Не хацеў спачатку Багатка і слухаць пра такі варыянт, працівіўся. Але скубла яго жонка Вера Генадзеўна ўдзень і ўначы, скандаліла, праклінала, пагражала разводам. Зусім стала невыносна жыць Паўлу Алегавічу. Згадзіўся, размяняў, пераехаў.
І амаль адразу, паўгода не прамінула, дамогся ён у чыноўнікаў афіцыйнага дазволу злучыць дзве кватэры, прабіўшы столь. Жонка напачатку не пярэчыла гэтай задуме, нават радая была. Ну як жа: ажно чатыры пакоі ды плюс кухні і ванныя — хадзі не хачу. Ды пралічылася яна, недагледзела. Бо замысліў гэта Павел Алегавіч з адзінай мэтай — схованку сабе ад цешчы знайсці, каб не магла звадлівая Ганна Андрэеўна яго штодня шкуматаць, каб хоць на другім паверсе ад яе затуліцца. Тут быў на першы погляд нелагічны, а насамрэч далёкі і каварны разлік.
Лесвіцу, што злучала паверхі, знарок зладкаваў стромую — металічную, з вузкімі і высокімі прыступкамі, з тонкімі поручнямі. Зварыў яе на заводзе сваім, у аднаго знаёмага майстра. Прывёз дадому ў той дзень, калі жонка, медсястра, была на дзяжурстве, а цешча — у бальніцы чарговы раз. І спорненька, за тры гадзіны, з дапамогай двух рабацяг так уштукаваў лесвіцу, нібы яна там гадоў трыццаць стаяла. Заліў бетонам, затынкаваў стыкі, пафарбаваў у вясёлыя колеры.
А жонка, вярнуўшыся са змены, і не расшалопала нават падвох, наадварот, хваліла і дзякавала. Усё раскрылася праз пару тыдняў, па вяртанні цешчы з бальніцы. Мажная, дзябёлая Ганна Андрэеўна паднялася, праўда, разочакдругі наверх, адужала. Ды праз гадзіну ёй зрабілася блага, выклікалі «хуткую», адхайвалі ад сардэчнага прыступу. І звязалі гэта сямейнікі з «выклятай» лесвіцай Паўла Алегавіча. Тут жа прыпомнілі яму ўсе астатнія грашкі-награшэнні. Усчаўся скандал, у якім Ганна Андрэеўна, не зважаючы на нядаўні прыступ, раўла галасней за астатніх, бегала па ніжнім паверсе, ірвала на сабе валасы і сыпала праклёны на галаву зяця. Тады кінуў ёй у твар Павел Алегавіч ключы ад верхняга паверха, прапанаваў, калі цяжка, хадзіць па агульнай лесвіцы. І збег з дому на трое сутак. Начаваў у стрыечнай сястры Ліны.
З таго помнага дня цешча прынцыпова перастала хадзіць наверх, а Павел Алегавіч крайне рэдка спускаўся ўніз. Вера Генадзеўна перасялілася ў пакой маці і таксама нячаста наверх падымалася. Дарослыя дзеці жылі з маці і бабуляй, дзялілі большы пакой.
Зрэшты, паўгода назад сын Юрась, невыносны аболтус і ветрагон, узяў і самавольна перабраўся наверх, аб’явіў, так бы мовіць, прэтэнзіі на жылплошчу. Сварыліся яны з Паўлам Алегавічам несупынна, грызліся па любой драбязе. Але ж месяц таму, калі дачка Тамара сышла да Жыгоцкага, сын зноў апусціўся ўніз і зажыў у яе пакоі кум каралю.
3
Гэтай раніцай Багатка намерваўся не спускацца ўніз і выйсці з кватэры са свайго паверха. Нават выпіў на кухні ўчарашняга чаю з чэрствым батонам і зацукраваным варэннем — каб не спускацца ўніз снедаць, каб не сутыкацца з дамашнімі. Аднак нейкая чортава сіла павяла-такі яго па лесвіцы ў жончыны апартаменты.
Першае, на што натрапіў Павел Алегавіч у калідоры, была неахайная са сну, у разбэрсаным доўгім халаце цешча. Яе поўны твар выявіў нават не раздражненне ад зяця, а крайнюю да яго абыякавасць. Не вітаючыся, Ганна Андрэеўна з годнасцю праплыла паўз Багатку, пры гэтым яе пухлыя румяныя шчокі і некалькі падбародкаў плаўна пагойдваліся ў такт крокам. Рукі яна чамусьці засунула за спіну.
Не павітаўся з ёй, зразумела, і Павел Алегавіч.
Цешча паважна павярнула на кухню, а ён скіраваў у спальню, дзе жонка ўпраўлялася з пасцельнай бялізнай, засоўвала яе ў адчыненую ніжнюю скрыню секцыі.
Пакой, дзе мясцілася Вера Генадзеўна са сваёй маці, быў не вялікі і не маленькі — сярэдненькі такі, амаль квадратны. Апрача старэнькай секцыі, тут стаялі нязграбны высокі ложак Ганны Андрэеўны, нізкая раскладная канапа, на якой спала жонка, у адным з супрацьлеглых акну кутоў — трумо, у другім — маленькі каляровы тэлевізар на тумбачцы. Стаяла тут яшчэ мяккае нізкае крэсла, неймаверна грувасткае і недарэчнае, на ім цэлымі днямі, проста пасярод пакоя, сядзела цешча. Вечарамі неадрыўна глядзела тэлевізар, а ўдзень або шамацела газетамі, або са сваёй нястомнай цікаўнасцю пазірала ў калідор, праз заўсёды адчыненыя дзверы. Крэсла стаяла так, што было добра бачна, хто завітвае ў кватэру і хто спускаецца зверху (лесвіца выходзіла ў калідор). Цешча любіла ўсё трымаць пад кантролем, і гэта толькі падагравала нелюбоў да яе Паўла Алегавіча.
Але зараз, дзякаваць Богу, яна пашкандыбала на кухню, і з’явілася магчымасць пагаварыць з жонкай сам-насам.
Читать дальше