І вось аднаго разу чытаў ён Талстога, пазяхаў, і прачытаў пра манаха, які сабе палец адсёк. Во якая добрая думка – сьцяміў ён адразу. Пайшоў ён у камору, узяў сякерку, ды й секануў. Кроў, боль, белая костка! Пабег ён тэлефанаваць у хуткую дапамогу, прыехалі, павезьлі зь мігцелкай у больніцу. Там мазалі мазямі, прыпякалі, зашывалі, а потым яшчэ два тыдні на перавязку хадзіў. А потым яшчэ два месяцы балела, і цэлы год можна было спамінаць. З тае пары чалавек гэты болей ня нудзіўся! Хадзіў вясёлы, радасны, для кожнага ў яго ласкавае слова знаходзілася – і людзі ад яго напітваліся дабром і шчасьцем. Штогод ён сабе па пальцу адсякаў, на нагах і на руках па чарзе, нялёгка, але неабходна. На дваццаць пяць гадоў хапіла, да самае пэнсіі, пакуль не згарэў. Цыгарэту не ўтрымаў, выпала, пакацілася і хату запаліла. Вось як, дзеткі, зразумелі сэнс? Галоўнае – знайсьці свой шлях у жыцьці.
– Але як жа на дваццаць пяць год хапіла? – спытаў Колік. – Ён што, мутант быў?
– Не, ну які табе мутант, проста пяць пальцаў лекары назад прышыць здолелі. Ён іх потым па другому разу сёк.
2F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Другая пажарная казка
Пасьля першага пажарніка ўзяў рэй другі, ён распавёў даволі змрочную казку. Быццам бы служыў у суседнім палку адзін лейтэнанцік, гадоў дваццаці пяці ці трыццаці, з блакітнымі вачыма і пшанічнымі вусамі, сапраўдны анёл. І быццам бы быў той лейтэнант цалкам шчасьлівы ў жыцьці, і цалкам усім задаволены. І быццам бы зьвярнуўся ён аднойчы ў думках да Галоўнага Пажарніка: гэх, бацьку! Які шчасьлівы я! Усё ў мяне ёсьць, што пажаданае мне – і розум, і хараство, і сіла ў руцах, і жонка, і дзеткі, і добрыя сябры, і ўлюбёная праца, і белая яхта. Такі шчасьлівы я, што зараз і памерці не шкада! Але Галоўны Пажарнік нічога яму не адказаў, толькі паварушыў вусамі – сам, дзей, разумей, паміраць табе ці не. Лейтэнант вядома не памёр, і нават некаторы час яшчэ больш шчасьлівеў: атрымліваў мэдалі, пісаў вершы і нараджаў дзетак. Але потым паціху, паволі, усё пайшло наспад – розум пачаў дубянець, хараство завядаць, вершы не пісаліся, рукі слаблі й не маглі ўтрымаць брандспойт. Далей – болей: сябры занялі грошай і зьніклі, жонка сышла ў сэкту, дзеці зрабіліся алькаголікамі і прапілі спачатку яхту, а потым і хату. А сам ён захварэў на розныя невылечныя хваробы, і пэнсіі не хапала нават на пігулкі. Зьбіраў бляшанкі й бітае шкло, сварыўся з бамжамі, начаваў у скрыні з-пад тэлевізара, а што зробіш? І быццам бы зьвярнуўся ён аднойчы ў думках да Галоўнага Пажарніка: ты гэта што, наўмысна, га? Але Галоўны Пажарнік ізноў яму не адказаў, толькі паварушыў вусамі – сам, дзей, разумей, я табе нічога не абяцаў. І яшчэ некалькі год мучыўся гэны лейтэнанцік, а потым нарэшце памёр, але памёр зусім нядобра: забілі яго падлеткі арматурай да паўсьмерці, і ляжаў ён на сьнезе ля сьмецьцевых бакаў, пакуль не замёрз зусім.
Ну і казка, падумалі мы, ня казка, а дрэнь. Усе асуджальна нахмурыліся і ўтаропіліся на пажарніка-апавядальніка. Той, зусім маладзенькі, барвяна пачырванеў, згорбіўся, напружыўся і нэрвова паскубваў вусы. Але наш тата выратаваў становішча – гучна варухнуўшы крэслам, ён устаў і прапанаваў усім яшчэ баршчу.
30. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Трэцяя пажарная казка
Пасьля баршчу прамовіў трэці пажарнік. Ён расказаў, што даўным-даўно, калі яшчэ ягоны дзед быў курсантам, у іхнае брыгадзе служыў пажарнік сярэдняга ўзросту, у чыне мічмана, рахманы і разважлівы, заўжды ладна прымагляваны. Ён меў вялікія крэпкія зубы, умеў хутчэй за ўсіх размотваць пажарны рукаў, а пах дыму чуў за цэлых пяць міляў. І вось аднаго разу ішоў ён з прыгажуняй жонкай ці то ў кіно, ці то ў тэатар, і раптам кажа ёй: пяройдзем на другі бок, бо нейкае нядобрае прадчуваньне. І праўда, толькі яны перайшлі, як зьверху хруснула, і на ходнік павалілася здаравенная цагліна, у тое самае месца, дзе яны б зараз апынуліся. Парадаваўся мічман на сваю інтуіцыю, пачаставаў жонку ліманадам. А праз тыдзень другі выпадак. Выходзіў ён уранку з суседам з пад'езду, і раптам цап суседа за руку: чакай! Бо нядобрае прадчуваньне. Спыніліся яны, а празь імгненьне бахнула ў небе, і маланка лупанула прама ў ганак. Во як. Але далей – болей. Наступнай раніцай выйшаў мічман з кватэры, дачакаўся ліфта, а ў ліфце іншы чалавек зьверху спускаецца. Едзеце? Не, ня еду, і вы выходзьце хутчэй, бо нядобрае прадчуваньне! І выцягнуў мужыка зь ліфта без тлумачэньняў, і толькі дзьверы зачыніліся, пачуўся страшэнны грук, скрыгат, а потым, далёка ўнізе – гах! – гэта ліфт абарваўся і грымнуўся. З таго дня мічман наогул кінуў выходзіць з кватэры – бо прадчуваньне не дазваляла. З працы ён звольніўся, папярэдзіўшы ўсіх калег пра нядобрыя прадчуваньні. Ніхто яго не паслухаў, і дарма: на наступны дзень загарэлася пажарнае дэпо і згарэла дашчэнту, а палову пажарнікаў пад суд аддалі за нядбайнасьць і невыкананьне. Мічмана тым часам нядобрае прадчуваньне пачало адціскаць у спальню: то тостар стрэліць хлебам амаль у вока, то лядоўня затрасецца і сьцебане токам, то з вадаправоднага крану раптам пальецца атрутная кісьля. Ён адаслаў жонку зь дзецьмі да бацькоў і схаваўся пад канапу, абклаўшыся пухоўкамі. А нядобрае набліжалася ўсё бліжэй і бліжэй: з трэскам развалілася шафа, у суседзяў зьверху прарвала каналізацыю, са столі сарвалася лямпа й разьбілася на вострыя аскепкі. Калі задыміліся шпалеры, мічман ня вытрымаў – выскачыў на балькон, з балькона на дрэва, з дрэва на зямлю – і пабег! А мы яго ўжо пільнавалі за рогам з ломамі – бо Галоўны Пажарнік патэлефанаваў нам і загадаў зьнішчыць гэтага ёлупа, празь якога ўсе бядоты. Мы пагналіся за ім, але набліжацца баяліся – сьвет вакол яго разбушаваўся страшэнна! Падалі велізарныя дубы, наляталі вісклівыя сьмерчы, асядалі падмуркі, сыпаліся мэтэарыты, успыхвалі бэнзакалёнкі, а ў асфальце расчыняліся грозныя прорвы з бурлівай лавай. Мічман доўгімі скокамі імчаў да рэчкі, спадзеючыся на паратунак у прахалодзе хваляў, але прадчуваньне ў апошні момант здрадзіла яму: з вады ўспучылася неверагоднае вышыні цунамі, памарудзіла імгненьне і абрынулася на мічмана ўсёй моцай.
Читать дальше