Тое жахлівае здарэнне, а потым пахаванне ясным красавіцкім днём Свідэрскага і ягонай ахвяры назаўсёды запала ў душу сяміклсніка-выдатніка Андрэйкі Сахуты. Жоўты пясок свежых магілак, жоўтыя твары нябожчыкаў у ласкавым святле вясновага сонца, маўклівыя, змрочныя мужчыны. Заплаканыя чырвоныя вочы жанок. І вясёлы птушыны грай на кладзішчы: галкі ды гракі будавалі гнёзды. Займаліся любоўю і гарлапанілі на ўсю моц. Птушкі славілі вясну. Яны славілі жыццё!
Той далёкі дзень прыгадаўся Сахуту і зараз. Але ён адагнаў прэч жахлівы ўспамін. Разам з Бравусавым закацілі матацыкл на двор. Потым яшчэ доўга сядзелі за сталом. Пілі мала, гаманілі пра жыццё-быццё, а найболшь — пра палітыку. Марына ўбачыла, што братавы вочы ўжо зліпаюцца, ён ледзь стрымлівае пазяханне, рашуча супыніла свайго гутарлівага мужа:
— Валодзя, дос табе балбатаць. Чалавек з дарогі. Андрэй, ложак падрыхтаваны. Можаш класціся.
— Так. Марынка. Хвакцічаскі, пара ўжо набакавую, — шырока, смачна пазяхнуў Бравусаў.
…У гэты час збіраліся ўкладвацца спаць у адзінай, але не самотнай хаце, якая стаяла ў завулку ля канчанскага ручая. Пётра Мамута быў задаволены, што ўдалося выхапіць у прыроды ціхі пагодлівы дзянёк і ўцяпліць пчол — самая неадкладная і самая далікатная работа: ад яе залежыць зімоўка крылатых сябровак, дзесьці схібіш увосень, потым ужо нічым не дапаможаш.Таму настрой у пчаляра быў прыўзняты, лагодны. Паспрыяла гэтаму і сустрэча з любімым вучнем. Вяртанне Андрэя Сахуты ў родныя мясціны са сталіцы змушала Пятра Еўдакімавіча весялей глядзець на сваё жыццё ў зоне.
Асабліва ж узрадавала знаёмства са сталічным госцем Юзю. Гэта ж трэба! Высокі партыйны начальнік вярнуўся сюды, у зону, яго прывабіў бацькоўскі кут, а яе, Юзю, паклікала ў Хатынічы даўняе, тады грэшнае, каханне, а цяпер любоў да законнага мужа. Пётр і Юзя быццам імкнуліся некаму даказаць — а найперш самім сабе, што можна жыць і ў зоне да пятнаццаці кюры. І не існаваць ці выжываць, а жыць паўнакроўна, займацца любоўю, ды так, яе не ўмелі ў маладосці. Бо нічога і нікога не баяліся, прыйшло ўмельмтва і не пакінула моц, не знікла маладое жаданне. Юзя ў салодкім палоне раней невядомага ёй аргазму смела стагнала і крычала на ўсю хату. Ніхто з суседзяў не мог падслухаць, учуць і пазайздросціць іхняму шчасцю. Іхняй радасці ў радыяцыйнай зоне.
З гадамі Пятра Махавікова ўсё мацней здзіўляла хуткаплыннасць часу. Яму нават здавалася, што з кожным днём час набірае разгон, паскарае свой бег. У маленстве, ды і ў маладосці, гэткія вялікія дні, цягнуцца як год. І так багата было іх у будучыні. Цэлае жыццё, поўнае надзей і спадзяванняў, чакала наперадзе. А цяпер ўсё часцей Пятро азіраўся назад, і было адно жаданне — дацягнуць да пенсіі. Аб тым, што перайшоў у выдавецтва, пакуль ні разу не пашкадаваў. Чытаць даводзілася шмат. Дырэктар Клімчук супакойваў: потым будзеш чытаць меней, гэта абкатка, каб засвоіць сутнасць выдавецкай справы, пазнаёмішся з рэдактарамі, зразумееш, хто як рэдагуе рукапісы, каму і наколькі можна давяраць, каго трэба болей правяраць. Зрэшты, любая новая справа не адразу раскрывае свае сакрэты і таямніцы. Шэф не прыспешваў, даваў магчымасць спакойна ўрасці ў калектыў. Суцяшала, што заробак тут куды больш важкі, чымся на тэлебачанні, а тузаніны меней. Ева, падлічыўшы аванс і канчатковы разлік за месяц, узрадавалася болей за Пятра.
— Ну, Пецечка, добра, што ты адважыўся... І я не адгаворвала. Хоць прызнацца, у душы пабойвалася. Такі скрутны, ненадзейны наш час. І такая вакол дарагоўля! Ну, але, можа, як-небудзь перажывём усё.
— Перажывём, мая любая, — абдымаў Пятро сваю сапраўды любую жонку. — Дачакаліся ўнукаў. Цяпер задача — дачакацца праўнукаў.
Калі ў сям’і чалавек мае радасць, паразуменне і цеплыню, яму хочацца жыць і працаваць, тады і розныя клопаты, асабліва на працы, вырашаюцца лягчэй: калі моцны тыл — можна смялей ісці ў наступ, наперад.
Пятро часта думаў пра сябра дзяцінства Андрэя Сахуту, іншы раз тэлефанаваў яму ў далёкі лес на іхняй радзіме. Лес, прысыпаны нябачнай, але смертаноснай радыяцыяй. Пятро быў удзячны сябру за паркет — паабяцаў чалавек і выканаў сваё абяцанне. Ішла машына на Мінск, то і паркет прытарабаніў, пасобіў разгрузіць, а на чатыры пакоі ды кухню багата цяжкіх пачак дубовых дошчачак давялося перанесці. Асабліва ацаніў паслугу сябра, калі праз пару дзён Ева сказала, што яе сяброўка набыла ў Мінску паркет і заплаціла па сорак тры рублі за квадратны метр. “Мы зэканомілі амаль тысячу рублёў, — радавалася Ева. — Пазвані Андрэю і яшчэ раз падзякуй.”
Читать дальше