— Так, правяраў. Мёд вельмі добры.
— Грыбы, кажаш, далей таксама чыстыя. Мінчукі ездзяць у грыбы за дзесяткі, а то і сотні вёрст. А мы прайшлі якіх дзесяць. Ні табе гаручае паліць, ні ў электрычцы душыцца. Гэта ж цуд! А гэтая гара... Нашы абдымкі тут і перад смерцю можна ўзгадаць.. І не чатыры кропкі апоры, як ты кажаш. А шэсць. Я ж і цыцкамі ў пясок упіралася . Ой, балбатуха я. Бессаромніца. Напаіў бабусю. От і хочацца гаварыць пра любоў.
— Ой, мілая Юзя, ты ў мяне камень з душы зняла. Бо я часам дакараю сябе, што не паслухаўся цябе. Упёрся, як баран. Прымусіў і цябе жыць тут, у зоне. Адкуль амаль усе паўцякалі.
— Ну, а Бравусавы жывуць. У іх жа хата ў Белай Гары. А яны тут. Ведаеш, пра што я падумала? Неяк ты сам казаў, што добра каня мець. Давай купім. Памятаю, у нейкай дзіцячай кніжцы апісваецца паездка ў грыбы. Паехалі на кані. Дзесьці ў Расіі. Нарэзалі цалюткі воз груздоў. Мяне гэта так уразіла. Здаецца, Тургенеў пісаў. Ён жа любіў апісваць прыроду, паляванне.
— Не, гэта, мабыць, Аксакаў. Ён вельмі цікава апісваў лоўлю рыбы. І пра паездку ў грыбы. А пра каня і я падумаў, збіраючы грыбы. Але цяжка гэта. І работы для каня мала ў нашай гаспадарцы. Лепей Бравусаву буду часцей памагаць. Ну, кабылу ягоную даглядаць. Сена прапаную, каб смялей папрасіць. Ён і так кажа: бярыце, калі трэба. А мы купім казу. Сена ёсць, венікаў навяжам для яе на зіму. Ну што, мая радасць, пакуль каня ў нас няма, пацягнемся дамоў. На сваіх дваіх...
— А я з табой гатова на край свету. І ты — мая радасць. Гавары часцей ласкавыя словы. Жыццё такое кароткае. І гэтулькі бяды на свеце. То Чарнобыль, то ГКЧП, то іншае ліха...
Пасля адпачынку, купання, добрага абеду кашы з грыбамі падаліся лягчэйшымі. Прыйшлі дадому яны даволі хутка. Юзя адразу ўзялася парадкаваць грыбы.
Усё гэта прамільгнула ў галаве Мамуты, пакуль ішоў да ручая, умываўся халоднаю крынічнаю вадою і зноўку, у каторы раз падумаў: вада чыстая, як і раней, ну дзе тут радыяцыя? Ён ужо ступіў на ганак, калі раптам адчыніліся веснічкі і на двор зайшлі Уладзімір Бравусаў і Марына. Абое прынядзеленыя, Бравусаў гладка паголены, у чыстай белай кашулі, Марына ў зялёнай кофце, з-пад якой віднелася белая блузка, у чырвона-жоўтай вясёлай хусцінцы. Бравусаў нёс трохлітровы слоік малака.
— О, якія госці да нас! — з радасцю усклікнуў Мамута. — Паглядзі, Юзя, хто да нас завітаў!
І Мамута, і Юзя шчыра радаваліся гасцям. Жанчыны ўзяліся рыхтаваць стол, мужчыны селі на ганку пагаманіць пра жыццё-быццё. Вядома ж, узгадалі нядаўняе ГКЧП, развал КПСС.
— Раней такое, хвакцічаскі, не магло і прысніцца. Васемнаццаць мільёнаў камуністаў раптам сталі членамі злачыннай арганізацыі. Хіба гэта не здзек з народа? Ну от скажы, Еўдакімавіч, правільна я думаю?
— Так, Усцінавіч, мысліш ты правільна. І я так думаю. Калі вярхушка зарвалася, а дакладней — адарвалася ад партыйных мас, ад народа, дык яны злачынцы. Партыю развалілі, а цяпер усё пасыплецца. Услед за прыбалтамі распаўзуцца па сваіх кватэрах усе.
— Партыя, хвакцічаскі, цэментавала дзяржаву. Ета быў стрыжань усёй палітыкі. А цяперыцька на чым будзе трымацца? На рэлігіі? Дык у нас жа розныя канхвесіі. І кожны моліцца свайму божаньку. Гаўнюкі етыя гэкачэпісты. Нічога не змаглі зрабіць. Толькі нашкодзілі, — з прыкрасцю плюнуў Бравусаў.
Мамута быў згодны з думкамі Бравусава, аднак у яго мелася іншае меркаванне наконт незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі, але ён разумеў, што былы ўчастковы ягоную думку не падтрымае, а спрачацца з госцем зусім не хацелася, тым болей, што іхняя спрэчка нічога не вырашыць у гістарычным плане: будзе тое, што вырашаць у Маскве ці яшчэ далей, — за акіянам.
Вячэралі весела. Тон задавалі жанчыны, асабліва Юзя старалася. Мамута і не ведаў, што ў яе гэтулькі дасціпнасці, гумару. Пад грыбы кульнулі па чарцы, вядома ж, не па адной.
— Трэцяя чарка, хвакцічаскі, за любоў. За вас, даражэнькія жанчыны! Што б мы рабілі без вас? Як ваўкі сядзелі б у хатах. А дзякуючы вам і ў зоне можна жыць. І радавацца. За вас, дарагія!
Бравусаў адным духам асушыў чарку. Юзя неўзаметку падміргнула Пятру: маўляў, за нашу любоў і радасць. Усе дружна закусвалі грыбамі з бульбай.
— Вы слушна кажаце, Усцінавіч. Мне тут лепей, чымся ў сталіцы. Не п’ю ніякіх таблетак. Ні адэльфана, ні анальгіна. Ніякай хіміі, — усхвалявана і шчыра прызналася Юзя.
— Найлепшыя лекі — дзве кроплі вады на сто грамаў гарэлкі, — гучна зарагатаў Бравусаў. — Хвакцічаскі, любую хваробу перамагаюць етыя лекі. А жыць можна і ў Хатынічах. Сваякі клічуць мяне ў Белую Гару. І хата стаіць там. А я не хачу. Там тыя ж самыя нукліды. Затое ж тутацька вольніца! Рабі што хочаш! Зямлі бяры колькі хочаш. Нам з Мацвееўнаю добра тут, — ён абняў за плечы Марыну, а сядзелі яны поплеч на драўлянай лаве. — Юзя, а як ета вас па бацьку? Вылецела з галавы.
Читать дальше