28
Гэта былі апошнія словы, унесеныя Паўлам Алегавічам у дзённік. Дый наогул апошнія прамысленыя ім словы. Наступнага дня, па абедзе, Вера Генадзеўна паднялася наверх даведацца, чаму муж, які — яна чула — вечарам вярнуўся з лецішча, нічым сябе дагэтуль не праявіў.
Яна знайшла Паўла Алегавіча ў крэсле перад адчыненым акном, мёртвага, з расплюшчанымі ашклянелымі вачыма і загадкавай застылай усмешкай. На каленях у яго ляжаў разгорнуты блакнот, на падлозе, пад апушчанай з падлакотніка правай рукой, валялася самапіска.
Плачу і галашэння па памерлым у сям’і Багаткаў не было. Тут жа апавясцілі Тамару, якая неўзабаве прымчалася на машыне. Сын прыбыў значна пазней. Выклікалі міліцыянта, той запатрабаваў урача. Прыйшоў участковы з медкарткай Паўла Алегавіча. З прычыны таго, што памерлы раней ні на што сур’ёзнае не хварэў, было прынята рашэнне правесці ўскрыццё. Нябожчыка павезлі ў трупярню, і ўвечары было атрымана заключэнне. Прычынай раптоўнага скону называўся вялікі інфаркт, указвалася, што стан сардэчна-сасудзістай сістэмы памерлага знаходзіўся ў жахлівым стане. Аказваецца, два мікраінфаркты ён перахадзіў на нагах на працягу апошніх месяцаў.
З-за жудаснай гарачыні і бязветранасці наважылі забіраць Паўла Алегавіча з трупярні толькі заўтра зранку і амаль адразу ж хаваць. Арганізацыю пахавання ўзяў на сябе Пятро Вацлававіч Жыгоцкі, ён жа ўсё аплаціў, уключаючы і памінкі.
Перад самым вынасам цела прыехала бічаўская радня — Вольга Ігараўна з зяцем Артурам. Пляменніца Паўла Алегавіча засталася глядзець малога сына, а брата, Вячаслава, не адшукалі, бо ён так і не адкрыў ні дачцэ, ні жонцы сваё новае месца жыхарства.
Была стрыечная сястра Ліна са сваім сужыцелем Ігарам. Дзіўна, але толькі Ігар не стрымаўся падчас памінак і горка расплакаўся, прамаўляючы тост. І яшчэ Вольга Ігараўна ўвесь вечар сядзела з вільготнымі пачырванелымі вачыма. Ліна ж, бледная і маўклівая, трымалася мужна. Артур хутка набраўся гарэлкі, зрабіўся празмерна гаваркі і відавочна забыўся, дзеля чаго прыехаў.
Жыгоцкі, спаслаўшыся на занятасць, ні на пахаванні, ні на памінках не паявіўся.
Цяпер, а мінула два гады з таго часу, усе чыннікі нашага аповеду жывыяздаровыя. За выключэннем малодшага сына Пятра Вацлававіча, які год таму, будучы ўжо сталым наркаманам, павесіўся ў нейкім бамжатніку, дзе апошнім часам туліўся. Ён пакінуў пасмяротную цыдулку, дзе праклінаў і вінаваціў бацьку ў сваёй смерці. Розгалас той падзеі дала жонка Жыгоцкага (яны і па сёння афіцыйна не развяліся). Самагубства адрынутага сына моцна і надоўга парушыла душэўны спакой Пятра Вацлававіча і Тамары. Жыгоцкага парадкам патрапалі ў міліцыі, і ў яго, мо ўпершыню ў жыцці, узніклі праблемы са здароўем, давялося легчы ў бальніцу.
Аднак праз год і гэта згладзілася ды прызабылася. Тым больш што ўвесну ў іхнюю незарэгістраваную сям’ю прыйшло папаўненне: нарадзілася здаровая дачка, як і прадказваў нябожчык Павел Алегавіч. Яго «грамадзянская ўнучка» — як бы не прамінуў пажартаваць гэты невыносны штукар.
2004—2005 гг.