— Ды мы верым, Тамарачка. Можа, не трэба? — засумнявалася Вера Генадзеўна. — Гэта ж у пэўнай ступені ваша інтымнае жыццё.
— А я дык ахвотна паслухаю гэтага мацюкальніка! — праявіла непадробную цікавасць да зместу касет Ганна Андрэеўна.
— І я хачу праслухаць, — ажывіўся Юрась, які ўжо прадчуваў бацькава «красамоўства» ў адрас Тамары і яе сужыцеля.
— Неабходна праслухаць, мама, — сказала Тамара, — хоць, па шчырасці, мне гэта будзе балюча. Але толькі ў такім выпадку вы зразумееце, што ў мяне не было іншага выйсця, як прыняць рашучыя захады.
Уключылі Юрасёву магнітолу, уставілі касету, і неўзабаве з магутных дынамікаў загрымеў крыкліва-пагрозлівы, часам насмешлівы і крыўлясты голас Паўла Алегавіча. Ён сапраўды не саромеўся ў выразах, і даслоўна перадаваць яго прамовы ніяк немагчыма. Падчас праслухвання Вера Генадзеўна скрушна хітала пануранай галавой, Юрась зларадасна ўхмыляўся, Г анна Андрэеўна разпораз ускрыквала «Ну, я ж казала!» і «Які ж падлюган!», а Тамара, з ганарліва ўзнятай галавой, удавала нявінную, несправядліва пакрыўджаную паненку.
Нарэшце Вера Генадзеўна настойліва папрасіла дачку выключыць, не зважаючы на нездавальненне Г анны Андрэеўны і Юрася, якім відавочна карцела слухаць далей.
— Ну хоць хвілінку яшчэ! — запратэставаў брат, калі сястра рашуча наблізілася да магнітолы.
— Пераб’ешся, — кінула на яго Тамара ўтрапёны позірк, шчоўкнула пераключальнікам і дастала касету.
— Тады хоць лісты дай пачытаць!
Сястра не ўдастоіла брата адказам. Касету яна паклала назад у непразрысты пакет, села на ранейшае месца і прамовіла:
— Але гэта яшчэ не ўсё. Бацька, як вам неўзабаве стане вядома, не абмежаваўся вуснымі пагрозамі, а пачаў літаральна пераследаваць нас з Пецем. Яшчэ ў пачатку чэрвеня нашы людзі сталі заўважаць яго каля нашага дома, прытым ён, як злодзей, таіўся, паводзіўся падазрона.
— Ого! — усклікнуў узрадаваны Юрась, прадчуваючы новую забаўную гісторыю. — Аж вунь яно што!
— ...Ён паводзіўся падазрона, — успыхнула ад злосці сястра з-за таго, што яе перабілі, — і нам давялося наняць прыватнага дэтэктыва. Для абароны.
Маці з бабуляй слухалі вельмі ўважліва і сур’ёзна. Юрась жа ўсё ўсміхаўся і наравіў уставіць якуюсь дурную заўвагу.
— Вось паглядзіце, якія здымкі зрабіў прыватны дэтэктыў за месяц працы. — Яна выняла з папкі фотапакет і падала цераз стол Веры Генадзеўне.
Калі тая пачала даставаць фотакарткі, сын у нецярпенні сарваўся з месца ля дзвярэй і памкнуўся да яе.
— Стаяць! — гаркнула на яго сястрыца. — Назад, я табе гавару!
Брат напалохана аслупянеў.
— Табе дзе было загадана стаяць, боўдзіла! — спапяляла яго Тамара паглядам. — Ці ты думаеш, гэта ў нас проста гулі-забаўкі тут? А ну неадкладна наверх — яшчэ раз праверыць, ці не прыйшоў бацька!
— Мама! — абурана ўскрыкнуў Юрась, не рухаючыся з месца. — Ды што яна раскамандавалася! Хай на слуг сваіх, у асабняку, гыркае. А я вольны чалавек і не дазволю. — Тут ён запнуўся, бо ў скіраваным на яго позірку сястры выявілася столькі нянавісці і намёку на помсту ў будучыні, што брат пашкадаваў аб сваёй нястрыманасці.
— Вольны, кажаш?.. — зашыпела расчырванелая Тамара, прыўстаючы з крэсла.
— Ды я што. — замармытаў брат. — Я толькі хацеў сказаць. каб на мяне не крычалі.
Тамара сурова маўчала.
— Юрчык, — сказала маці, адвёўшы вочы ад кіпы здымкаў, якую трымала ў руках. — Я ж цябе прасіла слухацца старэйшых, асабліва сёння, калі ў нас такая важная справа.
— Схадзі, дзетка, схадзі, — параіла бабуля, якая ажно падалася цераз стол, намагаючыся разгледзець фотаздымкі ў даччыных руках. — А потым прыйдзеш і паглядзіш.
Юрась павярнуўся кругом і выйшаў з пакоя.
Тамара адразу ж села на месца, нахілілася наперад і стала паштучна браць у маці фотакарткі і каменціраваць.
— Вось, глядзіце, — казала яна, — у куце кожнага здымка аўтаматычна прастаўлены дата і час.
Трэба прызнаць, што на фотакартках Павел Алегавіч выглядаў напраўду грозна і падазрона. То ён тырчаў ля брамы, цікуючы ўбок дома, дзе пражывала Тамара. То лаяўся з вартаўніком — пра гэта сведчыў здымак з разяўленым ротам на скажоным злосцю твары. То таіўся Павел Алегавіч за тэлефоннай будкай на процілеглым баку вуліцы, назіраючы за брамай, адкуль выязджалі жыльцы. Словам, кадраў, дзе быў занатаваны Тамарын бацька ў непасрэднай блізкасці ад дома Жыгоцкага, было вельмі шмат. На двух ён трымаў у руцэ нейкі металічны дрын, сантыметраў пяцьдзесят даўжынёю. Прычым фотакарткі былі датаваны рознымі днямі, у перыяд з 15 чэрвеня па 19 ліпеня.
Читать дальше