Што ёсць паэзія? — адвечнае пытанне без вычарпальнага адказу. Кожны шукае яго сам. А ці павінен знайсці, і ці трэба знаходзіць — яшчэ адно, і не менш складанае, як маўчанне сфінкса, пытанне. «Ведаючы» загадзя, што ёсць паэзія — ці варта брацца за пяро? Ці варта — калі ўраўненне вырашана, адказ ясны, тайны няма? («Каб жа я знаў, што такое паэзія, гэтыя б вершы не напісаў», — іранічна сказаў аднойчы Пімен Панчанка.) Гэта што тычыцца самага творцы, паэта. А як — з чытачом? А тут сувязь не адносная, а наўпростая: не будзе таямніцы паэтычнай — не будзе і чытацкай, не будзе творчага суперажывання, узаемнага пошуку ісціны — будзе механічнае паўтарэнне слоў...
І тут, бадай, зноўку час звярнуцца да сілы «містычнай», але зусім рэальнай — душы паэта. Сіла захаплення ці сіла абурэння здатныя ператварыць у паэзію любы матэрыял. Галоўны чыннік і крытэрый пэўнасці панчанкаўскай паэзіі — адкрытая непадробнасць перажывання. Не знешняе вершааздабленне, не слоўнае канфеці, не параднае дэфліраванне радкоў, а існасць пачуцця. І публіцыстычнасць — гэта асобы шлях да мастацкасці, спосаб стварэння паэтычнага вобраза. Сам паэт прызнаецца, што яго не спакушае сузіральная лірыка, якую іншы раз выдаюць за філасофскую. І тут жа нельга не заўважыць, што апорная дамінанта ў паэзіі Пімена Панчанкі — сэрца. Сэрца паэта. Дык вось: сапраўдная паэзія, напэўна, тым і адрозніваецца ад трафарэтнага «сачыніцельства», што яна нясе ісціну, засведчаную сэрцам паэта. І ці не таму яна не падуладная пераменам кан'юнктуры — яна абнаўляецца з абнаўленнем жыцця, як трава вясною: зноў і зноў зелянее, выходзіць з-пад снегу; рыфмаробныя практыкаванні «з выпадку» так і не могуць адарвацца ад гэтага выпадку, намёртва звязаныя з ім: народжаныя «па выпадку», яны так і застаюцца выпадковымі ў гэтым жыцці — не маюць і не могуць мець перспектывы ў часе...
Тэмперамент вершаў Пімена Панчанкі сапраўды байцоўскі, у іх той жа агонь паэтычнай аператыўнасці, загартаванай яшчэ там — у акопных буднях франтавога газетчыка. Пімен Панчанка ніколі не кідаўся сам і не вёў чытача ў атаку на рубяжы і траншэі, дзе ўжо няма праціўніка — той пакінуў іх учора ці сёння на світанні... Паэт ведае праціўніка ў твар. І праціўнік ведае яго — непрымірымага, непахіснага...
Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне...
Гэта 1943 год. Верш Пімена Панчанкі «Герой». Ён па праву стаў у шэраг такіх анталагічных вершаў аб вайне, як «Я знаю, никакой моей вины...» Аляксандра Твардоўскага ці «Его зарыли в шар земной...» Сяргея Арлова.
А гэта — Пімен Панчанка нашых дзён:
Мала сказаць: ненавіджу,
Мала сказаць: прызнаю.
Біцца за праўду — і выжыць,
Быццам салдат у баю.
Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлуснёй не мірыцца,
З буйнай хлуснёй ваяваць...
Уся сапраўдная літаратура ўзрастала на гуманістычных каранях, яе «нясучымі», яе грунтам было змаганне за чысціню чалавечай душы, за сапраўды чалавечае месца чалавека ў гэтым свеце, поўным сіл і памкненняў антычалавечых, антыгуманных. У самых цямнотах чалавечай свядомасці і падсвядомасці Дастаеўскі імкнуўся знайсці светлы праменьчык надзеі. Яго шукаў, праз боль свайго сэрца, і паэт Пімен Панчанка.
Панчанкаў радок заўсёды з чалавечым характарам, ён таксама — «з тых беларусаў». Ён зямны, непасрэдны, непадробны, нязмушана-натуральны сваёй настроенасцю на суперажыванне, і ў гэтым яго паэтычная жыццядайнасць і жыццястойкасць.
І што вельмі важна — сказанае тычыцца не адно толькі рэалій прадметна-адчувальных, але і катэгорый духоўных, можна сказаць, абстрактных, прынамсі далёкіх ад той канкрэтнасці, якую мы можам успрыняць непасрэдна, фізічна. Гэтыя дзве стыхіі ў паэзіі Пімена Панчанкі жывуць у неразрыўным адзінстве, яны — плоць і душа. Узвышэнне, далучэнне кожнага да вышыняў чалавечага духу — у гэтым сэнс і боскі знак сапраўднага мастацтва, сапраўднай паэзіі. Далучэнне гучыць у Пімена Панчанкі як ачышчэнне. Паэт бярэ на душу нялёгкую ношу віны, ён у адказе і за сябе, і за людзей.
Сплаў вечнасці і чалавечнасці (карыстаемся зноў жа радкамі Пімена Панчанкі, што зрабіліся ўжо крылатымі: «без чалавечнасці не будзе і вечнасці») вядзе нас праз тры часткі верша «Здзіўленне» па гэтым бясконцым (бо невычэрпным, як жыццё) коле пытанняў: прырода — чалавек — грамадства: «Старых загадак — міліёны, і свежаствораных — не менш»... І нікому іншаму — толькі самому чалавеку дадзена наканаванне шукаць адказы на іх. А паміж іншых перш-наперш на гэта: «Няўжо усё, што бралі кроўю, згарыць у атамным катле?..» І кола пытанняў — няхай самых адвечных, самых мудрых — разрываецца, каб ударыць крыкам у чалавечае сэрца: «Пакуль трывожна, ды не позна — ратуйце, людзі, неба, космас... Ратуйце, людзі, ўсё жывое, ратуйце ўласную душу...»
Читать дальше