— Я стаўлю ўсё на тыя карты, што ў мяне на руках, і, калі выйграю, усе фішкі будуць мае,— сказала місіс Пендэртан.— Ужо, бадай, пара закругляцца.
Паколькі раздавала місіс Пендэртан, ёй удалося падхапіць з каленяў туза і караля і такім чынам займець на руках «ачко». Усе гэта бачылі, і маёр нават пырснуў ад смеху. Не прайшло незаўважаным і тое, што маёр паляпаў пад сталом Леанору па бядры перад тым як адсунуць крэсла. Місіс Лэнгдан устала ў той самы момант і схавала сваё вязанне ў сумку.
— Я павінна ісці,— сказала яна.— Але ты заставайся, Морыс, і не парушай кампаніі. Добрай ночы вам.
Місіс Лэнгдан пайшла даволі павольна і напружана, і калі яна была ўжо за парогам, Леанора сказала:
— Цікава, што цяпер ёй баліць?
— Цяжка сказаць,— з сумам адказаў маёр.— Але думаю, што трэба ісці. Давайце вып’ем на адыход па адной.
Маёру Лэнгдану вельмі не хацелася выходзіць з пакоя, дзе панаваў вясёлы настрой, і, развітаўшыся з Пендэртанамі, ён пастаяў крыху на дарожцы перад домам.
Ён глядзеў на зоры і думаў, што жыццё часам сумная штука. Раптам ён успомніў пра мёртвае дзіця. Які ж гэта быў неспакой! У час родаў Элісан чаплялася за Анаклету (бо ён, маёр, не мог трываць усяго гэтага) і крычала трыццаць тры гадзіны запар. I калі доктар сказаў: «Вы малавата стараецеся, трэба крыху натужыцца», філіпінчык таксама пачаў натужвацца, яго ногі сагнуліся ў каленях, па твары ліўся пот, і ён крычаў услед за Элісан. Потым, калі ўсё скончылася, выявілася, што ў дзіцяці зрасліся ўказальны і сярэдні пальцы, і маёр увесь час думаў толькі пра тое, што, калі яму давядзецца дакрануцца да дзіцяці, яго ўсяго пачне калаціць.
Цягнулася гэта адзінаццаць месяцаў. Ён служыў тады на сярэднім захадзе краіны, і калі, увесь заснежаны, прыходзіў дамоў, то адзінае, што мог знайсці, каб пад’есці, дык гэта які-небудзь салат з тунца ў халадзільніку, затое дом быў поўны дактароў і медыцынскіх сясцёр. Анаклета звычайна ў гэты час мітусіўся на другім паверсе, раз-пораз падносячы пялёнкі да святла, вывучаючы такім чынам асаблівасці стула ў той дзень, ці гушкаў на руках дзіця, пакуль Элісан хадзіла сюды-туды па пакоі, сціснуўшы зубы. А потым, калі ўсё было скончана, ён не адчуў нічога, апрача палёгкі. Але гэта адчуў ён, а не Элісан! Якая горыч і халоднасць ахапілі яе! Якая невыносна капрызная яна стала! Так, жыццё сапраўды можа быць сумнай штукай.
Маёр адчыніў парадныя дзверы і ўбачыў Анаклету, які сыходзіў па лесвіцы на ніжні паверх. Філіпінчык ступаў грацыёзна і ў той жа час важна. На ім былі сандалі, мяккія шэрыя штаны і палатняная блуза колеру аквамарыну. На крэмавата-белым плоскім тварыку паблісквалі чорныя вочы. Здавалася, ён не заўважаў маёра, але калі дайшоў да нізу лесвіцы, паволі падняў правую нагу, выгнуў на ёй пальцы на манер балетнага танцоўшчыка і зрабіў кароткі скок у паветры.
— Ідыёт! — буркнуў маёр.— Як яна?
Анаклета ўзняў бровы і, апусціўшы свае далікатныя белыя павекі, паволі сказаў:
— Très fatiguée [2] Вельмі стомленая (фр.).
.
— Ах ты! — ускіпеў маёр, бо ні слова не ведаў па-французску.— Вуле ву руні муні му! Я пытаюся, як яна сябе адчувае?
— C’est les,— Анаклета сам толькі нядаўна пачаў вывучаць французскую мову і не ведаў, як па-французску «сінусы». Тым не менш ён скончыў свой адказ з вельмі выразным пачуццём уласнай годнасці.— «Maître Corbeau sur un arbre perché [3] Першы радок байкі Лафантэна «Варона і лісіца».
, маёр». Ён зрабіў паўзу, пстрыкнуў пальцамі і потым дадаў задуменна, як бы размаўляючы ўголас сам з сабою: — Крыху гарачага мяснога булёну, вельмі прыгожа пададзенага.
— Можаш прыгатаваць мне «Старадаўні» [4] Кактэйль з віскі, горкага піва, цукру і скуркі лімона.
.
— Прыгатую раптам,— сказаў Анаклета. Ён вельмі добра ведаў, што слова «раптам» нельга ўжываць замест «зараз жа», бо ён гаварыў на дасканалай англійскай мове з прыгожым вымаўленнем, зусімаднолькавым з місіс Лэнгдан голасам. Ён зрабіў гэту памылку наўмысна, каб яшчэ больш падражніць маёра.
— Я прыгатую яго, як толькі падрыхтую паднос і ўладкую ўсё для пані Элісан.
Па маёравых падліках, каб падрыхтаваць паднос, спатрэбілася трыццаць восем мінут. Філіпінчык вельмі жвава завіхаўся на кухні, потым прынёс са сталовай вазу з кветкамі. Маёр сачыў за ім, упёршыся ў бакі валасатымі кулакамі. Увесь гэты час Анаклета ціха, але ажыўлена размаўляў пра штосьці з сабою. Маёр улавіў нешта пра містэра Рудольфа Серкіна і пра ката, што ходзіць з крошкамі арахісу на поўсці па прылаўку, на якім разложаны прысмакі. Тым часам маёр сам зрабіў кактэйль і спёк два яйкі. Калі паднос, нарэшце, быў прыгатаваны, Анаклета спыніўся, склаў накрыж ногі і, счапіўшы рукі за галавой, пачаў паволі ківацца.
Читать дальше