Спявайце, помнячы нязменна:
Пакуль паэты будуць пець —
Не быць Радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў — не анямець!
Можна без перабольшання сказаць: з песняю Ніла Гілевіча прыйшла да многіх з нас Балгарыя. Класічная і сучасная паэзія братняга народа, проза, кнігі для дзяцей, творчыя партрэты, эсэ — ды гэта, бадай, пад сілу толькі цэламу саюзу перакладчыкаў! Ніл Гілевіч пайшоў па цаліку, узяўшыся за гэту сапраўды падзвіжніцкую працу адзін. А сёння ў яго ўжо добры дзесятак паслядоўнікаў, паплечнікаў — і перш за ўсё дзякуючы яго намаганням, руплівасці і дапамозе. Затое якой узаемнай любоўю плацяць балгарскія сябры свайму паўнамоцнаму прадстаўніку ў Беларусі Нілу Гілевічу! Я пераканаўся ў гэтым падчас сумеснай паездкі па Балгарыі. Я ведаў аб заслугах Ніла Гілевіча перад балгарскай літаратурай (дарэчы, як і перад многімі іншымі славянскімі літаратурамі), ведаў, што адзначаны яны ордэнам Кірылы і Мяфодзія І ступені, але ўсё адкрывалася, усё паўставала па-новаму, калі гучала ў гонар паэта песня ці ўтварала круг сяброўскае харо, калі чыталіся вершы, між іх — вось гэты:
Брат мой!
Кроў Ленскага ў жылах пульсуе тваіх.
Кроў Каліноўскага ў сэрцы стукоча маім.
Каты свабоды павесілі іх
абаіх.
Дзеці свабоды ім славу пяюць
абаім.
Перачытваць кнігі паэта... Не творы ў глянцавых тамах выбранага, а менавіта кнігі: вяртацца да тых сціплых выданняў, што прыйшлі да вас упершыню. Вось яны — знаёмыя абліччы: «Песня ў дарогу», «Неспакой», «Бальшак», а вось маладзейшыя ці нават зусім маладыя (ды заслужаныя, высока адзначаныя) — «Актавы», «А дзе ж тая крынічанка», «У добрай згодзе»... Адгорнеш вокладку — і дыхне радасцю першай сустрэчы. Але ці толькі? Прадубліраваць былое — ці не замала ды і ці трэба?.. Радасць павінна быць новай. І калі яна прыходзіць — значыць, паэзія сапраўдная. Як у радках задуменнай, элегічна-вечаровай актавы:
Як сумна-тужліва зязюля кукуе ў бары,
На познім змярканні, насупраць мядункавай ночы!
Адкуль гэта жальба — у розгар маёвай пары?
Адкуль гэты смутак — такі непрытворна сірочы?
Вячэрайце ў хаце, а я пастаю на двары.
Па мне не турбуйцеся — піце, гуляйце шчасліва.
Павінен жа нехта паслухаць, як сумна-тужліва
Зязюля кукуе на познім змярканні ў бары.
Дык вось, аказваецца, якім яшчэ можа быць паэт, якія гукі выспяваюць, якія струны гучаць у яго сэрцы. А мы ж неяк амаль звыкаемся: Ніл Гілевіч — тэмперамент адкрытага наступу, сатырычна-аперацыйнага ўмяшання ў рэчаіснасць... Яно ўсё так — ды не толькі. Жыццё шырэй і глыбей схем.
Ніл Гілевіч — талент шматгранны. Ды ў кожным разе ён — паэт змагарны. «Адкуль гэты смутак»? А ён ад жыцця. А ён... Ды што казаць, можа, ён і ад гэтага:
Выміраюць плямёны:
Туземцы Сібіры, індзейцы,
Жыхары Акіяніі,
Абарыгены Аляскі...
«Проста — самі сабой,
Бо ад шлюбу не родзяцца дзеці», —
Не саромяцца баяць паны
«Навуковыя» казкі.
Выміраюць плямёны —
Знікаюць навек, назаўсёды,
Вызваляючы свет
І ад мовы сваёй, і ад песні.
Выміраюць накшталт
Рыбаў, птушак, раслін, насякомых,
Што ў чырвоную кнігу жыцця
У пару не занеслі...
Якія горкія асацыяцыі, якія паралелі напрошваюцца...Мова народа — лёс народа. У гістарычным разуменні гэтага — ці не галоўны жыццёвы і паэтычны клопат Ніла Гілевіча. Сёння і заўсёды.
Сёння і заўсёды — гэта я сведчу зноў радкамі-прысвячэннем:
І СКАЗАНА...
Нілу Гілевічу — колькі разваг над Бібліяй
І сказана: «Было спачатку Слова».
Ды перайначыў д'ябал адмыслова —
Каб чалавек знямеў і каб аглух:
«Дай каўбасы, а потым будзе дух...»
Ды сказана: аблудны знойдзе глебу,
Калі душой узвысіцца да неба.
Народзе мой, няма тваёй віны,
Што ты сабе не ведаеш цаны,
Што ад сябе гатовы адрачыся, —
І ўжо вяшчуе смерць тваю нячысцік...
Ды сказана: стрывай перад навалай, —
Хоць званых многа, ды абраных мала.
Але яны — адданыя сыны —
Паўстануць супраць рабства і маны.
І, як паходню, велічнае Слова
Узнімуць, каб народ ажыў нанова.
І каб на рабства ён: сваё забыўся,
І каб з крыніцы светлае напіўся, —
Нялёгкі шлях: па ім аж сорак год
Цераз пустыню вёў Майсей народ.
Занадта многа, скажаш? Ну і што! —
Як мала сорак — можа, хопіць сто?..
1981... 1991... 2001
МАТЫЛЁК
Помню, з якім захапленнем расказваў Мікола Лупсякоў, як падгледзеў ён вобраз: матылькі — лятаючыя кветкі. Нават не расказваў, а пэўным чынам (з выбачальнай усмешкай) хваліў сам сябе (не-не, зусім не тое, што хваліўся!..), хоць ніколі раней, гаворачы са мною, гэтага не рабіў, ды, відаць, і рабіць гэтага не ўмеў.
Читать дальше