35. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра неацэнны дар
Калі мы з брацікамі перайшлі ў чарговую клясу, ужо ня памятаю ў якую, можа ў пятую, у нас зьявіліся два новых прадмета – геалёгія і біяграфія. Настаўніка нам далі надзвычай рахманага і лісьлівага, былога абата, народжанага пуэртарыканца, уладальніка дзіўна сініх вачэй, якія адразу выклікалі падабаньне. Ён апранаўся сьціпла і строга, у чорны часучовы гарнітур, і толькі па пятніцах дазваляў сабе ўпрыгожыць яго дзікім гвазьдзікам у пятліцы. Лагодны, але запальчывы! І мы любілі яго дражніць у кожным зручным выпадку.
– Дзеці! Дзеці мае! – напрыклад усклікаў ён, раптам са сьлязьмі захапленьня перарываючы чытаньне Іаана Златавуста. – Жыцьцё – гэта неацэнны дар! Ці разумееце вы?..
– Не! – адказвалі мы, адразу ж напускаючы на сябе змрочны выгляд. – Жыцьцё – дрэнь. Бо яно рана ці позна канчаецца.
– Ну дык што, што канчаецца? – адказваў ён цярпліва. – Уявіце, што нехта даў вам пакатацца на неверагодна спартовым ровары? Хіба вы не пракаціліся б з удзячнасьцю?
– Не! – адказвалі мы ўпарта. – Калі ня можаш падарыць назусім, дык ня трэба й даваць!
– Але навошта вам ровар назусім? – адказваў ён нецярпліва. – Бо вам рана ці позна надакучыць на ім катацца!
– Усё роўна! – адказвалі мы з выклікам. – Калі мы будзем ведаць, што ровар рана ці позна адбяруць, гэта атруціць нам усё задавальненьне!
І тады ён успыхваў, абураўся, пляскаў кніжкай аб стол і зь лютым рыкам імчаўся да нас, з намерам цягаць за віхры і абрываць вушы. А мы з віскатам і рогатам, перакульваючы парты, уварочваліся ад яго, выбягалі з клясы й хаваліся ў жаночай прыбіральні, туды ён увайсьці не адважваўся.
36. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра папераджальную археалёгію
Аднаго разу ў жніўні, гуляючы па завулках, мы ўбачылі чалавека, які корпаўся ў сінім сьмецьцевым баку. Ён перахіліўся цераз бераг бака і, стоячы на дыбачках, намацваў нешта ў глыбіні. Мы адразу сьцямілі, што гэта жабрак альбо валацуга – мы ведалі пра іх па кнігах і татавых казках. Мы сабралі па кішэнях, у каго што было – ледзяшы, арэшкі, жуйкі – наблізіліся да яго і працягнулі дары. Ён не заўважаў нас, і Колік тузануў яго за фалду. Чалавек з крактаньнем выпрастаўся і павярнуўся да нас – круглатвары, вастраносы, у маленькіх акулярыках.
– Вы што? – стрымана абурыўся ён, заўважыўшы міласьціну. – Я ня бомж! Я археоляг!
Аднак ледзяшы, арэшкі і жуйкі ўзяў і схаваў у торбу.
– Сапраўдныя археолягі ня корпаюцца ў баках! – сказалі мы.
– Так, звычайна я хаджу на гарадзкі сьметнік. Зараз проста міма йшоў і зазірнуў.
– Сапраўдныя археолягі вядуць раскопкі ў пустэльні!
– Ха-ха, – засьмяяўся чалавек. – Вашыя сапраўдныя археолягі – дурні! Капаюць, разгадваюць герогліфы, ствараюць тэорыі, надзімаюцца – але ўсё проста! Ня трэба ні гойсаць па пустынях, ні капаць – усе адказы ў нас перад носам. Глядзіце, вось начны гаршчок, вось зношаныя кеды, вось банка з-пад кількі – яны цудоўна захаваліся і кажуць пра цывілізацыю нашмат больш, чым нейкія там тысячагадовыя чарапкі! Я разглядаю, фатаграфую, інтэрпрэтую і ўпісваю ўсе знаходкі ў каталёг. Паверце, мой каталёг непараўнальна багацейшы і шырэйшы за любыя музэі! Я – папераджальны археоляг. Мая праца, хай і простая, несувымерна больш значная за патугі гэных «сапраўдных археолягаў». Уявіце: праз тысячу гадоў, калі гаршчкі, кеды і банкі струхлеюць, мае працы будуць мець найвялікшае значэньне для навукі!
Мы з брацікамі да таго пранікліся ідэяй папераджальнай археалёгіі, што запрасілі вучонага да нас і праводзілі яго ў дрывотню, дзе захоўваўся сямейны хлам. Пад ягоныя няўціхныя захапленьні мы напаўнялі вялізны стары чамадан паламатымі гадзіньнікамі, дзіравымі тапкамі, імбрыкамі бяз рыльцаў, прабітымі роварнымі камэрамі, згарэлымі прасамі, падрапанымі дыскамі і парэпанымі кружэлкамі. Сыходзячы, расчулены археоляг паабяцаў згадаць нас у падзяках да сваёй будучай манаграфіі – за неацэнны ўнёсак у навуку.
37. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра бескамплексовае жыцьцё
Сярод нашых суседзяў, акрамя асобаў дзіўных, падазроных і адкрыта небясьпечных, часам трапляліся і ўзоры станоўчасьці. Такіх мы з брацікамі не любілі, бо лічылі іх затоенымі нягоднікамі, а чарговага суседа ў хаце з круглымі комінамі незалюбілі асабліва – за правы прабор, за сьветла-шэры гарнітур, за сына-студэнта з планшэцікам, за жонку ў камізэльцы, але больш за ўсё за тое, што ён бегаў па раніцах. Сусед завёў нязносны звычай аббягаць свой сад чатыры разы, потым бегчы ў горад роўна на паўгадзіны, а потым ізноў аббягаць сад чатыры разы. Некалькі дзён мы трывалі, наліваючыся гневам, а ў панядзелак раніцай абстралялі яго з-за плота маркоўнымі агрызкамі.
Читать дальше