Балада пра сумнае кафэ: Аповесці. З англ. /[Пер., прадм. і заўв. Ул. Шчасны].— Мн.: Маст. літ., 1988.— 190 с., іл.
Горад гэты сам па сабе маркотны: там толькі і ёсць што прадзільная фабрыка, домікі, кожны на два пакоі, у якіх жывуць рабочыя, некалькі персікавых дрэўцаў, царква з двума каляровымі вокнамі ды ўбогая галоўная вуліца, усяго якіх-небудзь сто метраў даўжынёй. У суботу прыязджаюць сяляне з суседніх фермаў пагаманіць, прадаць што ці купіць. У іншыя дні горад наганяе нуду і здаецца адрэзаным ад астатняга свету. Самая блізкая чыгуначная станцыя — у Сасаеці-Сіці; а аўтобусныя маршруты кампаній «Грэйхаўнд» і «Уайт-бас» абмінаюць горад па фокс-фолскай дарозе за тры мілі. Зіма тут кароткая і мокрая, а летам — пякельная спёка.
Калі жнівеньскім надвячоркам выйсці на галоўную вуліцу, то заняцца там зусім няма чым. Самы вялікі будынак, што ў цэнтры горада, стаіць забіты дошкамі і так нахіліўся ўправа, што, здаецца, вось-вось паваліцца. Будынак вельмі стары. Ён мае дзіўны, пануры выгляд — і спачатку не разумееш, у чым справа — пакуль раптам не ўбачыш, што калісьці, вельмі даўно, пафарбавалі правы бок ганка, кавалак сцяны і на гэтым спыніліся, таму адна частка выглядае цямнейшай і бруднейшай. Здаецца, што ў доме не знойдзеш ні душы. Але на другім паверсе засталося адно акно, не забітае дошкамі. Часам пад вечар, калі спёка робіцца асабліва нясцерпнай, чыясьці рука паволі адчыняе аканіцы, і, ў акне паказваецца чалавечы твар. Гэты твар падобны на тыя невыразныя жахлівыя твары, што бачацца ў сне: не мужчынскі і не жаночы, з косымі шэрымі вачамі, косымі настолькі, што яны ўжо даўно ўпотай тужліва зазіраюць адно ў адно. Праз якую гадзіну твар знікае, аканіцы зачыняюцца і, хутчэй за ўсё, на галоўнай вуліцы больш не з’явіцца ніводнай жывой душы. У такі жнівеньскі надвячорак, калі на фабрыцы заканчваецца змена, у горадзе зусім няма чым заняцца. Можна, бадай што, пайсці на фокс-фолскую дарогу і паслухаць, як спяваюць зняволеныя, што працуюць на яе рамонце.
I ўсё ж калісьці тут, у гэтым самым горадзе, было кафэ. I гэты стары, забіты дошкамі дом быў месцам, роўнага якому не было на многія мілі навокал. Былі ў ім сталы з абрусамі і папяровымі сурвэткамі, электрычныя вентылятары з каляровымі стужкамі. У суботу вечарам збіралася шмат людзей. Уладальніцай кафэ была міс Амелія Івэнс, але сваім поспехам і той вясёлай атмасферай, што панавала тут, кафэ было абавязана перш за ўсё чалавеку, якога называлі кузен Лаймэн.
I яшчэ адна асоба мела дачыненне да гісторыі кафэ — былы муж міс Амеліі, страшны чалавек, што пасля доўгай адседкі ў турме вярнуўся ў горад, нарабіў бяды і зноў знік. Кафэ ўжо даўно зачынена, але памяць аб ім жыве і цяпер.
Спачатку ў доме не было ніякага кафэ. Будынак застаўся міс Амеліі ў спадчыну ад бацькі, і ў ім была крама, у якой можна было купіць фураж, угнаенні і правіянт, перш за ўсё муку грубога памолу і тытунь. Міс Амелія была багатая. У дадатак да крамы за тры мілі ад горада, на балоце, у яе быў свой бровар, дзе гналася лепшая ў акрузе гарэлка. Міс Амелія была чарнявая высокая жанчына, шырокая ў касці, і ў сіле не саступала мужчыну. Зачэсаныя ўгору кароткія валасы адкрывалі загарэлы твар, заўсёды насцярожаны і пануры. Яна, відаць, была б прыгожай жанчынай, калі б не касавокасць, якая ўжо тады кідалася ў вочы.
У яе знайшліся б кавалеры, але мужчыны не цікавілі міс Амелію — ёй было лепш адной. Яе замужжа не было падобнае ні на адзін шлюб у акрузе: гэта быў дзіўны, небяспечны саюз, што працягваўся ўсяго дзесяць дзён, але вельмі здзівіў і моцна ўразіў увесь город. Калі не лічыць гэтага незразумелага замужжа, міс Амелія пражыла жыццё ў адзіноце. Надзеўшы камбінезон і гумовыя боты, яна цэлыя ночы праседжвала ў будане на балоце, падтрымліваючы слабы агонь пад перагонным апаратам.
Міс Амеліі спадарожнічаў вялікі поспех у любой справе, што рабілася рукамі. У суседнім горадзе прадаваліся прыгатаваныя ёю кілбасы і вантрабянка. Пагоднымі восеньскімі днямі яна малола сорга, сіроп у яе чанах атрымоўваўся цёмна-залацісты і прыемны на смак. Усяго за два тыдні яна пабудавала за крамай цагляную прыбіральню, і ў цяслярскай справе яна была майстрам. Вось толькі з людзьмі ў яе не выходзіла гэтак гладка. Людзей, калі толькі іх не змусіш абставінамі ці хваробай, нельга ўзяць у рукі і за ноч зляпіць нанова, каб выйшла што-небудзь больш вартае і прыбытковае. Таму, на думку міс Амеліі, людзей можна выкарыстоўваць адным чынам — зарабляць на іх грошы.
Читать дальше