Тут насустрач падсунуўся і я, падняў угору руку, трошкі збочыў са сцежкі і прывітаў: «А-ва-ва!..»
Што тут было, што пачалося! Зразумеў мяне малы, бо на адной мове — і «А-ва-ва» загучала на ўсе лады і адценні.
«А-ва-ва!» — іду, ступаю па зямлі.
«А-ва-ва!» - гляджу ў неба, дзе лёгкай хмаркай віра-
жугоць ластаўкі: збіраюцца ў вырай.
«А-ва-ва...» — нічога пра гэта не знае малы, не здагадваецца, што наступае восень... Ды і што яму да восені, калі ў яго наперадзе столькі вёсен і лётаў. Ён проста радуецца — і ідзе.
А-ва-ва!..
НЕПАЎТОРНАСЦЬ
Мастацтва было свабоднае да таго часу, пакуль яно гаварыла воляю — голасам, прароцтвам, іменем — багоў (час першабытны, першародны, час антычнага росквіту). Потым яго «прыручылі», навучылі абслугоўваць. І яно само пачало старанна вучыцца гэтаму — вынаходзіць, «спасцігаць» сакрэты майстэрства, шляхі «акупацыі» душы...
Дэкларацыйным апагеем на гэтым «фронце», пэўна, сталася ленінская «Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура» — звод рэкамендацый, як служыць... У тым лакейскім, нявольніцкім фрэнчы мы пахаджаем і сёння, хто б і як бы не крычаў у свеце аб сваёй незалежнасці — чалавечай і мастацкай...
І ўсё ж: геній чалавецтва (у яго сутнасным праяўленні: ствараць, не падмяняючы Бога, а каб наблізіцца да Яго, узвысіцца духам яшчэ тут, на зямлі, зліцца з Яго веліччу, творча ўзнаўляць мастацкую мадэль свету) ніхто і нішто не можа ні скарыць, ні спыніць. Такая Боская воля: быць у вечным руху, у развіцці, у празе дасканаласці чалавечай, прасвятляючы душу існасцю Яго...
Мастацтва, калі яно сапраўднае, калі яно не рамесніцтва (паводле згаданых рэкамендацый), што выдае сябе за мастацтва, не можа быць не новым, як не можа быць не новым кожны чалавек, творца гэтага мастацтва. Гэта яго душа, яго свет, а ён — непаўторны, адзінкавы ў Боскім выяўленні...
І ў гэтай непаўторнасці — свабода.
З ЯНКАМ КУПАЛАМ
Як ёсць паветра, чалавек і не заўважае, што яно ёсць, што ён дыхае ім, жыве...
Так і паэзія. Для мяне, у прыватнасці, паэзія Янкі Купалы. Нават уявіць не магу нашу зямлю, нашу Беларусь без Купалавага слова. Усё было б не так і не тое: і поле, і. луг, і лес, і сонца, і неба (то з аблачынкамі, то з грымотнымі перунамі)... — за ўсімі ж за імі (ці над імі) выступае постаць Паэта. Скажаш «поле» — і адгукаецца:
Не шукай ты шчасця, долі
На чужым, далёкім полі...
Уцякалі з вёскі маладыя:
Хлопцы — і дзяўчаты наўздагон...
Горад быў на ўздыме, калі ў дыме
Усім салодкі абяцаў палон...
А цяпер і ён дыхнуў прагоркла,
Стаў айчымам горад для дзяцей.
На «развал сістэмы» адгаворка
Ў горада, — ну што ж, куды прасцей...
Дзе там — у сенаце ці ў палаце —
Правяць «вертыкальныя мужы»:
Праца ёсць — ды па-жабрацку плацяць,
Жонка? — ёсць, ды толькі недзе жыць...
І старэе вёска і радзее.
Ды й асфальт падобны на іржу:
Раз'ядае моладзь безнадзейна —
З горада ўцякаюць за мяжу.
Дужыя, прыгожыя, у цвеце,
Рукі ёсць і клёк у галаве, —
Што ж ты рассыпаеш іх па свеце,
Беларусь, як росы па траве —
На чужых, няхай і ўкосных, пожнях,
Дзе ўжо дыяменты не збярэш...
Будучыню ўласную бязбожна
На чужы спажытак аддаеш...
Заблукаўся ў бродах лёс народа...
Дзе шукаць зламыснікаў сляды? —
Скажуць — запытайцеся — нягоды,
Што з радзімы гоняць маладых...
Гэта — з Купалавай думаю пра наша, сучаснае, поле, нашу апору і надзею...
А зірнеш на неба — і зноў загамоніць з табою Купала: «Лёг на небе шлях млечны, шлях злепленых зорак...» — незабыўнае са школьнай чытанкі — і ўскалыхваецца тваё, уласнае:
Калі Усявышнім ценем
Схіляюцца зоры на плечы мне,
Калі перапёлак вячэрніх
Успыхвае поле свечкамі, —
Хто ў свеце такі дасведчаны,
Які мне адкажа геній:
Колькі хвілін у вечнасці
І колькі ў мяне імгненняў?..
А чалавек: араты, сейбіт, касец... — душа ягоная, то пяшчотная, то бунтарная... Купала адкрыў гэты свет беларуса, каб паказаць яго ўсяму людскому свету.
І не толькі ў ружовых фарбах бачыцца паэту натура чалавечая. З бязлітаснай горыччу ён гаворыць праўду ў вочы, што адгукаецца і сёння, праз стагоддзе, — азірніцеся: «Куды ні глянеш — людзі, людзі, куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы, куды ні глянеш — б'юцца ў грудзі, што значыць: правільныя вельмі...»
Калі пачую, як хаўрусам
З далярам спараны выжляк
Вучыць пражэцца беларуса,
Да хрыпу тужачы гарляк;
Читать дальше