— Завіце проста Юзяй. Ну, калі хочаце, каб самавіта было, то — Юзэфай Іосіфаўнай. Або Язэпаўнай. Гэта больш па-беларуску.
— Дык што, Сталін па-беларуску будзе — Язэп Вісарыёнавіч? — хмыкнуў Бравусаў.
— А чаму? Канешне, так і будзе, — смяялася Юзя. — Вы закусвайце, а то бульба астыне. Грыбы чыстыя. Адкуль мы прынеслі, Пеця?
— З-пад Бялынкавіч.
— Ого, — здзівілася Марына, — так далёка вы хадзілі.
— Лацвей было б на кані. Мы з Пятром Еўдакімавічам, — Юзя падкрэслена назвала гаспадара поўным імем і па бацьку, бо заўважыла, што вяскоўцы называюць свайго былога дырэктара школы менавіта так, — узгадвалі ў лесе... Ну, недзе прачытанае, як у Расіі цалюткі вазок груздоў назбіралі. У грыбы ездзяць там на кані, — Юзя зірнула на Пятра, маўляў, я падвяла гутарку да патрэбнай тэмы, а ты вядзі рэй далей.
— Ну, у грыбы ездзяць рэдка. Можна і пешкі схадзіць. А вось у гаспадарцы конь патрэбны амаль штодня, — пачаў Мамута. — То дроў прывезці, то сена, то бульбу...
— Дык у чым прамблема, Еўдакімавіч? — перапыніў яго Бравусаў. — Я заўсягды кажу: калі трэба, тады і бярыце. Мая кабылка ў вашых руках. Не саромейцеся! Яна часцяком прагульвае. Застойваецца.
— Не, Усцінавіч. Мы так не згодныя. Мы гатовы памагаць. Ну, каб разам даглядаць. Вось мы, як грыбы збіралі, пра гэта і гаварылі. Я вельмі люблю коней, — Юзя расхвалявалася, расшпіліла гузікі кофты, быццам яны сціскалі яе. — Пад Мінскам ёсць школа. На станцыі Ратамка. Там вучаць на конях выступаць... Наш сын, Пётр Пятровіч, цяпер ён ужо камандзір батальёна. Падпалкоўнік. Калі быў школьнікам, ездзіў у Ратамку на заняткі. На спартыўных спаборніцтвах выступаў. Хоча ў Хатынічы да нас прыехаць. Разам са Славікам. Гэта ўнук наш. Мая мара, каб самім купіць каня.
— О, малайчына, Іосіфаўна, ну, ці Язэпаўна. Я сабе думаю іншы раз: калі Мамуты ўцякаць наважацца? Дык я вам жарабятка выгадую! —падхапіўся Бравусаў. — За ета трэба выпіць!
— Валодзя, ты нешта распетушыўся! Хопіць! — таўханула яго пад бок Марына. — Сцямнела ўжо. Пойдзем да хаты.
— Мы не часта бачымся. Дамоў паспеем. Гаспадарка дагледжана. І мы ж не п'ём, а лечамся. Радыяцыю перамагаем, — усміхаўся Бравусаў. — Так што, за дружбу, перахадзяшчую ў любоў, — падняў ён чарку. — І мы пераможам пракляты Чарнобыль!
Далей гутарка круцілася вакол каня: атавы трэба накасіць, аўсу прыкупіць, прывезці дроў. А Юзя падкінула яшчэ, так бы мовіць, бярвенца ў вогнішча бяседы: сказала, што збіраюцца звавесці казу.
— Усцінвіч, у вас у Белай Гары ёсць сваякі. Можа, даведаецеся, ці будзе хто казу прдаваць?
— Разведаю. Абізацельна. Казінае малако дужа карыснае. Як мая матка казала: дужа пальзіцельна.
— Ой, мы рады, што вы сур'ёзна думаеце гаспадарыць,— шчыра ўзрадавала пачутая вестка Марыну,
— Мы ж тут, як альпіністы, звязаныя адным лёсам, — задумліва сказаў Мамута т ўзяўся за бутэльку.
Але Марына рашуча запярэчыла:
— Пётр Еўдакімавіч, хопіць. Ну, колькі можна?
— Мацвееўна, каханенькая-родненькая. Алгаблёвую можна. І пойдзем дахаты,— махнуў рукою. нібы шашкаю, былы ўчастковы.
Быў позні жнівеньскі вечар, калі госці і гаспадары выйшлі з хаты. На небе высыпалі зоры, яркія, мігатлівыя, паветра дыхала расянаю бадзёраю прахалодаю.
— Жанчынкі, настрой такі добры. Душа песні просіць. Хай Божанька, калі ён ёсць, пачуе, што жывуць хатыньчане і радуюцца, — знарок гучна гаварыў Бравусаў. — Ну, пачынайце! Любую, якую ведаеце:
— У суботу Янка ехаў ля ракі,
Пад вярбой Алёна мыла ручнікі,—
пачала Юзя высокім чыстым голасам.
— Пакажы, Алёна, броды земляку….—
дружна падхапіла ўся вясёлая кампанія.
Калі песня скончылася, Бравусаў гучна запляскаў у ладкі:
— Ну, малайчына, Юзя! Хвакцічаскі, арцістка! Як табе ўдалося, Еўдакімавіч, завербаваць у нашу глуш... Ды яшчэ радыяцыйную глуш гэткую галасістую птушку?
— А ты думаў, што я ўжо нічога не варты... — пачаў Мамута, але Юзя яго перапыніла:
— Усцінавіч, сакрэт просты. З мілым рай і ў радыяцыйнай зоне. Давайце яшчэ паспяваем...
— Каля грэблі шумяць вербы,
Што я пасадзіла,
— шырока, распеўна зацягнула Юзя.
Песню падхапіла Марына, падцягнулі і мужчыны. Мамута ніколі не чуў раней, каб Марына спявала, ні разу не бачыў яе ў клубе на танцах. У хаце прыглядаўся неўпрыкмет і з ціхай радасцю адзначыў, што яна памаладзела, расцвіла позняй жаночай прыгажосцю, як бывае расцвіце ў палісадніку вяргіня пасля першых прымаразкаў.
І Юзя змянілася за вясну і лета, пражытыя ў Хатынічах. Ды не, яна не пастарэла, хоць трохі і ўсохла, пастрайнела, бо не было калі сядзець ля тэлевізара, не набівала жывот даволі таннай варанай каўбасой, у якой крухмалу болей, чым мяса. Руху ёй хапала, дый і ў ложку не ленавалася. “Можа, і праўда пажывём яшчэ. Насуперак Чарнобылю”, — мільганула думка ў разгарачанай чаркаю, затуманенай спевамі галаве Мамуты. А яшчэ ён адчуў нязведаную раней прагу жыць. Жыць наперакор усялякаму ліху!
Читать дальше