Не тое — Пятро. Той штогод новыя алімпы браў, авалодваў новымі хуткасцямі.
У трыццаць адзін год Жыгоцкі ажаніўся і адразу пасля гэтага быў накіраваны на працу ў гарвыканкам. Чатыры гады нічога не чуў пра яго Павел Багатка. Затым Жыгоцкі зноў з’явіўся на іхнім прадпрыемстве ўжо ў якасці намдырэктара. Але прарабіў Пятро Вацлававіч (так усе цяпер яго велічалі) на гэтай пасадзе нядоўга, каля года, і перайшоў ці то ў райкам, ці то ў райвыканкам — ужо і не прыгадае дакладна Багатка. Потым перавандраваў Пятро ў нейкае міністэрства, крыху пазней — яшчэ кудысьці вышэй...
І Бог бы, здавалася, з ім. Жыві сабе на здароўечка. Ды стаў Жыгоцкі праяўляць да Багаткі нейкі недарэчны і назойлівы клопат. Звяжацца з Паўлам па тэлефоне, пацікавіцца голасам самавітым: як здароўе, маўляў, як жонка і дзеці, а ці не хоча ён, Павел, дзяцей сваіх на лета ў гожы піянерлагер адправіць, а ці не трэба яго жонцы ў які санаторый?
З першага ж разу тарганулася нешта ў ім, сцялося: небяспека! — і ён даволі бесцырымонна адмовіўся. А Жыгоцкі, як нічога не было, праз паўгода зноў пазваніў з мядова-заваблівымі прапановамі. І, на няшчасце, побач жонка, перад люстэркам, стаяла. Як пачула ўніклівым вухам сваім іх гутарку — што адмаўляўся Багатка ад санаторыя, — то на тэлефон рынулася, гатовая ў трубку ўлезці, тыцнулася ў шчаку доўгім носам, зашыпела, засыкала: «Ідыёт, згаджайся, я табе гавару!» — і пальцамі вастраногцевымі мужа за задніцу ўшчыкнула.
З тае пары і ў элітныя санаторыі яны ездзілі, і Юрка з Томкай у «Зубраняці» штолета адпачывалі. Верка хутка звыкла да гэтых выгод, разласавалася. І ўжо панукала Паўла Алегавіча самому выходзіць на свайго сябра, не чакаць, пакуль той патэлефануе... Ніводнага разу сам яму Багатка не пазваніў, хоць і наладжвала жонка за гэта скандалы, істэрыкі. Няўдачнікам абзывала, баязліўцам, нікчэмнасцю. Цярпеў.
А Жыгоцкі не сябраваў з імі, не, ён адно апускаўся да іх, праяўляў паблажлівы клопат. На недасяжнай вяршыні сядзеў гэты чалавек, з такімі паднебнымі жыхарамі простыя смяротныя не сябруюць, а, як ад багоў, чакаюць ласкі ды літасці. Быў гэта для сямейства Багаткаў не чалавек, а кіраўніча-адказны голас па тэлефоне.
І з чаго, гадамі пытаўся ў сябе Багатка, такая любоў у Пятра Вацлававіча да яго сям’і абудзілася? З чаго дабрачыннасць? «Ды праваліся ты са сваімі паслугамі ў апраметную!» — нешта падобнае не раз прамаўляў пра сябе Павел Алегавіч. І прамовіў бы ўслых, і выкрыкнуў бы Жыгоцкаму гэтыя словы, каб жонкі так не баяўся. Як разлютуецца, бывала, Верка, як закоціць чортведама з-за чаго істэрыку — з біццём посуду, з галаслівым качаннем па падлозе і стогнамі, — то потым тыдзень не можаш ачомацца. І за дзяцей страшна. Колькі разоў прасіў яе і маліў: «Мяне мардуеш, то хоць дзяцей пашкадуй! Вырастуць недаробкамі з-за тваіх бзыкаў!» Дзе там! «Ненавіджу, — крычала, — цябе! Гад ты паршывы, мярзотнік!» І гэтай жа ноччу, ліпка тулячыся да яго цела: «Родненькі мой, харошы!»
Не, не праходзіць, нічога не праходзіць бясследна. Ні для сябе, ні для дзяцей, ні для ўнукаў, калі яны будуць.
І сыр бясплатны вядома куды кладуць. Гэта наконт Жыгоцкага.
Вось табе і ўладкаваў Багаткаву дачку ў сваю фірму на добрае месца! (Жыгоцкі з канца 90-х — буйны бізнесмен.) Вось табе і добразычлівасць, вось табе, Вера Генадзеўна, і дагуляліся.
А зрэшты, якое там — дагуляліся. Яна, Верка, толькі ўсцешана гэтакім паваротам. Пяціпавярховы асабняк — і дачка ў ім царыцай расходжвае. Там і ўнукі, думае, калісьці яе зажывуць. А што Павел Алегавіч начэй не спіць, што працаваць і нічым толкам займацца апошні месяц не можа — то гэта яе не турбуе.
А нахабніца Томка ўжо і фотакарткі прыносіла таго загараднага гмаху: і ў басейне яна там, і ў спальні раскошнай, і ў кухні стометровай на крэсле раскінулася, і ў лясочку ўласным на арэлях, і ля аўто дарагога. А гэтыя дзве дурніцы, жонка з цешчай, у захапленні войкалі, дзівуючыся. Чуў гэта Павел Алегавіч са свайго верха, праз лесвіцу. Ды што там чуў! — ноччу спусціўся, як злодзей, узяў тыя здымкі і разглядаў.
6
Ды што ж гэта такое, чорт яго раздзяры! Багатка ў раздражненні ўскочыў з лаўкі. Ну многа, проста неабдымна многа ў ягоным жыцці гэтага чалавека. Нібы ўвесь свет — адзін Жыгоцкі і ёсць. Ён вонкі, ён і ўнутры — пад сэрцам, у страўніку, у мозгу спакутаваным. Цісне, смыліць, запаланяе думкі і сны. О Божа!
Павел Алегавіч агледзеўся па баках, зірнуў на неба. Здаецца, задумаўся ўсяго на хвілінку, а ўжо немаведама адкуль набег статак бела-ружовых прыземістых аблачын. Шпарка нясуцца яны, гнаныя паўночным вятрыскам, вось адна і сонца прыкрыла. Але сінечы ўсё ж пакуль нашмат больш, чым аблокаў. Так, пэўна, і будзе ўвесь дзень сонца гуляць у хованкі. А дажджу не збярэцца. Павел Алегавіч ведаў гэта па тым, што перад непагаддзю заўсёды ныла яго правая кісць, калісьці паламаная ў сямі месцах. Цяпер жа яна маўчала.
Читать дальше