О, не толькі вымаўляць — пра сябе прагаворваць, успамінаць не мог ён без зубоўнага скрыгату імя Жыгоцкага. Прывідам, з юнацтва, са студэнцкіх гадоў пераследуе яно Паўла Алегавіча. І дня адзінага за чатыры дзесяцігоддзі не выпала, каб не згадаўся гэты чалавек, месяца — каб упоперак горла не стаў, года — каб не насаліў, не прынізіў.
Так, не бывае горшых ворагаў у чалавека, чым колішнія сябры.
5
Пятро Вацлававіч Жыгоцкі.
З ім Багатка дзяліў інтэрнацкі пакой тэхналагічнага інстытута ажно чатыры гады, з другога курса па пяты. Абодва правінцыялы, з райцэнтраў. І абодва ведалі, што трэба любой цаною, хоць жылы парві, зачапіцца па размеркаванні за Мінск. Кемлівы Пецька яшчэ на трэцім курсе ўладкаваўся на паўстаўкі на прадпрыемства і Пашку, свайго прыяцеля, туды пацягнуў. Не прагадаў Жыгоцкі, як, зрэшты, ніколі ў жыцці не прагадваў. Засталіся яны ў сталіцы, абраслі з цягам часу кватэрамі, сем’ямі. Але тут і канец іхняму падабенству. Бо Павел Алегавіч Багатка, як ступіў трыццаць тры гады таму за парог прадпрыемства, так і дагэтуль туды цягаецца. Не тое — Пятро Вацлававіч.
Пецька адразу, гіганцкімі крокамі, пайшоў, пабег, паскакаў угору. Мала працаваў ён па сваёй спецыяльнасці, а ўсё больш — камсоргам, прафоргам, у партактывах цёрся, з прыцэлам кіраваць ды вяршэнстваваць. З дваццаці васьмі гадоў яго ўжо службовая машына вазіла, а гэта па тым часе — сярэдзіна 70-х — адно з наменклатурнымі сынкамі здаралася. Відным быў жаніхом Пецька Жыгоцкі. Шыракаплечы, высокі, шавялюра густая, русая. І галоўнае, пастаянна ў руху ён, у дзеянні, энергія так і перла. Сіла адчувалася ў Пецьку, патэнцыя. Ох і бегалі ж за ім дзяўчаты, літаральна біліся за гэты куш. А ён, ведаючы сваю звабу, перабіраў іх, капрызнічаў. Ужо і кватэра ў яго была гожая, і трыццацігадовы ўзрост, а ўсё не жаніўся. Затое якіх толькі цац не ўсаджваў Пятро ў службовую «Волгу» ды не вазіў кватэру сваю «паказваць»: і высокіх, і нагастых, і з валасамі да пояса белымі. Ох, ды давайце па шчырасці, зайздросціў, дужа зайздросціў яму тады Пашка. Ужо не сябравалі на той час, канешне, яны, а толькі зрэдку сустракаліся на тэрыторыі прадпрыемства. Але ў акно Паўлавага сектара, проста з рабочага стала, добра было відаць цэнтральную прахадную, куды пад’язджаў і адкуль адбываў на аўто, праваруч ад кіроўцы, дзелавіты Пецька. Там жа і паклонніцы яго падсаджваліся-высаджваліся.
Пры мімалётных сустрэчах з былым прыяцелем самавіта трымаўся Пятро, з падкрэсленай тактоўнасцю ўдачлівага, моцнага чалавека. Па плячы не ляпаў, а горача ціснуў руку і прапаноўваў адысціся ўбачок, пагутарыць. Зазіраў у вочы ласкава, спагадліва, прасіў расказаць, як у яго, Паўла Алегавіча, справы. А справы ў Паўла былі такія, што не пахвалішся. Хіба распавядзеш, што сем гадоў у агорклым інтэрнаце жывеш, з суседам-п’янтосам? Хіба адкрыешся, што да трыццаці гадоў толькі адну і спазнаў жанчыну, дый тая хутка ад яго драпанула? Хіба падзелішся, што пяць гадоў на адным хлебе, кефіры гаруеш, кааператыў будуючы непасільна, і калі яшчэ таму будаўніцтву канец? Раскрываў Багатка нехаця рот, мямліў, чырвоны ад сораму, ва ўсмешлівыя вочы дамскага ўлюбёнца. А таго ўжо аклікаў нехта паблізу, па справе неадкладнай, у вір жыцця. «Прабач, дружа, убачымся!» — развітальна трос руку, адыходзіўся Жыгоцкі ад Пашкі — у пінжаку бездакорным зазвычай, у чысцюткіх імпартных туфлях шыбаваў жвава. І заставаўся пасля яго, доўга яшчэ цвяліў Багаткаў нюх пах даражэзнага адэкалону.
Пецька і Пашка. Пятро і Павел.
Кожнаму, брат, сваё.
Ды дзякаваў, урэшце, Багатка лёсу, што ўсё ж агораў ён той кааператыў. Хутка і нявеста знайшлася, рыжая рухавая Вера, жонка яго цяперашняя. Палымяная, як агонь, у каханні нястомная, у жыцці ўчэпістая. Мінчанка. І бацька яе з сувязямі, сярэдняй рукі чыноўнік. Наладзіў Генадзь Карпавіч хітрамудрую камбінацыю дый грошай падкінуў, і памянялі яны Багаткаву аднапакаёвую кватэрку на двухпакаёвую ў цэнтры горада. Дом, праўда, аказаўся стараваты, з драўлянымі пажаранебяспечнымі перакрыццямі, з сумешчаным санвузлом, з вузкім балкончыкам на шумную вуліцу. Дый паркет давялося перакладаць, а гэта грошы і грошы. Аднак памог, дужа памог тады Генадзь Карпавіч. Зямля яму пухам, цудоўны быў чалавек. Не ў прыклад жонцы сваёй, свякрусе Паўлавай, значыць.
Зрэшты, пераезд на новую кватэру і нараджэнне дзяцей сталіся апошнімі жыццёвымі поспехамі Паўла Алегавіча, яго, так бы мовіць, вяршыняй. Затым — усё пад гару, ды таптанне на месцы, ды пад гару, ды таптанне.
Читать дальше