— Што здарылася, Элісан? — спыталася Леанора.— Можа, хочаш есці? У халадзільніку ёсць курынае мяса.
Апошнія месяцы Леанора часта размаўляла з місіс Лэнгдан у своеасаблівай манеры. Яна занадта выразна вымаўляла словы, гаворачы ўважлівым і разважным тонам, з якім звычайна звяртаюцца да апошняга ідыёта.
— Есць і белае мяса, і цямнейшае. Вельмі смачнае. Ну, як, ммммм?
— Не, дзякуй.
— Ты і праўда нічога не хочаш, дарагая? — спытаўся маёр.
— Не, усё ў парадку. Але, калі можна, перастань, калі ласка, стукаць аб падлогу. Гэта непакоіць мяне.
— Прабач.
Маёр выцягнуў ногі з-пад стала і закінуў адна на адну. Здавалася, маёр наіўна верыў таму, што жонка нічога не ведае пра яго сувязі з Леанорай. Аднак яму было ўсё цяжэй цешыцца гэтай думкай. Часам ён стараўся і, трэба сказаць, паспяхова, упэўніць сябе, што няшчасны выгляд у жонкі — гэта ад хваравітасці і нечага чыста жаночага, гэта значыць, яму непадуладнага. Маёр памятаў выпадак, які здарыўся неўзабаве пасля вяселля. Тады ён узяў Элісан з сабой паляваць на курапатак. Яна хоць ужо і вучылася страляць з ружжа, але ніколі раней не была на паляванні. Яны ўспудзілі чараду курапатак, і ён яшчэ і сёння памятаў, як птушкі разляцеліся веерам на фоне зімовага сонца, што якраз заходзіла. Назіраючы за Элісан, ён падстрэліў толькі адну птушку і галантна пачаў настойваць, што гэта яна яе падстрэліла. Ледзь толькі Элісан узяла птушку з сабачай пашчы, яна адразу змянілася з твару. Курапатка была яшчэ жывая, і ён з абыякавым выглядам раструшчыў птушцы галаву і зноў аддаў жонцы. Тая ўзяла яшчэ цёплае ўскалмачанае цельца, пашкоджанае ў падзенні, і глянула ў мёртвыя патухлыя чорныя вочкі. Скончылася гэта тым, што яна залілася слязьмі. Здарылася якраз тое, што, на думку маёра, было «жаночым характарам» і «хваравітай уражлівасцю», у якіх мужчыну нават не варта спрабаваць разабрацца. Да таго ж калі маёра апошнім часам пачыналі непакоіць думкі пра жонку, ён інстынктыўна ўспамінаў дзеля самаабароны аднаго лейтэнанта па прозвішчы Вайнчак — камандзіра роты ў батальёне маёра і блізкага прыяцеля Элісан. Вось і цяпер, калі выгляд твару ў жонкі зноў затрывожыў яго, ён, каб супакоіць сябе, сказаў:
— Ты кажаш, правяла другую палову дня разам з Вайнчакам?
— Ага, я была ў яго,— адказала Элісан.
— Добра. Ну, і як ён?
— Нічога.
Элісан раптам вырашыла падарыць світэр лейтэнанту Вайнчаку, бо таму ён якраз спатрэбіцца, і яна спадзявалася, што світэр не будзе занадта шырокі ў плячах.
— Ах, гэты Вайнчак! — усклікнула Леанора.— Не разумею, што ты ў ім знайшла, Элісан? Ну, так, я ведаю, вы там збіраецеся, разважаеце пра высокія матэрыі. Ён называе мяне шаноўная пані. Зусім мяне не выносіць, а гаворыць: «Так, шаноўная пані», «Не, шаноўная пані». Падумаць толькі!
Тут варта, відаць, сказаць некалькі слоў пра гэтага самага лейтэнанта Вайнчака, хоць для нікога ў гарнізоне, апрача місіс Лэнгдан, ён нічога асаблівага сабою не ўяўляў. Што да службы, то яго становішча было вартае жалю, бо ў свае амаль пяцьдзесят гадоў ён не даслужыўся нават да капітана. У яго былі такія сур’ёзныя праблемы са зрокам, што ў хуткім часе ён мусіў пайсці ў адстаўку. Лейтэнант жыў у шматкватэрным доме, дзе сялілі халастых лейтэнантаў, большасць з якіх толькі што скончылі ваенную акадэмію ў Уэст-Поінт. У двух пакойчыках было цесна ад назбіранага за жыццё рознага дабра: раяля, паліц з грамафоннымі пласцінкамі, многіх соцень кніг, вялікага ангорскага ката і каля дзесятка вазонаў. Ён вырошчваў нейкую паўзучую расліну, што вілася па сценах залы, дзе часта можна было зачапіцца за пустую бутэльку з-пад піва ці за кубак, пакінуты проста на падлозе пасля таго, як з яго пілі каву. Ну і да таго ж гэты састарэлы лейтэнант іграў на скрыпцы. Часам з яго пакояў даляталі заблудлыя гукі пранізлівай мелодыі якога-небудзь струннага трыо ці квартэта, і маладыя афіцэры, што праходзілі ў гэты час па калідоры, пачуўшы гэта, чухалі патыліцу і пераміргваліся. Вось сюды і прыходзіла часта надвячоркам місіс Лэнгдан. Яна разам з лейтэнантам Вайнчакам іграла санаты Моцарта ці, седзячы каля каміна, піла каву і ела зацукраваны імбір. У дадатак да іншых сваіх праблем лейтэнант быў вельмі бедны, бо стараўся вывучыць двух пляменнікаў. Ён мусіў эканоміць на ўсім, каб звесці канцы з канцамі, і яго адзіная парадная форма была такая паношаная, што ён наведваў толькі самыя абавязковыя свецкія мерапрыемствы. Калі місіс Лэнгдан даведалася, што ён сам займаўся цыраваннем, яна ўзяла за звычку прыносіць сваё шыццё і цыраваць разам з мужавым споднюю і пасцельную лейтэнантаву бялізну. Часам удваіх яны ездзілі на маёравай машыне на канцэрты ў горад за сто пяцьдзесят міль ад гарнізона. У такіх выпадках яны бралі з сабой Анаклету.
Читать дальше