Веры Генадзеўне каштавала вялікіх унутраных намаганняў стрымацца і не перабіць маці ў час прамовы, нагэтулькі несправядлівай ёй падавалася большасць матчыных слоў. Каб змаўчаць, яна апусціла вочы ў стол, сашчапіла і да болю сціснула пальцы рук.
А Ганна Андрэеўна злавіла кураж і прамаўляла з запалам, неверагодным для яе ўзросту і хваравітасці.
— Мала таго, што Пашка ўсё жыццё мяне ненавідзеў, — узбуджана соўгалася ў крэсле бабуля, — дык пасля пераезду сюды ён стаў на мяне пакрыкваць, лаяцца, а аднаго разу дык і наогул ледзь не ўдарыў!
— Ды хлусня гэта, мама! Калі такое было? — усё ж такі не стрывала Вера Генадзеўна.
— Мам! Ты ж абяцала! — дакорліва нагадала Тамара.
— Маўчу, маўчу... — Вера Генадзеўна ажно заціснула сабе вусны далонню.
— Так, ледзь не ўдарыў! — настойвала на сваім Ганна Андрэеўна. — І ўдарыў бы, каб не ведаў, што я яму так не спушчу, што я, калі што, яго ў турму запратору!
Вера Генадзеўна ашчаперыла панураную галаву.
— Карацей, Тамарачка, — трыумфальна працягвала бабуля, — скажу па шчырасці: я цябе разумею і цалкам падтрымліваю ў намеры яго прыструніць. Бо як ён даўся мне ў знакі за апошнія тры гады, то ўжо ўяўляю, як ты ад яго пацярпела. Гэта ж якое нахабства — умешвацца ў асабістае жыццё двух дарослых людзей. Аднак тут ён, балван, пралічыўся! Тут ён пупок надарве! І вельмі я буду радая, калі Пятро Вацлававіч яго ўціхамірыць — ды так, што на ўсё жыццё сваё, паршывец, запомніць. — Г анна Андрэеўна перавяла дух. — Вось, бадай, і ўсё, што я мела сказаць. Поўнасцю, Тамарачка, я на тваім баку.
— Дзякуй, бабуля, — сказала пасвятлелая з твару ўнучка, пацягнулася цераз стол і цмокнула бабулю ў шчаку. — Я пакуль устрымаюся ад каментарыяў, каб яшчэ раз выказацца пасля ўсіх. А цяпер, мам, — кіўнула яна на Веру Генадзеўну, якая прыкметна збляднела за апошнія хвіліны, — выкажыся, калі ласка, і ты. Дарэчы, цяпер можаш агучыць свае заўвагі па бабуліных словах.
— Што ж, — пачала Вера Генадзеўна пасля кароткай паўзы. — Я паважаю меркаванне кожнага з прысутных, — яна шматзначна паглядзела на маці, — а таму нічые словы каменціраваць не буду. Гэта іх асабістая справа. Ад сябе ж скажу, што ў цэлым вялікіх прэтэнзій да свайго мужа, Паўла Алегавіча, не маю. Жылі мы нармальна, не горш, чым абсалютная большасць беларускіх сем’яў. Выгадавалі дзяцей. — Тут Вера Генадзеўна крыху запнулася. — Павел Алегавіч, канешне, чалавек не мяккага характару, а іначай што б гэта быў за мужчына? Так, мы, канешне, сварыліся, узнікалі непаразуменні, але я гатовая паклясціся, што муж ніколі не ўзнімаў на мяне руку. Не, жылі мы нармальна. Аднак трэба прызнаць, што тры гады таму сапраўды ўзніклі сур’ёзныя праблемы. І віной усяму, — павысіла голас Вера Генадзеўна, — гэтая праклятая лесвіца, якая нібы размежавала нашу сям’ю. З гэтага часу Паўла Алегавіча як падмянілі. Ён стаў імкліва аддаляцца ад мяне і дзяцей, прытым зрабіўся нецярпімы, скандальны і ваўкаваты. Гэта трэба прызнаць. І я, нягледзячы на ўсе высілкі, нічога не змагла з ім зрабіць. Мяркую, гэта нейкае псіхічнае адхіленне. А інакш як патлумачыць яго паводзіны? Гэтая неабгрунтаваная злосць на дзяцей, асабліва на дачку. Гэтае ўпартае непрыманне Тамарынага выбару жыць з Пятром Вацлававічам... Нешта шчоўкнула і зламалася ў нашым бацьку, дзеці, — у голасе Веры Генадзеўны з’явілася непадробная горыч. — Яго відавочна трэба лячыць, каб прывесці ў нармальны, ранейшы стан. — Тут яна не вытрымала, захінула твар далонямі і ўсхліпнула.
Ганна Андрэеўна касілася на яе нядобрым позіркам, без ценю спачування і жалю.
— Давай ты, — кіўнула абсалютна спакойная Тамара на Юрася, які, наадварот, расчуліўся ад матчыных слоў.
— А што я. — ступіў ён пару крокаў наперад. — Нічога пэўнага тут і не скажаш. Хаця ўсё, так бы мовіць, навідавоку, усё зразумела.
— Я б цябе папрасіла без філасофскіх прэамбул, — абарвала брата Тамара. — Г авары па магчымасці слушна і коратка.
— Ну, калі так, то. — Юрась наморшчыў нос, нервова адкінуў з вачэй доўгую пасму валасоў, — то бацька мяне, канешне, дастаў. Урываецца ў пакой, будзіць, хоць ведае, што я сплю пасля працоўнае ночы. Пастаянна папракае тым, што я не служу ў войску, цвеліцца, здзекуецца, можна сказаць. Ніякай бацькоўскай любові, карацей, я ад яго не бачу. Не кажучы ўжо пра тое, каб які падарунак, грошы. З аднаго боку, як чужыя людзі жывём, а з другога — ён намагаецца мяне павучаць, настаўляць, грузіць натацыямі. Нешта і сапраўды з ім не тое робіцца. Можа, і праўда, як ужо тут было сказана, трэба ўрачам паказацца?
Читать дальше