Сонейка каля елі,
Мы яшчэ нічога не елі.
Сонейка каля дубу,
Я палуднаваць буду.
Сонейка на заходзе,
Я ў двор на выходзе.
Сонейка за бярозку,
Я ў двор на дарожку.
Сонейка заходзіць,
Свой свайго знаходзіць,
А я свайго не знайду
Ні ў полі на сене,
Ні ў доме на пасцелі...
Поўны набор рыфмаў! Як на «выстаўцы»: «каля елі — не елі» — рыфма аманімічная; «дубу — буду» — поўны асананс разам з анаграмнай рыфмай; «заходзе — выхадзе» — аднакарэнная; «бярозку — дарожку» — сінтэтычная: асананс з дысанансам; «заходзіць — знаходзіць» — дакладная, або поўная рыфма; і... «А я свайго не знайду...» — не «знаходзіць» гэты радок сваёй «пары», як не знаходзіць свайго жаданага і чаканага жанчына: і радок (без сумежнай рыфмы), і яна застаюцца ў адзіноце, — а як бы хораша было разам — ці «ў полі на сене», ці «ў доме на пасцелі»... І горкае шкадаванне гэтае так выразна пазначана глыбінным, апошнім у песні, сугуччам: «на сене — на пасцелі»...
«Чаканне» рыфмы «па сэнсу», па тым, што «падказваецца» тэкстам, сутыкнуўшыся з чымсьці зусім не чаканым, не «лагічным», дапамагае ў паэзіі выкрасаць выдатныя вобразы. Прыгадаем Мікалая Забалоцкага:
И мясо, властью топора,
Лежит, как красная дыра...
Чакаеш рыфму «гара» — так, натуральна, сэнс вымагае: гара нарубленага мяса... — і раптам: «дыра»! — і як на гэтым «падманутым» чаканні выбухае вобраз!..
Вось якія дзівосы вытварае рыфма!.. Але — нагадаем, самае галоўнае — працаваць (і гучаць!) яна павінна ў поўнай згодзе са зместам — канкрэтным і толькі гэтым, вызначаным задумай аўтара.
Перачытайце, калі ласка, «Новую зямлю» Якуба Коласа (я гэта рабіў не аднойчы) і паспрабуйце адшукаць хоць адну зробленую «напаказ» рыфму, якая адбывае павіннасць, нібы топ-мадэль на подыуме. Мне такая не напаткалася. Без малага 300 вершаваных радкоў налічвае адзін з найвыдатнейшых раздзелаў гэтай паэмы «Дзядзька-кухар». Рыфмуюцца тут, у асноўным, сумежныя радкі — значыць, рыфмаў недзе каля 150. І з іх 60 — цалкам дзеяслоўныя, а ў 10 — дзеяслоў з'яўляецца састаўной часткай — лічы, палова ў раздзеле!.. 130 дзеясловаў — і ніводнага паўтору! І кожны не проста фіксуе, а рухае дзею. Бадай, нікому яшчэ ў беларускай паэзіі не ўдалося (і ці ўдасца?) наблізіцца да такога ўзору па лексічным багацці, па натуральнасці маўлення. Сапраўды народнае светасузіранне, жывы непасрэдны позірк на з'явы, як вечныя, так і звычайна-будзённыя, знаходзяць у «Новай зямлі» адэкватнае і па-народнаму трапнае выяўленне ў мове. Нічога штучнага, тандэтна сканструяванага — ні ў фразе, ні ў сінтаксічным ладзе... Усё ліецца — як вольная плынь Нёмана. І рыфмы — шчырыя старальніцы ў гэтай дружнай талацэ...
Дай, Божа, такую долю ўсім рыфмам, — і, асабліва, будучым!..
3 красавіка 2007 г.
ЦІВАЛІ
Пэўна, з таго часу, як мінчукі назвалі так сваю хакейную каманду: «Цівалі» — пачалося маё паляванне на гэтае слоўца. Хоць асаблівых лаўраў спартоўцам яно не прынесла, але для мяне сталася стрэмкай: адкуль яны «выхапілі» і ўзнялі на свой сцяг такую назву? Тут ужо не маё футбольна-хакейнае заўзятарства, а філалагічная цікаўнасць ставіла пытанне рубам...
Штосьці ўдалося высветліць. Нават у нататніку, здаецца, зрабіў наконт гэтага пэўныя запісы. Ды іншыя клопаты «перабеглі дарогу»...
Аднак і слова не адпускала канчаткова: не-не ды й нагадвала пра сябе, — тым больш, што і новыя штрышкі з'яўляліся... Таму — з магчымымі паўтарэннямі — мусіў вяртацца «да тэмы»...
Цівалі — вёсачка пад Мінскам (цяпер ужо «з'едзеная» горадам), трагічная сястра Курапатаў. Тут па загадзе Кагановіча былі закатаваныя і кінутыя ў яму на жывёльным эпідэміялагічным могільніку беларускія чыгуначнікі — «ворагі народа»...
У слоўніках Жучкевіча і Бірылы этымалагічнае тлумачэнне простае: назва паходзіць ад імені-прозвішча Ціва. Што ж, ёсць такое... Сам быў знаёмы з Цівам — дырэктарам друкарні выдавецтва БДУ. Ды і ў Якімаўцы, суседняй нашаму Мачулішчу вёсцы, ёсць прозвішча Цыванёнак (магчыма, было Ціванёнак)... Аднак жа: адкуль гэтая часцінка «лі», прыплюсаваная да «Цівы»? — і наколькі яна характэрная для нашага беларускага словаўтварэння?..
І вось чытаю ў апавяданні («Іl vicolo di madama Lucrezia» («Переулок госпожи Лукреции») Праспера Мерымэ: «...в Тиволи одного англичанина задушила статуя... Некий милорд производил раскопки в Тиволи...» Дзея адбываецца ў Італіі... Так і ёсць: знаходжу на карце ў БелСЭ побач з Рымам гарадок Тывалі, адно толькі (бяда наша...) разнабой у правапісе: цвёрдае «ты» замест мяккага «ці» (гэтак жа, як і на той жа энцыклапедычнай карце: «Тыбр» — рака, рускае напісанне «Тибр», «Тарні» — горад, рускае — «Терни»).
Читать дальше