Хіба можна было пазнаць у ім таго адчайна-хвацкага танцора і гарманіста, зграбнага, лёгкага і з касою на сенажаці, і на вечарынцы ў скоках? Землякі абняліся. Мікалай Арцёмавіч паляпаў Андрэя па плячы, пільна зірнуў у вочы, быццам шукаў прыкметы суму і душэўных згрызот у беспрацоўнага абкамаўца. І вядома ж, знайшоў іх, бо Андрэй пахудзеў за апошні час, і плечы неяк па-старэчы апусціліся. Але прамовіў зямляк знарок весела:
— Ну, выглядаеш бадзёра. Малайцом! Не бядуй! Усё ўтрасецца. Ліха перамелецца, і зноў добра будзе.
— Ой, мусіць, доўга ліха будзе гаспадарыць, — міжволі ўздыхнуў Андрэй.
— Дарагі мой, ніхто гэтага не ведае. Вось уладкуешся на працу. Падтрымку гарантую. Ты пазваніў Раковічу?
— Не знайшоў я яго, — схлусіў Андрэй, бо і не шукаў — пасаромеўся. — Недзе на раёне быў...
— Дарэмна. Ну, я зараз на кватэру патэлефаную.
Развіталіся без абдымкаў. Міколу было няёмка, што не запрашае Сахуту ў госці, не шукае для яго вакансіі ў абласным цэнтры. Але ён і сам чуўся на сваёй пасадзе няпэўна, бо і так ужо тры гады пасля пенсіі працуе. Сёй-той з былых абкамаўцаў і гарадскіх партыйных дзеячаў не супраць заняць яго крэсла, праўда, з насцярогаю, бо ездзіць у зону нікому дужа не карціць.
Далей Андрэй ехаў адзін у купэ. Углядаўся ў акно, нібы прыліп да яго. Пачаўся лес. Дрэвы то адбягаліся на якую вярсту ад чыгункі, то зноў абступалі рэйкі з абодвух бакоў. Лес быў найбольш змешаны: бярозы, асіннік, старыя таўшчэзныя вольхі раскашавалі, як пані.
Зрэдку на ўскрайку лесу высіліся дубы. Яны злёгку зачырванеліся, яшчэ не хацелі паддавацца павевам восені. Затое асіны ўжо ўспыхнулі барвовым полымем, зажаўцеліся бярозы. Пачыналася залатое бабіна лета. Зыркае вечаровае сонца, нібы пражэктар, высвятляла і паваленыя дрэвы, і лаўжы — не прыбранае, не спаленае голле. Вочы не хацелі гэта прыкмячаць, яны любаваліся хараством верхняга ярусу лесу.
Андрэй любіў час бабінага лета. Любіў празрыстасць паветра, чысціню высокага неба, шматколернае восеньскае ўбранне і нейкую сцішанасць у прыродзе, якая перадавалася і чалавеку. Лёгкі сум апаноўваў душу: адляцела ў вырай разам з птушкамі яшчэ адно лета, наперадзе доўгая зіма, але пасля яе абавязкова надыдзе вясна, усё жывое расцвіце, акрыяе душою і целам чалавек. Вясною ніхто не хоча паміраць. Красаваць і радавацца імкнецца ўсё жывое.
Але на гэты раз бабіна лета мала радавала Андрэя. І на душы не было таго ўзнёслага адчування, таго хвалявання, якое ахоплівала, калі ехаў на сваю малую радзіму. Тады заўсёды здавалася: чым бліжэй родная вёска, тым болей у паветры кіслароду. Цяпер на душы было маркотна, трывога, невядомасць і няпэўнасць псавалі настрой, тачылі сэрца.
На станцыю Андрэй Сахута прыехаў пасля поўначы. Некалькі чалавек выйшлі з вагона, ён ступіў на перон апошні, адразу адчуў подых вільготнага пругкага ветру.
— Андрэй Мацвеевіч! Добры вечар! З прыездам, — перад ім стаяў высокі плячысты мужчына ў цёмным плашчы. — Пазналі? Раковіч.
— Анатоль Мікалаевіч! Добры вечар! Дзякуй за сустрэчу. Прызнацца, не чакаў... — паціснуў працягнутую руку, нават захацелася абняць земляка, але стрымаўся: яны ўсё-ткі малазнаёмыя.
Мабыць, Раковіч адчуў гэты душэўны парыў госця, далікатна абняў Сахуту за плечы, павёў да машыны. Вадзіцеля не было, Раковіч сам сеў за руль “Волгі”.
— А памятаеце, Андрэй Мацвеевіч, як выцягваў трактарам ваш “газон”: Вы тады агітбрыгаду прывозілі на адкрыццё клуба...
— Памятаю. Незабыўная была паездка. І вечар такі вясёлы. Канцэрт. Як ваш бацька маецца?
— За семдзесят пераваліла. На пенсіі. Яшчэ тупае па гаспадарцы. Пчол трымае. А прыязджалі вы... Здаецца, гэта быў шэсцьдзесят першы год. Я скончыў школу. Паступаў у інстытут механізацыі. Заваліў. Бацька адмацюкаў. Пасадзіў на трактар. Вот, кажа, паўкалываеш зіму, вясну, дык захочаш вучыцца. Так яно і было. На другі год паступіў. І вось ужо трыццаць прамільгнула...
Андрэй Сахута яскрава ўзгадаў той далёкі восеньскі вечар. Як ехалі ў перапоўненым райкамаўскім “газіку”, ён быў за рулём, як забуксавалі, пайшлі па гразі пехатою, як сустракалі іх вяскоўцы. Потым канцэрт, пачастунак, вясёлыя скокі, асабліва вылучаўся шчаслівы старшыня калгаса Мікалай Раковіч. Згадаў Сахута і незабыўны пацалунак дзяўчыны-камсорга, яе прызнанне, што першы раз сама цалавала хлопца, свайго начальніка — ён быў тады першым сакратаром райкама камсамола, — ды яшчэ жанатага.
— Там была ў вас каморгам дзяўчына. Здаецца, Палінаю звалі.Аграномам працавала. Не ведаеце, дзе яна?
Читать дальше