Дык ці не па італьянскім узоры назваў калісьці свой маёнтачак пад Мінскам — Цівалі — нейкі панок? Такое часта бывала: Фаніпаль, Антопаль і інш.
А як жа «Ціва»? Што з прозвішчам рабіць? А яно, хутчэй за ўсё, мае зусім іншыя карані, — падказвае Уладзімір Даль: «тйво» — скарочанае вымаўленне (часцей у прыказках) слова «тетива»...
(Між іншым, у таго ж Мерымэ, у апавяданні «Локіс», — цікавая для нашай беларускай гісторыі дэталь: «Во многих знатных литовских семьях вы можете увидеть великолепное серебро... но там не найдется... хорошего пуховика для усталого гостя. Будь он богач или бедняк, дворянин или крестьянин, славянин отлично может уснуть и на голых досках...» Проста і ясна: у Літве — хто славянін? — беларус, — ён жа — літовец, ліцвін...)
Але вернемся да Ціваляў...
Сяргей Дубавец у адным з радыёсюжэтаў «Вострай Брамы» згадвае, пра што расказвала газета «Наша Ніва» (цяперашняя). Якраз пра тое, пра што і мы гаварылі: «Цівалі. Такую назву мае каскад вадаспадаў вышынёю 160 мэтраў на рацэ Аньён, прытоку Тыбру ў Цэнтральнай Італіі. Менавіта там імпэратар Адрыян і патрыцый Мэцэнат, чыё імя стала назыўным, мелі свае вілы. Там быў разбіты парк з каскаднаю сыстэмай фантанаў. Вось адкуль Цівалі — ад вадаспада. Гэткую ж назву меў і маёнтачак пад Менскам, побач з Кальварыяй. Рамантычныя прыхільнасці ўладальніка і, пэўна, прыродныя асаблівасці паўплывалі на выбар назвы...»
Гэтак і дабраліся мы з аўтарам «Нашай нівы» — кожны сваёй сцяжынай — да Ціваляў...
Прынамсі гэта ўжо не просталінейнае «патранамічнае вызначэнне» згаданых навукоўцаў... (Зрэшты, «ідуць» яны падобным «даследчыцкім: курсам» і ў некаторых іншых выпадках. — Мікалай Васільевіч Бірыла дык часцей шчыра прызнаваўся (напрыклад, у кнізе «Беларуская антрапанімія»), ставячы над словам «зорачку» (*), што «значэнне не высветленае».)
Але ўсё ж... Усё ж: што яно азначае — коранем сваім — гэтае слова Цівалі?...
Пра трагедыю, учыненую воляю бальшавікоў, — паэма Сяргея Законнікава «Цівалі». Трэба спытацца ў яго...
Ды, зрэшты, не этымалогія, а мартыралогія кіравала тут думкамі і пачуццямі паэта:
Не самі ішлі,
Пад руляй вялі
Людзей да магілы,
Да рысы апошняй.
Не спалі, уздрыгвалі Цівалі —
Кляваў цішыню
Рэвальверны пошчак...
Слову Цівалі ў паэме Сяргея Законніка ва наканавана несці іншую, не характэрную для яго сэнсавую службу: стаць страшным сімвалам, выявай сталінскага генацыду...
Вось на такую сцяжыну прывялі нас Цівалі...
Але і адгэтуль будзем працягваць хаду...
Т між тым, здараецца, што знаходзіш пэўныя штрышкі зусім не шукаючы, а ўсяго, як на гэты раз, штосьці перачытваючы:
И там, где тускнеет восток
Чахоткою летнего Тиволи,
Валяется дохлый свисток,
В пыли агонической вывалян...
Адкуль яны, гэтыя «Тиволи», у вершы Пастарнак^ «Свистки милиционеров» (1917)?
Кніжны каментарый тлумачыць: «Тиволи» — летні рэстаран у Сакольніках.
Як да развязкі нашага пытання, дык зусім нягуста. Але ўсё ж — Цівалі... Яшчэ адна рыска.
Прывёў мяне ў Цівалі і верш рускага паэта XIX ст. Апалона Майкава. Вось як загучаў ён у мяне па-беларуску:
Божа! гляджу я на гэты ліловыя горы,
На памеранчавы захад і кволую просінь на ўсходзе,
Змрокам прыкрытыя вілы і гай у глыбокай даліне;
На гэты горад, што ўсцяж прыляпіўся да горнага схілу,
Белыя сцены, плюшчом апавітыя густа;
На кіпарысы і лаўры, на шумныя воды,
І на скале ў прасвятленні промняў вячэрніх —
Храм невялічкі Цыбслы, алтар і святыя выявы, —
І думаю сумна, што там, за гарамі, на поўнач,
Людзі жывуць і не знаюць ні гор у барвовасці зорнай,
Ні даляглядаў шырокіх, што вышыня адкрывае...
Сумна... Сціскаецца сэрца і думка...
Але сумней яшчэ думаць, што там у палях ты блукаеш,
Ці па лугах, ці пад цёмным лясным сутарэннем —
І анішто ў той убогай прыродзе не скажа
Думцы тваёй, як гавораць вось гэты руіны:
«Тут за кубкам фалерна калісьці ў сяброўскай бяседзе
Тулій мудра шукаў таямніцы законаў тварэння»;
І нашэптваюць ружы: «Вянчалі мы дзеў смуглалікіх,
Дзеў салодкагалосых, Мілета і Дэласа дочак,
Што цешылі лірай і танцам Лукула»;
А воды ляпечуць: «Пад наша журчанне, пад музыку нашу
Ямб і гекзаметр натхнёна настройваў Гарацый»;
З гротаў, як рэха стагоддзяў, даносіцца гул вадападаў:
«Вусны прыроды тут ажыўляла Сівіла,
А жрэц мнагадумны месячнай ноччу
Прароцтвы багіні агучваў натоўпу
Вось з гэтых паднебных прыступкаў храма Цыбелы...
А паміж тым у гарах новай веры паборцы, як цені,
Гурт збіралі таемны — і раб, і патрыцый;
І чуліся дзіўныя гукі нязвыклага спеву,
Быццам Везувія лава ўскіпала ў надзем'і, —
А потым прасветленых небам выходзілі раці
Ў свет на пакуты, са словам любві і пакоры...»
1844
Читать дальше