— Распранайцеся. Вешайце на крэсла... Майку можна не здымаць, — камандаваў жаночы голас. — Заходзьце ў кабіначку. Рукі ўбок. Падбародачак вышэй. Так, не дыхаць і не варушыцца. Усё, гатова. Здымак атрымаеце заўтра.
Хоць бы на якія сухоты не захварэць, варухнулася трывожная думка, бо апошнім часам дужа змрочна ў яго на душы, а невясёлы настрой нікому здароўя не прыдае.
Амаль праз тры гадзіны Андрэй Сахута вяртаўся з паліклінікі. Адчуваў сябе зусім пагана. Стаміўся ў чарзе перад дзвярыма ўчастковага доктара, а ў ягоным кабінеце быў зусім нядоўга. Той коратка выслухаў скаргі хворага, памераў ціск — танометр “націскаў” сто семдзесят на дзевяноста. Доктар спытаўся, які рабочы ціск. “Сто сорак на восемдзесят”. Навыпісваў розных таблетак, параіў часцей выязджаць за горад, болей хадзіць, раней класціся спаць, карацей, весці здаровы лад жыцця.
Апошнім часам Андрэй рана ўставаў. Калі ўдавалася заснуць з вечара, дык чуўся лепей, а бывала, што цалюткую ноч качаўся без сну. Тады ўвесь дзень балела галава, у якой біўся рой неадчэпных думак: як жыць далей, што рабіць, дзе знайсці работу. А найперш мучыла балючае пытанне: чаму ўсё так раптоўна абрынулася? Чаму рухнула гэткая магутная звышдзяржава? Чаму рассыпалася гэткая маналітная, ідэйна згуртаваная шматмільённая камуністычная партыя?..
Адказу не знаходзіў. Але ўсё болей пераконваўся, што развал не быў раптоўны, усё наспявала даўно. Гады тры таму ён пачаў прыкмячаць, што ў краіне нешта робіцца не так, што распачатая перабудова не спрыяе ўмацаванню, а наадварот — разбурае эканоміку, падрывае ідэалагічныя апоры грамадства. Па радыё і тэлебачанні ўсё болей гаварылася пра агульначалавечыя каштоўнасці і ўсё меней пра камунізм, пра ідэалагічную работу. Гаварыць пра ідэалогію саромеліся нават самі ідэолагі. І гэты подых, гэты вецер дзьмуў з Усходу, з самой белакаменнай. А потым у ЦК КПБ кінуліся мяняць назву ідэалагічнага аддзела на гуманітарны, інструктары яго ў адзін момант зрабіліся кансультантамі. І ў абкаме на Андрэя Сахуту пазіралі як на чалавека, які нічога не робіць: ні прамысловасць, ні сельскую гаспадарку ён не курыруе, кадры не падбірае, адно займаецца балбатнёй. А ў сучасным грамадстве, якое на ўсіх ветразях імчыць у дэмакратыю, месца для артадаксальных дэмагогаў няма.
Яшчэ вастрэй ён адчуў перамены, калі жонка аднойчы сказала:
— Шукай сабе іншую работу. Нікому не патрэбная твая ідэалогія. Балбатня гэта ўсім абрыдла.
— Ты сама да гэтага дадумалася? Ці з чужога голасу спяваеш?
— У мяне свая думка. І людзі пра гэта кажуц. І пішуць у газетах. Пачытай “Камсамолку”. Там адкрытым тэкстам сказана... Ну, не так у лоб. Але сэнс такі
Андрэй чытаў нешта падобнае і ў іншых газетах. Ада найбольш упадабала “Комсомольскую правду”, хоць менавіта на старонках гэтага выдання ішло адкрытае шэльмаванне ідэалаў, якія здаваліся Сахуту святымі, на якіх гадаваўся ён, на якіх вырасла не адно пакаленне савецкіх людзей. Былых камсамольцаў.
Шукай работу… Лёгка сказаць. Ён жа не дворнік ці сантэхнік. Падмятаў каля аднаго дома, потым можа арудаваць мятлою каля суседняга, або яшчэ далей. Дзе загадаюць. Ён жа кіраўнік абласнога маштаба. Яго ўсе ведаюць. Навошта я пагадзіўся ісці ў абкам, іншы раз дапякаў ён сябе. А куды б ён дзеўся? Калі б не згадзіўся, дык папёрлі б на паніжэнне, і ўсе пачалі б таптаць. Выціраць аб ягго ногі, як аб анучу. У глыбіні душы лічыў сваё прызначэнне не зусім разумным: ляснічы па адукацыі, не філосаф, не гісторык. Чаму тэхнары пачалі кіраваць ідэалогіяй у ЦК КПБ? Даніна навукова-тэхнічнай рэвалюцы1? Ці даніна модзе? А потым новаспечаныя цэкоўскія “ідэолухі” падбіралі сабе падобных у абкам ы і райкамы. У гэткім падыхожзе Андрэй Сахута бачыў падрыў ідэалагічнай работы, яе аслабленне. І гэта заахвочвалася цэнтрам, як праява новага мыслення.
Неяк у нядзелю маскоўскае тэлебачанне паказала праграму, у якой былі спецыяльна падабраныя кадры забастовак, дэманстрацый з усіх саюзных рэспублік. Яго ахапілі жах і злосць: як можна так паказваць?! Дыктар ні слова не сказаў пра асуджэнне шэсцяў, не аналізаваліся прычыны. Перадача нібы заклікала: а вы, мінчукі, чаму седзяце? Чаму не выходзіце на вуліцы? Чаму не гоніце сваіх партакратаў, ідэолагаў? Тыпу Сахуты і яму падобных? Як не разумеюць гэтага ў Крамлі? Куды яны глядзяць? Пра што думае Гарбачоў? А можа, усё гэта робіцца з яго дазволу?
Асабліва Сахуту ўразілі падзеі ў Кітаі.Прыехаў туды Гарбачоў, на цэнтральнай плошчы Пекіна сабралася некалькі тысяч прыхільнікаў дзмакратыі, пачалі мітынгаваць, выступаць супраць улады. Іх разагналі, павесілі некалькі самых ярых закапёршчыкаў. І ўсё супакоілася. Кітайцы актыўна праводзяць мадэрнізацыю. Планамерна. Абдумана. Не разбуральную перабудову, а мадэрнізацыю.
Читать дальше