— Чаму ж не? Ведаю. Яна цяпер дырэктар школы ў Лабанаўцы. Не пашчасціла ёй. Летась памёр муж. Гады тры да пенсіі заставалася. Не хварэў. І ў чарку дужа не ўлягаў. Ён быў начальнікам энергасетак. Так сказаць, галоўны электрык раёна. Лёг спаць і не прачнуўся. Інфаркт. А Паліне Максімаўне мінулаю вясной споўнілася пяцьдзесят. Шумна, весела адзначылі залаты юбілей. І вось засталася адна...
Раковіч апавядаў пра яе дзяцей. Андрэй слухаў няўважліва, у яго адразу мільганула думка, што трэба з ёй сустрэцца... Цікава, якая яна цяпер? Уваччу паўстала цёмнакарая весялуха з пушыстаю тоўстай касой. Увесь вечар ён скакаў з ёй, горача пацалаваў — потым сябе дакараў: хіба можна цалаваць другую, калі маеш жонку, маладую, прыгожую, каханую. Згадаў, як сядзелі за сталом пасля канцэрта, Поля прыціскалася да ягонай нагі гарачым каленам... І вось ужо, як адзначыў Раковіч, прамільгнула тры дзесяцігоддзі. Як ляціць час!
— Месцаў у гасцініцы няма. Пераначуеце ў мяне. На цэмзаводзе збудавалі гасцініцу. Але не давялі да ладу. І завод меліся пусціць сёлета. Мабыць, не ўдасца. Пастаўкі абсталявання зрываюцца. Грошай няма. Акапян, дырэктар завода, ад перажыванняў злёг у бальніцу. Некалі ягоны бацька быў тут першым сакратаром райкама партыі...
Назаўтра ў кабінеце Раковіча Сахута знаёміўся са сваім будучым шэфам — дырэктарам лясгаса. Невысокі, шчуплаваты, пад тонкім дзюбаватым носам цямнеліся кароткія вусы.
— Капуцкі Іосіф Францавіч, — падаў вузкую цвёрдую далонь.
Андрэй назваў сябе, шчыра паціснуў дырэктараву руку, быццам гаварыў: хачу, каб у нас былі таварыскія стасункі, я не прыехаў цябе падседжваць, хоць і мясцовае начальства, і вышэйшае — мае сябры і землякі. У круглых цёмных вачах дырэктара убачыў прыхаваную насцярожанасць: чаго прыляцела сюды гэтая сталічная птаха? Ён ведаў пра Сахуту куды болей, чымся Сахута пра яго.
Хітры Раковіч сказаў, што яму трэба на хвілінку адлучыцца, выйшаў з кабінета, каб калегі-лесаводы знаёміліся без яго. Неўзабаве Сахута ведаў, што Капуцкі родам з Ашмян, прыехаў сюды пасля інстытута, працаваў памочнікам ляснічага, потым падняўся па службовай прыступцы — стаў ляснічым. На гэтай пасадзе адрабіў сем гадоў, затым прызначылі яго галоўным ляснічым, і вось ужо чацвёрты год працуе дырэктарам лясгаса.
— А я пасля тэхнікума пачаў свой жыццёвы шлях памочнікам ляснічага ў Лясковічах. Месяцы тры адпрацаваў — узялі ў армію. Вярнуўся са службы. Можа, з паўгода адрабіў, абралі сакратаром райкама камсамола. А потым — абкам камсамола, ЦК, у Мінску — райвыканкам, райкам, абкам... Ну, а тут вядомыя вам падзеі. І застаўся я пры сваіх...
— Ну, я чуў пра вас. Нічога, неяк ўсё ўтрасецца. Лес шуміць... Працы нам хопіць, — разважліва сказаў Капуцкі.
Знешне Капуцкі быў вельмі спакойны, але ў ягонай галаве мітусіўся рой думак. З аднаго боку яго задавальняў такі паварот падзей: будзе новы галоўны ляснічы, прафесійна чалавек адсталы, але жыццёвы вопыт мае, сувязі ў вобласці і ў сталіцы таксама мае. Дырэктарам яго пакуль што не паставяць, дый ці захоча ён тут асесці? Кар’еру лясную рабіць яму пазнавата — пераваліў за паўсотню. А вось яму, Іосіфу Капуцкаму, самы час уцячы адсюль, з радыяцыйнай зоны. Лясгас лічыцца адным з перадавых у вобласці, за год. Сахута абкатаецца тут, а ён будзе рыхтаваць сабе глебу. А раптам жонка Сахуты ўпрэцца? Пэўна, ёй не захочацца са сталіцы ехаць сюды. А мо дзеці выпхнуць, ім заўсёды мала месца.
Пытанняў у галаве Капуцкага было болей, чымся адказаў. І таму ён далікатна распытаў пра сям’ю, пра жонку. Тое, што ёй усяго два гады да пенсіі, што яна тут некалі працавала, што яны тут пазнаёміліся, пабраліся шлюбам — абнадзейвала.
— Гэта ж вы родам з Хатынічаў?
— Так, мая старэйшая сястра жыве там і зараз. У адселенай вёсцы. Хачу пад’ехаць да яе. Можа, Раковіч дасць машыну.
— Можна сёння з’ездзіць. У мяне ёсць транспарт. І ў лясніцтва заскочым. Там памочнік выконвае абавязкі ляснічага. Малады хлопец. Яшчэ халасцяк. Уцякаць хоча ад радыяцыі. Ляснічы вырваўся, як птушка з клеткі. Двое малых дзяцей. Грэх трымаць было.
Андрэй слухаў і раптам яго апякла думка: а што калі пачаць працу з лясніцтва? Раз ёсць вакансія. Там некалі пачынаў. Марына блізка жыве... Ада, канешне, будзе супраць. Затое не трэба вяртацца ў абрыдлы горад, бачыць спачувальныя позіркі, чакаць званкоў. Прасіць у жонкі грошай нават на піва...
— А ведаеце, Іосіф Францавіч, у мяне крамольная думка паявілася. А можа, уладкавацца пакуль што ляснічым? Раз ёсць вакансія.
Читать дальше