Міхась ЮЖЫК
ЛЕСВІЦА
Раман
1
Павел Алегавіч бег па шпалах чыгункі. Ён задыхаўся — з грудзей вырываўся ўсхліпісты свіст, сэрцу станавілася цесна пад рэбрамі. Ногі рабіліся нейкімі ватнымі, нечуллівымі, цяжэлі, нібы прыліпалі да зямлі. З-за спіны даносіўся пагрозлівы гуд цеплавоза. Гэтая махіна неслася, каб раздушыць няшчаснага Паўла Алегавіча, расплюхаць яго кроў і мазгі па шпалах і рэйках, раструшчыць косці.
Варта было толькі ўявіць, чым ён стане пад коламі цягніка, як уцякач знаходзіў новыя сілы для свайго адчайнага бегу. Сэрца пасылала новыя патокі крыві, ногі дужэлі, і Павел Алегавіч рабіў шалёны рывок. Тады жудаснае гудзенне цягніка аціхала. Здавалася, яшчэ адно намаганне — і пагоня адстане.
Задыханы, углядаўся ўцякач наперад — туды, дзе праклятыя рэйкі струнамі злучаліся з даляглядам. Ані лясочку наперадзе, ані будыніны. Толькі высокі насып чыгункі, а ўнізе, абапал і колькі акінуць вокам, — страшная багна.
Богведама, колькі будзе доўжыцца гэты вар’яцкі бег. І скрабе гнятлівая думка: хутка скончацца сілы. Прынамсі, скончацца яны значна раней, чым паліва ў цеплавоза, што раве, скавыча, стукае-грукае недзе ззаду.
Ды не. Мусіць, проста не вытрымае сэрца. Вунь яно як малоціць, гаротнае. Але, такія прабежкі не для чалавека ў гадах.
Аднак бяжыць Павел Алегавіч, борзда скача па шпалах. Праз дзве — на трэцюю, праз дзве — на трэцюю спрытна трапляюць яго ступні. Тут збіцца — або нагу падвернеш-паломіш, або проста ўпадзеш і, канешне, не ўстанеш.
З нейкага моманту няшчасны адчуў, што паветра перастае ўваходзіць у лёгкія. Бронхі звузіліся, сціснуліся. Бег запаволіўся, і, натуральна, гучнее, мацнее з кожнай секундай гуд шматтоннага пераследніка-цягніка.
Але што гэта?! Павел Алегавіч заўважае, што зусім не бяжыць ён па шпалах, а паўзе па іх па-пластунску. Паўзе? Ды не — лезе, караскаецца, дужаецца з зямным прыцяжэннем! І рэйкі — ужо нібыта не рэйкі перад ім, а лесвіца, стромая, бясконцая лесвіца ў неба...
Цягнік праносіцца якраз пад ім. Несканчоны, цяжкі, грымлівы.
Павел Алегавіч лезе і краем вока азірае наваколле. Усё тая ж багна ўнізе. Ні людзей, ні дамоў, ні расліннасці.
Чым далей узбіраецца ён, тым свяжэйшым становіцца паветра. Як быццам распраўляюцца бронхі, і — так! — дыхаецца ўжо лягчэй. Сэрца цішэе ў грудзях, не малоціць так шалёна па рэбрах.
І ўсё б наогул добра было, каб не тое, што лесвіцы канца не відаць, а калі сарвешся і шухнеш долу, то не нашмат лепей будзе, чым раней пад цягнік.
Слепіць сонца, мацнее і халаднее па меры пад’ёму вецер. Лезе няшчасны чалавек па лесвіцы ў самае неба. Далей ад смярдзючай багны і смертаноснага цягніка. Падымаецца ў невядомасць.
2
Павел Алегавіч Багатка прачнуўся, як заўжды пасля такіх сноў, разбіты і злосны. Доўга ляжаў, млява гледзячы на брудна-белую столь, не ведаючы нават, радавацца гэтаму абуджэнню ці лепей бы ўжо наогул не прачынацца. Затым сеў на нізкім ложку, апусціў босыя ступні на прахалодную падлогу і зірнуў у шчыліну між штор. Ранішняе чэрвеньскае сонца заблыталася ў густых кронах дрэў. Дзень абяцаў быць ясным.
«Што ж, хаця б у гэтым пашчасціла», — падумаў Багатка і пачаў апранацца.
Панядзелак быў першым днём ягонага водпуску, і Багатка не ведаў, з чаго б такога плённага гэты водпуск пачаць. У Паўла Алегавіча не намячалася якіхнебудзь сур’ёзных спраў.
Сям’я Багаткаў складалася з пяці чалавек: дваццацігадовы сын, дваццацітрохгадовая дачка, жонка і цешча. І ўсе яны, на жаль, не любілі галаву сям’і, мала таго, і галавой сям’і яго не лічылі.
Павел Алегавіч працаваў намначальніка сектара ў праектным бюро маласільнага прадпрыемства, зарабляў сціпла, у сям’і быў бурклівы, прычэпісты, усім незадаволены. І наогул, жыццё гэтай сям’і працякала як бы падзеленым на два рэчышчы: у адным — Павел Алегавіч, у другім — усе астатнія. Гэта была зацятая шматгадовая канфрантацыя.
Ужо з год Багатка жыў адзін, на верхнім паверсе сваёй кватэры. А жонка, цешча, сын і дачка — на ніжнім. Дачка, праўда, месяц як сышла з дому — сужыцельстваваць з адным тыпам, пра якога — пазней.
Цікава, што ж за кватэра такая шматузроўневая ў другараднага інжынера Багаткі, адкуль такая раскоша?
А раскошы тут і няма, проста адна кватэра — цешчына двухпакаёўка на трэцім паверсе, а другая, непасрэдна над ёй, уласна Багаткава. Два гады таму, калі памёр цесць і цешча стала часта прыхворваць, жонка падкінула Паўлу Алегавічу ідэю перасяліцца ў бацькоўскі дом, праз размен, з даплатаю, калі трэба. Бо дазналася, што суседзі зверху не супраць у цэнтр пераехаць, да работы сваёй бліжэй, да тэатраў і гожых крамаў. А ранейшая кватэра Паўла Алегавіча блізу цэнтра была, някепская.
Читать дальше