А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога,
Галавой на пагорак,
На высокі курган.
А стамлёныя рукі
Вольна ўшыркі раскіну,
А нагамі ў даліну —
Хай накрые туман...
Радзіма... Кожны пагорак і кожная лагчына, кожны лісток і кожная пясчынка — ад нараджэння твайго праз усё жыццё — гэта і ёсць ты, калі дадзена табе быць яе сынам, тым больш — паэтам. Хто выбірае цябе? Ніхто не адкажа. Як не адкажаш і ты сам... Але — ёсць яно, трыадзінства...
Хто бываў на радзіме Ніла Гілевіча, на Лагойшчыне, той не можа не пагадзіцца: сапраўды — тут «беларуская Швейцарыя». Няхай не прагучыць гэта банальна з-за неаднаразовых паўтарэнняў. Яно сапраўды так: тут і горы — няхай сабе і не па-алытійску выносістыя, а ўсяго толькі пясчана-жвірыстыя, прынесеныя і перамолатыя з гранітных скалаў скандынаўскімі ледавікамі; тут, натуральна, і даліны — з вірлівымі стужкамі крынічных рэчак, з блакітнымі азярынамі. І дарогі такія ж: то ўзносяцца да неба, то вяртаюцца на зямлю...
Хто калі-небудзь ехаў ці ішоў з Нілам Гілевічам па адной з іх, што вядзе з роднай ягонай Слабады да Лагойска (успомнім старажытнае — Лагожаск, у тон нашай ландшафтнай панараме), таму паэт абавязкова — з папярэдняй вясёлай інтрыгай — не мог не паказаць між бярозавых прысадаў прыдарожнае дрэва, дзе ён упершыню пабачыў свет, загукаў на ўвесь шырокі прастор гэтых пакатых узгор'яў і зялёных далін... Такая доля ў вясковай жанчыны: насіць пад сэрцам дзіця і да апошняга несці пільныя гаспадарчыя клопаты і ў хаце, і ля хаты, і ў полі... Не давезлі маці да лагойскіх акушэрак. І нарадзіўся Ніл Гілевіч зусім па-ясенінску: «Охнула кормилица, тут и породила... Родился я с песнями в травном одеяле...»
А во цяпер няцяжка ўжо і мець здагадку, адкуль гэтая крэўнасць бяроз...
Вы шуміце, шуміце
Нада мною, бярозы,
Асыпайце, мілуйце
Ціхай ласкай зямлю.
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога:
Я здарожыўся трохі.
Я хвіліну пасплю...
Гэта і ёсць — радзіма, зямля, дзе ты нарадзіўся. Зямля, што з матчыным бласлаўленнем сабрала цябе ў дарогу. Зямля, куды будзеш ты вяртацца і вяртацца, бо тут, кажучы словамі Сяргея Законнікава, жыве твая бяроза — душа і песня: тваёй радзімы, твайго народа. Твая душа...
І дарога тая, твая дарога, — не толькі шлях у прасторы, гэта і шлях у часе. «Калышыце, люляйце свой напеў векавы...» А «напеў векавы» — гэта і «Ой бярозы ды сосны, партызанскія сёстры...» (Адам Русак); і «А што як зямлю нашу выпусцяць з рук сасна і бяроза?..» (Аркадзь Куляшоў)... І выяўляецца, што калыханка гэтая — хутчэй не дзеля сну, а дзеля абуджэння. І не проста стаміўся чалавек, а здарожыўся, — значыць, быў у нялёгкай дарозе («А хто там ідзе?..» — Янка Купала; «Вы за кім у пагоню спяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць і куды?.. — Максім Багдановіч) i прыпаў да роднай зямлі, каб (успомнім Антэя!) набрацца моцы, абнавіць сілы. І таму гэты — як і ў эпасе старажытнай Грэцыі, як і ў волатаўскіх славянскіх былінах, — неўтаймоўны размах: ад высокага кургана ва ўзгалоўі да шырокай даліны ў нагах... Угрунтаванасць паэтычнага малюнка карэнішча ў вобразах народных легенд і паданняў, у свеце якіх Ніл Гілевіч — чалавек свой і глыбока дасведчаны... (Зважаючы на гэта, не стаў бы дакучаць маім стыхійна-дзіцячым «маўленнем»: «Калыхайце, люляйце» замест «калышыце, люляйце...», але ж... так адольвае гэтае гайданне з «Й»... Можа, мне здаецца: яно прысутнічае ў песенным выкананні?.. А зрэшты, твор, што набліжаецца да фальклорнага альбо наогул мае тэндэнцыю калі-небудзь зрабіцца ім, надзелены і яшчэ адной адзнакай: непазбежнасцю ўздзеяння асяродку, у якім ён прыняты як свой...)
Бачым цяпер: стаўленне, а дакладней пачуццё да бяроз у паэта не адно толькі сімвалічнае, але і прасвечана, сагрэта адчуваннем сардэчнай сыноўняй далучанасці. Па духоўнасці сваёй - гэта зямное рэха нашай зорнай беларускай душы, нашай беларускай песні, адзін з узораў якой, прыгадаем для прыкладу, пададзены ў томе «Песні народных свят і абрадаў», укладзены і адрэдагаваны Нілам Гілевічам:
Бяроза з лістом, бяроза з лістом
Усю восень шумела:
«Лісточак жа мой, зялёненькі мой,
Ты ж мяне пакідаеш»... —
Нябось, бяроза, нябось, белая,
Я цябе не пакіну.
Увосень ападу, вясной нарасту
І з табою буду!..
Гэтак і песеннасць верша Ніла Гілевіча — у яго арганічнай народнасці, дзе слова і музыка існуюць у адзінстве сваім генетычна. Перамычныя моманты тэзіса-крэда паэта прайсці «эстэтычную і этычную школу вуснапаэтычнай творчасці» яскрава гучаць і праяўляюцца ў вершы «Вы шуміце, бярозы...»
Читать дальше