Вярнуўшыся назад, я тым самым спосабам перамясціў сваіх таварышаў у «жыгулі». Потым парупіўся максімальна прыбраць усё, што магло сведчыць пра нашу прысутнасць на дзялянцы і бойку на ёй. Калі гэта было зроблена, я яшчэ раз агледзеў наваколле. Не заўважалася нічога падазронага. На імгненне мне закарцела завітаць у вартоўню і праверыць яе, але ўрэшце я абыякава махнуў рукой і сеў у «жыгулёнак». Зусім не задумваючыся, якім чынам запусціць час наноў, я дастаў артэфакт. Вусны самі, міма маёй волі прашапталі радок з іншага варыянту песні пра пчолаў-дойлідаў: «Пчолачкі гудуць, цэркаў будуюць». Усё навокал ажыло. Хлопцы разам крыкнулі нейкую няўцямшчыну і сталі здзіўлена азірацца адзін на другога і на мяне.
– Мне так добра па кумпалу далі, што я не памятаю, як апынуўся ў машыне? – выказаў Бухоўскі ўласнае здзіўленне.
– І я хацеў бы спытаць тое самае адносна мяне, – прамовіў Майсюк.
– І я… – далучыўся Альхімовіч.
– Мужыкі, вы пра што зараз увогуле гаворыце? – прыклаў я немалыя высілкі, каб прамаўляць і выглядаць натуральна.
– Што з тымі бумерастамі? – выдаў ёмкае слаўцо Мікаэл.
– Тыя, хто на «бумеры» ехалі? – удаваў неразуменне я. – Дык яны, як ехалі так і паехалі сабе далей.
– Ты хочаш сказаць, што ніякай бойкі між намі і імі не было? – яшчэ больш збянтэжыўся Ярык.
– Бойкі? – вырачыў я вочы. – Ды не. Не было нічога такога. Я знайшоў тое, што шукаў, і мы зазбіраліся ў зваротную дарогу. Ты нават узрадаваўся, што пошукі не шмат часу забралі.
– Бляха, Баласт, ты заліваеш, – абурыўся вытокавец. – Мы не маглі проста так сесці і паехаць назад, не выпіўшы абяцанай беленькай.
Для яго гарэлка па-ранейшаму была на першым месцы, засцячы сабою нават неверагоднае здарэнне, якое выглядала прыкладам калектыўнага трызнення.
– Дык у машыне і збіраліся выпіць, – сказаў я, клапатліва развязваючы заплечнік з біклагай гарэлкі, пластыкавымі кубачкамі і пакункам з закускай. – Вось і беленькая, і сала, і каўбаска…
– А гурочкаў салёных не ўзяў? – пыхнуў расчараванасцю Мікаэл.
Я хацеў паказаць яму мяшэчак з гуркамі, але Ярык злосна ўскрыкнуў:
– Ды якія на фіг гурочкі! Тры чалавекі памятаюць тое, чаго па словах чацвёртага папросту не было. Гэта нармальна?
– Ай, супакойся, – абсалютна індыферэнтным тонам адгукнуўся мой даўні прыяцель. – Ну, тут жа месца такое. Ты думаеш, што каля такога агромністага курганнага могільніка ды яшчэ з такой каласальнай легендарнай падаплёкай не могуць здарацца анамальныя з’явы? Ды гэта месца сапраўдны рай для анамаліяў. Так што асабліва не рві сабе душу лішнімі пытаннямі. Давайце лепш вып’ем. Саня, ты будзеш?
– А што я лысы ці што? – азваўся прыціхлы Алесь. – Як жа пасля анамаліі не выпіць?
Фізік роспачна плюнуў праз вакно і завёў машыну. Піць за стырном ён не збіраўся і ад прапановы каўтануць пяць кропелек рашуча адмовіўся.
– Вось і добранька. Нам болей будзе, дый больш бяспечна, – узрадаваўся Бухоўскі.
Я таксама адмовіўся піць, памнажаючы на два радасць пітушчага вытокаўца. Пакуль ён і Алесь выпівалі і закусвалі, я неўпрыкмет паглядаў назад, асцерагаючыся пагоні. Па маіх разліках гнацца за намі пчаляры не маглі, бо ім быў патрэбны час, каб агоўтацца ад шоку адкрыцця сябе не на тым месцы, пра якое ім будуць нагадваць іх апошнія ўспаміны. Да таго ж прабітае мною кола давала нам дадатковую фору на выпадак, калі «бумерасты» ачухаюцца больш хутка, чым меркавалася мне.
– Не ператварай закуску ў ежу, Санёк, – не ўстрымаўся Мікаэл ад класічнага выслоўя аматараў вялікай гарэлкі.
Ад гэтага мне стала сорамна за свайго прыяцеля. Далонню я затуліў сабе вочы і цяжка ўздыхнуў, ведаючы наперад кожную наступную прымаўку ці прыказку, кожны наступны анекдот, жарт і проста падколку, якімі Бухоўскі стане асыпаць нашы вушы. Мікаэл быў бы добрым хлопцам, калі б не яго няшчасная, але часцяком узаемная, любоў да экспанатаў віна-гарэлачных аддзелаў, як ён сам гэта называў. Зрэшты, чым я быў лепшым за яго ў сваёй нястрымнай жарсці да вучаніцы? Бадай што нічым.
– Раскідвае яна ногі, а паручнік Мяжэнскі ёй і кажа: «Дай хоць на каня сяду», – вёрз Мікаэл чарговую плюготу пад гістарычнай поліўкай.
Алесь засмяяўся. Ярык мацней схапіўся за стырно і без увагі на анекдот працадзіў скрозь зубы:
– Дык кажаш, што «бумер» проста паехаў сваёй дарогай?
Пытанне адрасавалася мне. Я асалапела азірнуўся. Памыліцца было цяжка – за намі імчаў той самы чорны аўтамабіль.
– Вось табе, трасца, і анамалія, – толькі і здолеў выціснуць з сябе я.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу