Андрэй падзякаваў земляку, сказаў, што абдумае прапанову.
Доўга думаць не было часу. Ён схапіўся за гэтую прапанову, як тапелец за саломінку. Паехаць у родную вёску хацеў даўно, але жонка адгаварыла, маўляў, што ты там выседзіш у радыяцыйнай вёсцы. Цяпер ён вырашыў не адкладваць і дні праз два выбраўся ў дарогу.
Білет Андрэй узяў у плацкартны вагон: усё-ткі трохі танней, меней шанцаў сустрэць каго са знаёмых, бо начальнікі ездзяць звычайна ў купэйных вагонах. Людзей набілася, як семак у гарбуз. Праз гадзіну-дзве пасажыры пачалі выходзіць. Андрэй ні з кім не пачынаў размоў, чытаў газету, разгадаў амаль усю крыжаванку.Пахваліў сябе: нешта ведаю, і тут жа ўпікнуў: каму патрэбны твае веды?
У Магілёве мелася быць сустрэча з земляком Міколам Шандабылам. Цвёрда зямляк не абяцаў, бо ў той дзень праводзілася нарада, якая магла зацягнуцца. У душы Андрэю вельмі хацелася пабачыцца з сябрам, бо цяпер, як ніколі раней, яму патрэбна была падтрымка, сяброўская парада: зямля як захісталася пад ягонымі нагамі ў дні ГКЧП, так і не меў ён цвёрдасці, пэўнасці ў сваім становішчы беспрацоўнага партыйнага функцыянера. Падлівала смалы ў агонь і жонка, якая дужа нецярпліва чакала, калі ён знойдзе работу. Дапякала, што не пагадзіўся з прапановай Гарошкі — пайсці ў ягоную фірму намеснікам па збыце і забеспячэнні, кіраўніком службы маркетынгу.
Гарошка здзівіў. Андрэй лічыў, што былы другі сакратар райкама затаіў крыўду, калі яго, Андрэя, абралі першым, бо на гэтую пасаду прэтэндаваў Гарошка. Раней іх звязвалі нармальныя, таварыскія стасункі: Андрэй Сахута — старшыня райвыканкама, Гарошка — другі сакратар, іх яднала агульная справа. А тут сітуацыя памянялася: Гарошка зрабіўся падначаленым, падкрэслена ўгодлівым і паслухмяным. Сахута стараўся нічым не пакрыўдзіць таварыша па партыі. Гады два яны працавалі разам, даволі дружна і зладжана, але ранейшай цеплыні і таварыскасці ўжо не было. Потым Гарошка перайшоў у гаркам на пасаду загадчыка аддзела. На пачатку дзевяноста першага, калі адчуў, што ў паветры запахла смажаным, на імя жонкі, інжынера па адукацыі, зарэгістраваў фірму, якая пачала вырабляць лічыльнікі гарачай і халоднай вады. Прадукцыя патрэбная, фірма набірала сілу. Гарошка расправіў плечы. Пасля ГКЧП ён і патэлефанаваў Андрэю: падаў руку дапамогі. Ада ўхапілася за гэтую прапанову: “Згаджайся, твая лясная прафесія ў горадзе мала дзе патрэбна”. Праўда, яму абяцалі пасаду ў Міністэрстве лясной гаспадаркі — міністра ён даўно ведаў. Гэта была адна з прычын нежадання ісці да Гарошкі. А другая была іншага кшталту: Андрэй у глыбіні душы баяўся, што былы ягоны падначалены хоча пацешыць сваё самалюбства: “Ты некалі камандаваў мною, а цяпер я пакамандую, ды так, як захачу, бо ніякі прафсаюз, не тое, што партбюро, цябе не абароніць”.
Але на вакантную пасаду ў міністэрства ўзялі чалавека з ЦК. Жонка як дачулася пра гэта, учыніла скандал: Андрэй і Ада ўпершыню моцна пасварыліся. Ён пашкадаваў, што не мае “запаснога аэрадрома” — палюбоўніцы, да якой можна было б пайсці. Часам зусім не хацелся жыць.
Нават узнікалі думкі пра суіцыд…
Гэтыя згадкі прамільгнулі ў галаве Андрэя Сахуты пад перастук колаў плацкартнага вагона цягніка, які імчаў яго на радзіму. Дарога заўсёды супакойвае чалавека. І Сахута чуўся больш упэўнена, у душы праклюнуўся парастак надзеі: пачне працаваць у родных мясцінах насуперак радыяцыі. Ён пачне новае жыццё, акрыяе духам і целам. Ён павінен выстаяць. Не зламацца.
Развал партыі падкасіў шмат каго.Узгадаў Сямёна Міхнюка, які не дацягнуў да пенсіі, упаў, як падсечанае дрэва. А неяк Андрэю трапіўся на вочы артыкул: “Яны пайшлі з жыцця разам з цэлай эпохай”. Гэта была перадрукоўка з французскага выдання. Гаворка ішла пра самагубства былога міліцэйскага міністра Пуга, удзельніка ГКЧП, былога галоўнага гаспадарніка ЦК КПСС Кручыны, маршала Ахрамеева. Моцна, балюча ўразіў артыкул. І тон яго быў здзеклівы: пайшлі з жыцця — туды ім і дарога. Андрэй асабліва шкадаваў маршала Ахрамеева, з цікавасцю слухаў яго вострыя, смелыя выступы на з'ездзе дэпутатаў у Маскве. Нават узнікла сумненне: а ці сам пайшоў з жыцця гэты мужны чалавек, ці не дапамаглі яму гэта зраьіць?
У Магілёў цягнік прылескатаў надвячоркам. Стаяў ён тут ажно дваццаць хвілін, таму і дамовіліся сустрэцца з Міколам Шандабылам. Услед за пасажырамі Андрэй выйшаў з вагона і адразу ўбачыў земляка, які валюхаўся насустрач. Высокі, мажны, чырванатвары, у шыкоўным светла-шэрым касцюме, але без гальштука — каўнер ружаватай кашулі быў расшпілены. Кашуля ружаватага колеру невыпадковая, каб не так у вочы кідалася чырвань твару. Гэтая чырвань, гладкасць і шырыня твару, а таксама круглае чэрава, што выпірала з-пад пінжака, яскрава сведчылі, што намеснік старшыні аблвыканкама па чарнобыльскіх праблемах з поспехам перамагае радыяцыю. Сваім выглядам ён пераконваў: “Вось я, матаюся па зоне, амаль кожны дзень бываю ў камандзіроўках, у адселеных вёсках — днюю і начую на забруджанай тэрыторыі, а мяне і чорт не бярэ”.
Читать дальше