Калі аздоблена штукуюць
Свае духоўныя дары,
Што тут жа самі і смакуюць —
Крутых тамоў гаспадары;
Калі эротыкі і сексу
Паток за песню выдаюць,
Без кантрыбуцый і анексій
Спакусна слова прадаюць
І ўсё святое адмятаюць,
Што сказана да іх было,
Старонкі грэбліва гартаюць,
Дзе рэха дзён не адгуло;
Калі, прыцэньваюцца вечнасць,
Шалёна звонячы ў тазы,
З літаратурнага падпечча
На покуць цягнуць «абразы»... —
Я цень Купалаўскі не ў стане
Паклікаць... — але ж ёсць урок!..
Калі ж паўстане ў гэткім стане
«З народа нашага Прарок»?..
Заманна «таньчыць» на магілах —
Ды ўсё вяртаецца ў свой час,
І скокі праўнукаў бяскрылых
Над вамі ўчыняцца — для вас...
Беларусь і Купала — гэта еднасць, асвечаная эпохамі. Беларусь чакала яго — і ён прыйшоў. Яны дадзеныя адно аднаму Богам. Як без Купалы не было б Беларусі, прынамсі той, якую мы ведаем, якою жывём, якую носім у сэрцы, так і Купалы не было б без Беларусі...
І таму да кожнага, хто нарадзіўся, прыйшоў у гэты свет беларусам, прыходзіць адразу ж і Янка Купала — як гэтая зямля, як неба над ёю. Прыходзіць матчыным словам — праз калыханку, праз пацешку-забаўлянку... А потым — са школьнага падручніка — пачынае прамаўляць і сам Купала. Але ты ўжо яго ведаеш — ты ўжо чуў тое слова...
Са мною Купала загаварыў «Хлопчыкам і лётчыкам». «Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я пабыць у людзях, паглядзець, як месяц на небе начуе, як блукае ў лесе мядзведзь...» — помніцца, чыталі старэйшыя сёстры Зіна і Каця, а я слухаў і ніяк не мог пагадзіцца: гэта ж яны, дзяўчаты, за сваё выдаюць, прысвойваюць маё, хлапечае, — гэта ж пра мяне гаворка: хлопчык жа!..
Потым кніжка з Купалавым словам хадзіла са мною Узнацкім шляхам, у палатнянай торбачцы: чатыры кіламетры да школы-сямігодкі, чатыры — адтуль, дадому... штодня...
Тут ужо быў «Курган»: «Паміж пустак, балот беларускай зямлі...» — праз такое якраз балота — грэбляю — ляжаў наш Узнацкі шлях да школы; «...на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай...» — была і яна, ціхая ў зімовым падлёдным сне, але і шумнацечная ў веснавую паводку: сама разлівалася ды і ўсяму балоту з балацявінамі спрыяла ў мора ператварыцца... Тады і да школы дабрацца нельга было — канікулы вясновыя аб'яўляліся...
Не ўзвышаўся, праўда, тут, побліз, курган, але затое ляжаў ля дарогі Вялікі Камень, у якім таксама драмала не адна «памятка дзён, што ў нябыт уцяклі...» — мясцовыя легенды і вясёлыя показкі...
Не было тады і яшчэ аднаго — у мяне нават і здагадкі, — што між «памятак дзён» хаваецца ад нас, вясковых шкаляроў, можа, самае галоўнае з Купалавай Кнігі: яго змагарная — за Беларусь, за беларушчыну, за нацыянальную годнасць беларуса — паэзія і геніяльная п'еса «Тутэйшыя»...
З томікам Янкі Купалы быў у добрым сяброўстве і мой фанерна-дашчаны студэнцкі чамадан (пра што заўважана і ў адным з вершаў тае пары). Але да томіка таго далучаліся цяпер і згаданыя — са спецсховішчаў — творы: і вершы, і забароненыя «Тутэйшыя»... Купала паўставаў у новай велічы... Болем і заклікам ускалыхвалі сэрца ягоныя радкі:
Сярод раз'юшаных сатрапаў,
Паганы зладзіўшы хаўрус.
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларус...
Я не магу сказаць, як гэта звычайна гаворыцца ў творчых стасунках: «Купала — мой настаўнік». Ён проста мая ява. Ён са мною, хоць і не нагадвае пра гэта. Не стаіць па-настаўніцку за плячом. Але прыходзіць у верш, у радок, у думку, каб нешта падказаць, нараіць, падмацаваць... Гэта, можа, так, як прыходзіць песня: недзе тоіцца, жыве ў нейкім куточку душы, — а раптам возьме і заспяваецца...
Без кансерваторыі і філармоніі —
З Янкам Купалам, а то й самапасам, —
Рашаю праблему вечнай гармоніі
Ў сусвеце і ў сэрцы ўласным.
Без інтэгралаў і радыкалаў —
Толькі на слова разлічваю, —
Дабра і зла летуценна шукаю
Формулу матэматычную.
Хачу хоць раз людзей ашчаслівіць,
Каб не блукалі бязмэтна,
Каб не бадзяліся мітусліва,
А крочылі шляхам светлым.
Б'юся, як рыба аб лёд у задуху, —
Начамі не сплю і днямі гарбею,
А праблема маўчыць зацята і глуха,
За сямю замкамі гібее.
На плошчах людское не весніцца свята.
Што займелі, нарэшце, ключы ад раю.
І шчаслівых няма, і няма вінаватых, —
І — каго ж яшчэ? — сам сябе дакараю...
І застаецца тэмай някратанай
Для дысертацый і тытулаў звонкіх —
Вам, песняры, і вам, матэматыкі,
Праблема Зуёнка...
Читать дальше