– Табе, напэўна, толькі рамшцейнаў падавай, каб ду хаст на ўвесь розэнрот, – саркастычна заўважыў той, радуючыся, што, нібыта ўдала, падкалоў мяне.
У салоне на пэўны час усталявалася трывалае хі-хі. Махнуўшы рукой на гэтую акалічнасць, я нарэшце адказаў Алісе са смайлікам: «Ты ж старалася». Майсюк прытармазіў на раздарожжы і спытаў у мяне:
– Граф Монтэ-Крыста, куды далей?
– Зараз скажу, – захваляваўся я, зазіраючы ў наспех выцягнутую з кішэні карту.
– Было б няблага навігатар паставіць, – дзелавіта заўважыў Мікаэл. – Не стала б патрэбы лішні раз корпацца ў мапах. Да таго ж усе нашы мапы недакладныя. Так з савецкіх часоў павялося. Каб патэнцыйнага праціўніка заблытаць.
– Ай! Ну, змоўкні хоць на хвіліну, і без тваіх заўваг цяжка, – злёгку ўскіпеў я, не могучы ніяк зарыентавацца па карце.
– У цябе якога года мапа? – паблажліва спытаўся Бухоўскі.
– Тут напісана, што ў друк аддадзена была 29.07.1988 года, – нядбала кінуў я.
– Ну, вось. Ты б яшчэ мапу Вялікага княства Літоўскага XVII стагоддзя ўзяў, – засмяяўся Мікаэл, забіраючы карту.
У адрозненні ад мяне ён вельмі хутка знайшоў неабходныя арыенціры і паказаў, куды трэба ехаць.
Ярыка яўна даймалі сумневы наконт узроўню кампетэнтнасці парады майго старога прыяцеля, і на ўсялякі выпадак фізік перапытаў у мяне:
– Дык едзем?
– Едзем, – пацвердзіў я.
Майсюк павярнуў на гравійку, якая сцялілася між зялёных узгоркаў. Альхімовіч пацікавіўся, ці не курганы гэта. Я прызнаўся, што не ведаю. Мікаэл стаў у звыклай для сябе манеры ўшчуваць мяне за няведанне легендаў і казак роднага краю.
– Людзі расказваюць, што даўным-даўно ў гэтым месцы сышліся ў бязлітаснай бітве волаты трох магутных цароў, – стаў распавядаць Бухоўскі. – Цары гэтыя паміж сабою былі братамі, але пасварыліся і зрабіліся адзін аднаму ворагамі яшчэ ў юным узросце, калі давялося дзяліць спадчыну, што засталася ім ад памерлага прадзеда. Так, менавіта ад прадзеда, бо ён здолеў перажыць і іхнага дзеда, і іхнага бацьку, застаючыся ўладаром вялікага гаспадарства. З цяжкасцю падзяліўшы спадчыну, цары доўга жылі збольшага мірна, хаця кожны з іх хацеў стаць уладаром на ўсіх землях прадзедаўскай дзяржавы. Аднак міру было наканавана рухнуць, і ён рухнуў. Немалады кудзеснік аднаго цара закахаўся ў юную ткаллю другога цара і разам з ёю ўцёк ды затаіўся сярод пушчаў ва ўладаннях трэцяга цара. Калі ўсе цары даведаліся пра тое, што адбылося, пачалася вайна. А вайне дай толькі рады разгарэцца, і яна запалае так моцна, што ў гэтым полымі хутка ператворыцца ў попел памяць пра тое, што стала нагодай для вайны. Так здарылася і тут. Ваявалі волаты, нішчылі адзін аднаго, плюндравалі землі і люд, не помнячы, навошта яны ўсё гэта здзірства чыняць. Кажуць, што пад Галацічаскам шмат волатаў палегла разам са сваімі царамі. А кудзеснік з ткалляй ператрывалі тую бітву, хаваючыся на востраве, што калісь быў недалёка ад таго месца, дзе Быстрыца ўпадае ў Сівую. Калі бітва скончылася, прыплылі яны чоўнам на гэты бераг, пайшлі на поле, дзе кагадзе віравала бітва, каб пахаваць усіх, хто спачыў у ёй. Сто і адзін дзень кудзеснік і ткалля толькі і рабілі тое, што насыпалі курганы над нябожчыкамі. Сто і адну ноч кудзеснік і ткалля толькі і рабілі тое, што аддавалі малітвы багам. І ўвесь гэты час не было на небе ні сонца, ні зорак, ні месяца. І толькі калі быў пахаваны апошні загіблы волат, завіднеўся сонечны прамень. Кудзеснік і ткалля вярнуліся на востраў і жылі там далей: можа, сотню, а можа, і цэлую тысячу гадоў. Вось.
– Нішцяковая легенда, – уражана выгукнуў Альхімовіч.
– Вось толькі баюся, што пан Бухоўскі выдумаў яе толькі што, – паспяшаўся засумнявацца я.
– Што? Ты мне не верыш? – абурыўся Мікаэл. – Які ты пасля гэтага сябар? Мы ж з табой разам столькі шнапсу разам папілі! Столькі вогнішчаў купальскіх развялі! А ты вось так…
– Здаецца, прыехалі, – прамовіў Ярык, спыняючы тым самым магчымы працяг пустой палемікі.
Мы выйшлі з машыны, амаль не зводзячы вачэй з вялікага прастору занятага стройнымі шэрагамі вулляў. Пасека была агароджана невысокім хліпкім штыкетнікам, які яўна прызначаўся не столькі абараняць тэрыторыю, колькі папросту ўказваў на яе межы. Недзе ўдалечы стаяў маленькі домік, які ў мяне асацыяваўся толькі з адным словам – «вартоўня». Быў там хтось ці не было, магло выявіцца ў самы бліжэйшы час. Ці не выявіцца наагул.
– Пчолачкі гудуць, хатку будуюць, – ціха запяяў Мікаэл радок народнай песні і прыкурыў цыгарэту.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу