– Гэта могуць быць рэшткавыя эфекты, – не змаўчаў Бухоўскі. – Але я на вашым месцы зараз бы гнаў на самай вялікай хуткасці. Праўда, якая там хуткасць ад старога «жыгуля»?!
– Ну, не скажыце, – захмялелым голасам запярэчыў Альхімовіч. – Каркас у гэтай машынкі стары, але нутро навячае, і ад не самых кепскіх тачак. Таму адарвацца ад нейкага там «бумера» цяжкасці нам не складзе.
Толькі ён выдаў гэтую хвалебную тыраду, як ззаду загрымелі стрэлы.
– Ну, нічога сабе! Яны ж пуляюць на паражэнне! Эрнест, прызнавайся, што да чаго! – усхадзіўся фізік, дадаючы больш высокай хуткасці.
Усе міжволі ўвабралі галовы ў плечы і нахіліліся, баючыся злавіць шалёнага свінцу. Бязмоўна я лаяўся на сябе за тое, што не прапароў у «бумеры» адразу ўсе чатыры колы, што не закінуў куды падалей ключы ад яго, што не праверыў вартоўню, дзе мог быць дадатковы сведка таго, што адбывалася да спынення і пасля аднаўлення часавага руху. Грымнулі яшчэ два стрэлы. Ярык даў яшчэ болей газу, але гэта не павялічыла пэўнасці ў тым, што мы абавязкова адарвемся ад пагоні. Я дастаў артэфакт і паспрабаваў выкарыстаць тую самую пчаліную мантру, аднак нічога не адбылося: час не спыніўся, крылы ў «жыгулёнка» не выраслі, «бумер» у пекла не збочыў. З жахам мне ўяўляліся наступствы пагоні. І жахалі мяне не кулі, якія маглі нарабіць дзірак і ў машыне, і ў кожным з яе пасажыраў. Жахала перспектыва таго, што мы ўсё ж адарвемся ад пераследнікаў, а потым яны і іх верагодныя сябручкі будуць гойсаць па горадзе ў пошуках кожнага з нас і помсціць у стылі класічнай італьянскай мафіі ці тэрытарыяльна беларускіх бандфармаванняў дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя.
– Здаецца, адарваліся, – выдаваў жаданае за сапраўднае Альхімовіч.
– Адарваўся гузік ад шырынкі сатаны, – змрочна адрэагаваў Майсюк. – У добрую справу ўцягнуў нас Эрнест Скіргайлавіч.
Апраўдвацца ў той момант было заняткам бессэнсоўным. Мы пад’яжджалі да павароткі на горад. Там маячылі дзве дзявочыя постаці.
– Опанькі, Зарыцкая і Шчодрык! – персаніфікаваў іх Алесь. – З якой радасці яны тут?
– Мабыць, у Цыпінай былі, – выказаў здагадку Ярык. – Ну, што падбіраем іх? Галасуюць жа.
Пытанне было лішнім.
Дзяўчаты ўпліснуліся на задняе сядзенне да Бухоўскага і Альхімовіча. Вытокавец не прамінуў ушчыкнуць і адну, і другую ніжэй спіны. Але ні адна, ні другая не піскнулі, быццам усё адбывалася так, як і мае быць. На пытанне, адкуль яны тут, мае ўчорашнія вучаніцы сказалі, што вяртаюцца з рэканструкцыі абраду «Гуканне вясны». Мікаэла гэта яўна ўзбудзіла, і ён стаў распытваць, ці гулялі там у «Падушачку», і, не чакаючы адказу, выказаў упэўненасць, што такія прыгажуні без пацалункаў у той гульні не засталіся. Выпускніцы хіхікалі і распакоўвалі свае сумкі, дастаючы з іх і збіраючы ў нешта цэлае нейкія трубкі і іншыя дэталі.
– Гэта яшчэ што за хрэнь? – здзівіўся аматар гульні ў «Падушачку».
– Мабыць, нейкі старажытны беларускі музычны інструмент, – выказаў здагадку Хімыч.
– Бляха, дзеўкі, толькі не пачынайце іграць на гэтай валынцы. І так мазгі пухнуць, – нервова папрасіў фізік.
– Мы ведаем, што ў вас пэўныя праблемы, – сказала Арына.
– Вы не можаце іх вырашыць зараз, як бы хутка ні імчалі прэч ад іх, – працягнула Міла.
– Але мы вам дапаможам, – вымавілі яны дуэтам, як у рэкламе.
Зарыцкая папрасіла Мікаэла адчыніць вакно і села яму на каленкі. Той ад раптоўнага шчасця ледзьве на сёмае неба не ўзняўся.
– Трымайце сябе, а галоўнае яе ў руках, – наказала яму Шчодрык, перадаючы сабраны з трубак інструмент сваёй сяброўцы. Сяброўка разам з інструментам вытыркнулася ў вакно, і толькі тады я скеміў, што ў яе руках гранатамёт. Ззаду на дарозе зноў з’явіўся «бумер».
– Яраслаў Леанідавіч, скіньце крыху хуткасць, – пракрычала Арынка. – Няхай заедуць на сярэдзіну пуцеправода, застаючыся навідавоку.
Пераследнікі зноў распачалі страляніну. Кулі чыркалі па даху і абшыўцы «жыгулёнка», цудам не закранаючы Зарыцкую.
– Ды што ж гэта за халера такая! – мала не залямантаваў Ярык, але хуткасць скінуў.
– Арына, можа не трэба? – дужа захваляваўся я. – Можа, яно ўсё і так вырашыцца…
– Не вырашыцца, Эрнест Скіргайлавіч, – замест сяброўкі адказала Шчодрык.
Зарыцкая прыцэлілася і, вытрымаўшы паўзу, націснула на цынгель. Пачуўся глухі гук, з трубы вылецела ракета і шугануў дым, хвост якога цягнуўся за ёй аж да самага трапляння ў цэль. Грымнуў выбух. «Бумер», ахутаны полымем, адкінула за парэнчы пуцеправода, і праз нейкія секунды ён знік з відавоку. Выпускніца шпурнула ад сябе гранатамёт і шмыгнула ў салон, какетліва падміргнуўшы Бухоўскаму:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу