Нарэшце Косця сумбурна, блытана пачаў апавядаць пра паляванне на лася, як іх накрыла інспекцыя. Як потым праходзіў суд, як Іван Сырадоеў і Сямён Чукіла ўгаварылі яго ўзяць віну на сябе, каб ім не ведаць “пазора”, бо ў Сырадоева зяць — дырэктар школы, а Сямёнава дачка — завуч гэтай жа школы, аўтарытэтныя ў Белай Гары людзі.
— Я паслухаўся. Выгарадзіў сваіх хаўруснікаў. Хоць мяне падахвоціў ісці на паляванне Сырадоеў. Ласяціны яму захацелася на юбілей. Суд уляпіў мне штрап. Ледзь не паўтары тысячы рублікаў. І Сырадоеў, і Сямён кляліся, бажыліся... Падсобім, выплацім...
Андрэй прыцішыў хаду, бо лес ужо канчаўся, а гэтая гутарка не для чужых вушэй.
— А цяперыцька яны ў кусты! — гарачыўся Косця. — Табе далі штрап, ты і плаці. От, нахабнікі. Ні стыда, ні совесці. А некалі Іван Сырадоеў мяне ў партыю рэкамендаваў. Павучаў, каб заўсягды чэсны быў і справядлівы. А сам? Падлюка. Прасціця, што я так гавару. У мяне ўсяродку ўсё кіпіць. Дзе ж я вазьму столькі грошай? Што мне, карову прадаваць апошнюю? Дык не аддасць жа Ксеня. Ну, за веласіпед, можа, хто паўсотні дасць. За стрэльбу сотню. А трэба ж 1470 рублёў. Як лёду. Да Сырадоева Івана разы тры заходзіў, прасіў: ты ж абяцаў, кляўся, давай грошы. А ён сваё: няма ў мяне грошай. Ты лася забіў, ты і плаці. Неяк выпіўшы быў, узяў яго загрудкі. Валя, жонка, падляцела. Выштурхнулі мяне з хаты. На днях я вяртаўся дамоў. Цямнелася ўжо. Ну, трохі пад мухай. Яны падсцераглі мяне. Ну, Сырадоеў і Бравусаў. Павалілі, заламалі рукі за спіну. Сырадоеў распетушыўся. Крычыць: “Будзеш да мяне чапіцца, са свету зжыву”. І мацюкаўся брыдка. Я б пасаромеўся такое гаварыць... — Косця раптоўна змоўк, нібы спатыкнуўся на нейкай фразе.
Андрэй спыніўся пад высознай, разгалістай сасною, якая расла збоч дарогі. Прасторы і сонца ёй хапла, таму і раскінулася шырока і вольна, быццам імкнулася ўзяць неба ў абдымкі. Навокал было ціха, дзесьці пінькала сініца, прашмыгнула чорным ценем жаўна. З макаўкі сасны пачулася дробнае пастукванне — пярэсты дзятлік, меньшы брат жаўны, здабываў сабе сняданак. Лес жыў сваім спрадвечным жыццём. Людскія турботы і клопаты яго не займалі.
— Ну, накастылялі мне па баках. Білі хітра, каб і знаку не было. Бравусаў, стары мент, вопыт мае... Пайшоў я да пракурора. Расказаў яму ўсё ччысценька, як было. А ён кажа: сведкі ў вас ёсць? Кажу яму: якія сведкі? Цёмна было. Ды хто ж пры сведках будзе біць? А медыцынскі акт аб пабоях ёсць? — пытаецца пракурор. І акта ў мяне няма. Тады пракурор і кажа: Па п'яні ты можаш нагу зламаць. Каго будзеш вініць? Нічога тут не дакажаш. Прысудзілі штрф — значыць, трэба плаціць. А чым? Карову Ксеня не аддасць. Грошай ніхто не пазычае. Што мне рабіць? Вы — чалавек адукаваны, бывалы. Парайце, Мацвеевіч, куды кінуцца?
Што параіць Косцю, Сахута і сам не ведаў. Абараняць брканьер а і выпівоху ў яго жадання не было. Дый як яго бараніць? Застрэліў лася без дазволу — факт ёсць факт. Косцевы вочы, валошкавай чысціні, пазіралі з-пад чырвоных павекаў, яны малілі, прасілі дапамогі. На чырвона-сінім твары мацёрага выпівохі адны вочы і заставаліся прыгожымі і чыстымі. Ад сіняга неба і блакітнай Бесядзі яны ўзялі спрадвечную чысціню.
— А Даніла Баханькоў не паможа? Ён жа дырэктар саўгаса. Некалі, памятаю, хваліў цябе, — пачаў Сахута.
— Было, — цяжка ўздыхнуў Косця. — У свой час мы з ім бочку гарэлкі выпілі. Калі я быў брыгадзірам. Лепшым у раёне. Потым пасварыліся. Зняў мяне з пасады. Я не раз падводзіў яго. Сам я, канешне, вінаваты. Але ж на той свет жывым у зямлю не палезеш…
— Ну, што ты ўжо так? Малады, здаровы...Слухай уважліва. Напішы ў абласную газету. Мінск далёка. А тут бліжэй. І не пудры мазгі. Пішы, як было. І не расцягвай. Коратка. Прасі, каб перагледзелі справу. Далі адтэрміноўку на выплату штрафа. І пра сваіх хаўруснікаў, якія на цябе ўсё спіхнулі. Тоькі пра мяне — ні слова. Я тут толькі паявіўся. Н е хачу, каб языкамі абмывалі. Галоўнае, прасі, каб перагледзелі справу. Добра, што быў у пракурора. Павінны памагчы.
— Не ведаю, ці атрымаецца ў мяне? Паспрабую..
Косця ўскочыў на веласіпед, угнуў галаву. З цяжкасцю круціў настылыя педалі.
Увесь дзень Андрэй Сахута думаў пра падзеі ў Белавежскай пушчы і пра Косцю, пра сустрэчу з ім. Гэтыя дзве падзеі неяк дзіўна, неверагодна перапляталіся. Там, у пушчы, вырашылі лёс вялікай дзяржавы, якая налічвала дзвесце мільёнаў жыхароў. А ў прыбяседскай вёсцы вырашаўся лёс Косці Вароніна, сына паліцэйскага, які гадаваўся без бацькі. Гадаваліся яны сіротамі абое — Сцяпан Варонін і ягоны сын Косця. Паліцай-бацька знайшоў прытулак у далёкай Аргенціне, стварыў новую сям'ю, мае дзяцей, унукаў, а Косця ў роднай вёсцы не знайшоў шчасця. Быў лепшым механізатарам, потым перадавым брыгадзірам, як стаханаўцу. яму выдалі прэмію — стрэльбу-двухстволку. Бог не даў яму з Ксеняй, прыгажуняй-жонкай, дзяцей. А затым Чарнобыль. І запіў Косця па-чорнаму…
Читать дальше