— А вось гэта — некаторыя кадры з назіральнай камеры перад брамаю дачы, — дэманстравала Тамара бабулі, маці і брату, які ўжо вярнуўся зверху, новыя фотаздымкі. — Мы іх адмыслова апрацавалі на камп’ютэры і вывелі на прынтэр.
— Гэта тады, калі ён на траве выдурваўся? — удакладніла Вера Генадзеўна.
— Ага, — кіўнула дачка.
— Вось жа якая дрэнь! — з нянавісцю перабірала карткі ў дрыготкіх старэчых пальцах Ганна Андрэеўна.
Юрась хапаў тыя, што паглядзелі старэйшыя, і грунтоўна, ледзь стрымліваючы смех, іх разглядаў.
— А цяпер, — сказала Тамара, калі ўсе наталіліся выявамі Паўла Алегавіча, — я хацела б пачуць вашы каментарыі наконт майго бацькі. Але ж не спяшайце, падумайце. — Яна спрытна ўклала здымкі ў фотапакет і схавала ў скураную папку. — А я пакуль што, дзеля бяспекі, прыбяру ўсё назад у машыну.
Яна вывудзіла з поліэтыленавага мяшка малюсенькі мабільнік, націснула адну кнопку і праз пару секунд прагаварыла:
— Віцёк! Давай, дружа, сюды. Забярэш рэчы.
Затым Тамара паклала мабільнік на стол, скрыжавала на грудзях рукі і замаўчала.
— Юра, вярніся ўсё ж на сваё месца, — нагадала маці сыну, які прыняўся дапіваць рэшткі ліманаду. — Мы яшчэ далёка не скончылі, а бацька можа заявіцца ў любую секунду.
З напоўненым зялёнай вадкасцю фужэрам сын вярнуўся да дзвярэй і прыхінуўся спінай да вушака.
Хутка прыйшоў вадзіцель. Тамара з мяшком у руках сустрэла яго ў калідоры. Там яны крыху пашапталіся.
— Я загадала Віцьку, каб сачыў за пад’ездам, — сказала Тамара, вярнуўшыся ў залу. — Гэтак надзейней будзе. Але і ты, — паказала яна пальцам на брата, які быў узрадаваўся яе словам, — таксама па-ранейшаму стой там і прыслухвайся.
Юрась спахмурнеў, насупіўся, але прамаўчаў.
— А зараз, — доўжыла дзелавая Тамара, усеўшыся ў крэсла, — я хачу выслухаць кожнага з вас. Думаю, варта першай даць слова бабулі. Ніхто не супраць? — Яна акінула позіркам прысутных. — І наогул, пачнём па старшынстве.
Брат прабурчаў нешта няўцямнае са свайго месца, хмыкнуў, паставіў апусцелы фужэр на тумбачку і сашчапіў рукі за спінаю.
— Так будзе правільна, — пагадзілася з дачкой Вера Генадзеўна.
26
Ганна Андрэеўна паважна выпрастала спіну ў крэсле, дзе яна дагэтуль напаўляжала, праперхалася і пачала.
— Ну што я магу сказаць пра гэтага чалавека, — гаварыла яна памаладзелым, звонкім голасам. — Ды нічога добрага, пры ўсім жаданні, і згадаць нельга. Ён мне не спадабаўся з першых жа дзён, калі Вера, — яна скасавурылася на дачку, — прывяла яго да нас для знаёмства. Нейкі неахайны, няветлівы, усё глядзеў спадылба, ніякай павагі да старэйшых не назіралася.
— Мама, — перабіла яе Вера Генадзеўна, — а можа, абыдземся без экскурсаў у гісторыю, можа, бліжэй да справы?
— Вось! — нават усцешылася гэтай заўвазе бабуля. — Я заўсёды казала, што ты сама вінаватая ў сваёй нядолі. Сама выбрала гэтага. недаробка. Сама і пакутуй!
— Бабуля, бабуля! — умяшалася Тамара, каб папярэдзіць бурную сцэну. — Не трэба адно аднаго абражаць. Толькі час змарнуем. І ты, мам, напрамілы Бог, не ўмешвайся. Дай выказацца напоўніцу, хоць бы табе што і не даспадобы было. Згода?
— Добра, дачушка. — Вера Генадзеўна пакрыўджана зірнула на маці.
— Ну дык я магу працягваць? — іранічна спыталася Ганна Андрэеўна. Яна вытрымала салідную паўзу і загаварыла: — Дык вось, першае ўражанне ад знаёмства з будучым зяцем мяне не падманула. Больш таго, усё далейшае жыццё адно пагаршала маё меркаванне пра Пашку. І хоць жылі мы, за выключэннем апошніх гадоў, паасобку, усё ж добра было відаць, што Вера глыбока няшчасная ў сваім шлюбе. А калі няма ладу ў сям’і — найперш пакутуюць дзеці. Нездарма ж яны так любілі бавіць выхадныя ў нас з Генадзем Карпавічам. А Пашку і выгадна: закіне дзяцей у пятніцу вечарам і толькі праз двое сутак забірае — дагледжаных, накормленых, чысценькіх.
— Бабуля, не тамі, а! — не стрываў языкаты Юрась. — У мяне яшчэ сёння вечарам справы. Гэтак я да канца не дабуду.
— Ты будзеш роўна столькі, колькі спатрэбіцца! — зыкнула на яго Тамара. — І каб больш не перабіваў! Уцяміў?
Брат не адказаў. Апусціў вочы на мысы сваіх тапак.
— Карацей, сербанула мая дачка з Пашкам гора. Не прывядзі Бог як сербанула, — доўжыла Ганна Андрэеўна. — Гэта для мяне відавочна было. Але тое толькі кветачкі, пакуль я на сваёй шкуры не зведала яго зверскі характар. Пакуль быў жывы Генадзь Карпавіч, — тут яна ледзь не ўсхліпнула, — зяць хоць адкрыта мяне зневажаць не асмельваўся. А як памёр мой муж ды собіла нам аб’яднаць кватэры — і пачалося. Пекла, сапраўднае пекла з такім чалавекам жыць! Ён знарок зрабіў такую лесвіцу, каб я наверх не магла падымацца. Сваркамі, звадамі, скандаламі ўсіх выцесніў зверху і зажыў там, як пан, калі астатнія мусілі цясніцца агулам, як быдла.
Читать дальше