...
І раней, і цяпер, калі праходжу міма «будана», што не адзін год ужо маркоціцца, жыве самотна — без гаспадара, згадваю і тую лусту з цыбулінай, і шчымліва-сумныя радкі з кароценькага верша Анатоля Астрэйкі, які чыталі мы ў студэнцкія часы (здаецца, у часопісе «Беларусь»), пра сціплае жаданне паэта мець «чэсны кавалачак хлеба, трошачкі ласкі твае...» — радкі, з якімі мы — ну ніяк! — не маглі пагадзіцца: хіба ж гэтак можна «здрабняцца» ў эпоху гіганцкага размаху, шукаць «ціхі» куточак на магістралях сусветна-рэвалюцыйнага наступу (Куба, Афрыка, Паўднёвая Амерыка, Блізкі і Далёкі Усход!..)
«Змяні свой вузенькі настрой на шырыню людскіх настрояў...» — аргументавалі мы радкамі яшчэ аднаго паэта...
Не ведалі мы тады ні пра «мора закусі» — той «кавалачак хлеба», бо — маладзёвы: «звесткі» да нас яшчэ не даходзілі... Не ведалі і яшчэ аднаго — самага галоўнага: верш той быў у свой час падвергнуты астракізму, вярнуўся з-пад забароны ў гады «хрушчоўскай адлігі» і трапіў У друк.
Пра гэта даведаўся я праз паўстагоддзя — у 2005-м. А прысуд вершу быў аб'яўлены ў «Текстовой сводке» Галоўліта за 1944-1945 і І кв. 1946 г.: «Полностью снять «Шчасце». Автор Астрейко. Журнал «Беларусь» № 7-8» ...І тут жа «тлумачэнне», падпісанае начальніцай Галоўліта Фаінай Дадзіёмавай: «Уже немолодой поэт А. Астрейко, в своем «Шчасце» видит счастье не в труде и творчестве, а исключительно в «чэсны кавалачак хлеба, трошачкі ласкі твае» («стыль» арыгінала)...
і яшчэ адно «праз паўстагоддзя»: у новай, выдатнай, кніжцы паэзіі «Паміж зоркай і свечкай» адзін з удзельнікаў тых нашых інтэрнацкіх дыспутаў Генадзь Бураўкін піша:
Дрэмлецца мірна на лаўцы рудому катку.
З-пад рушнікоў абразы узіраюцца строга.
Хата падмецена.
Венік прыткнуўся ў кутку.
Цёпла і ўтульна.
Нібыта за пазухай Бога...
Паміж зоркай і свечкай... Там, дзе стала прапісана, творча жыве душа паэта. Там, дзе матчына хата...
«Ідыліяй» назваў гэты верш Генадзь Бураўкін. Здаецца, у згодзе з той, даўняй, паэтычнай «ідыліяй» Анатоля Астрэйкі...
Читать дальше