Пасля паражэння на выбарах Андрэй Сахута ўсё часцей думаў пра сваю будучыню і перспектывы будаўніцтва камунізму. І ягоная будучыня, і перспектывы камунізму рабіліся ўсё болей туманнымі і расплывістымі. І ён стаў усё радзей усміхацца, вакол вачэй з кожным днём гусцела сетка дробных зморшчынак, ад носа да куточкаў вуснаў усё глыбей праразалася зморшчына-падкова, глыбокая і скрушная.
Ішоў час. Штодня тэлефанаваў Андрэй былым калегам, таварышам, ці ёсць у каго на прыкмеце вакансія, дзе б льга было ўладкавацца. Яму спачувалі, супакойвалі, абяцалі пашукаць, але каанкрэтных прапаноў не было. Нібы абухом па галаве ўдарыла вестка аб смерці адказнага супрацоўніка ЦК КПБ Сямёна Міхнюка, які некалі вадзіў Сахуту на гутарку да Ціхана Кісялёва, тагачаснага першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі. Сахуту тады абралі першым сакратаром райкама. Сямён Міхнюк не дажыў два гады да пенсіі, зваліў адданага партыйца інфаркт. “Мусіць, і мяне чакае гэткі лёс”, — са скрухаю і абыякавасцю падумаў Андрэй. Бо з кожным днём адчуваў сябе горш, Ада кожны вечар наладжвала допыт: каму тэлефанаваў, хто што абяцае. І амаль кожны вечар усчынаўся скандал: я табе даўно гаварыла, каб шукаў работу, а ты ўсё нечага чакаў, вось і дачакаўся. Апынуўся ля разбітага карыта.
Балюча перажываў Андрэй, што не адчуваў маральнай падтрымкі дзяцей, яны сталі радзей заходзіць да іх. Сын Дзяніс зрэдку званіў, суцяшаў, маўляў, не перажывай, бацька, усё ўладзіцца, але ні разу не прапанаваў грошай, нават не спытаўся, можа, дапамагчы. Надзя сама жыла цяжкавата, адна гадавала дзіця.
Упершыню ў жыцці маючы гэтулькі вольнага часу Андрэй узяўся за кнігі. Чытаў розныя, а найперш пацягнула да беларускай літаратуры. Перачытаў Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, нанава адкрыў для сябе Купалу. Чытаў яго вершы, паэмы, публіцыстычныя артыкулы пра незалежнасць, самастойнасць Беларусі і дзівіўся, як надзённа яны гучаць зараз. Неяк сказаў пра гэта сябру Пятру Махавікову, той ажно ўзрадаваўся:
— Ага, дайшло да цябе! Ну што ж, лепш пазней, чым ніколі.
Пятро тэлефанаваў часта, вечарамі заязджаў, заўсёды браў з сабою пляшку гарэлкі, а то і каньяку, яблыкі ці лімоны. Доўга гутарылі, спрачаліся.
— Сістэму разбурыла не пятая калона, пра якую ты кажаш. Не заходнія галасы, хоць і яны стараліся з уіх сіл. Яна абрынулася знутры. Людзі страцілі веру ў камуністычныя ідэалы. Хрушчоў што абяцаў? Праз дваццаць гадоў — камунізм. А прамінула ўжо трыццыць! Дзе той камунізм? Дзе абяцаны зямны рай? — гарачыўся Пятро.— Дуля з макам! Пустыя паліцы ў крамах. Талоны, купоны. Бязладдзе, безгалоўе на кожным кроку.
— Ну, а ў Кітаі генсек сядзіць на месцы Палітбюро кіруе, — не здаваўся Андрэй. — Ідзе мадэрнізацыя. Самі накармілі свой мільярд з гакам. І нам тушонку прадаюць. Курткі, шмоткі. НаватАмерыку завалілі таварм. Усё ў іх ёсць. Значыць, камуністычная сістэма развязала рукі народу… Чытаў нядаўна Розанава. Мае рацыю Васіль Васілевіч, калі піша, што Кастрычніцкую рэвалюцыю падрыхтавала літаратура. Яна ж, літаратура, падрыхтавала і 91-ы год. Вось кніжачку “Тутэйшыя” нядаўна перачытаў, успомнілся, як аднойчы дыскутаваў з імі. У іх былі больш важкія аргументы…
— З Розанавым я згодны. Літатура — вялікая сіла. Яна абуджае душы людзей. Там. У душы чалавека, выспяваюць рэвалюцыі. А тады адна іскра і шугае прлымя.. — разважаў Пятро.
Гэтыя сустрэчы з сябрам, размовы, спрэчкі не прыносілі Андрэю палёгкі. Пасля чаркі-другой засынаў лягчэй, затое назаўтра яшчэ мацней балела галава. І жыць не хацелася…
Неяк увечары патэлефанаваў Мікола Шандабыла з Магілёва. Пагаварылі пра жыццё-быццё, ён і раней тэлефанаваў, супакойваў, каб дужа не браў да галавы, праца знойдзецца.
— Колькі тваёй Браніславаўне да пенсіі?
— Два гады. А мне цэлых сем.
— Так, табе яшчэ, як меднаму кацялку. Ну, дык гэта ж добра! Малады мужык. Яшчэ напрацуешся. Толькі не бядуй. А то... На днях мы тут пахавалі аднаго сакратара райкама. Сорак гадоў чалавеку. Інфаркт. Жонка, сцерва, пілаваць узялася... Даканала. Яму і без яе было мутарна. Кошкі душу скрэблі.. Слухай, а з’ездзі ты дамоў. Я чуў, Марына з Бравусавым жывуць прыпяваючы. У Лабанаўцы намячаецца вакансія. Галоўны ляснічы лясгаса збіраецца на пенсію. Магу сасватаць цябе. А з пасады галоўнага ляснічага можна і ў Мінск сігануць, у міністэрства . У Лабанаўцы старшынёй выканкама зараз Толя Раковіч. Зрабілі мы фінт. Ранейшага старшыню забралі ў Магілёў. У яго пенсія на носе. Даўно прасіўся... А Раковіч малады, талковы хлопец. Хай кіруе. Гаварылі з ім пра цябе. Падтрымка будзе. Надумаеш ехаць, звякні яму. Машыну падашле к поезду. Што табе па начы цягацца...
Читать дальше