– Я падумаю над вашай прапановай, – з максімальным холадам адрэагаваў я.
Празвінеў званок, дазволіўшы мне сабраць усё сваё клунне і рушыць прэч без канчатковага расстаўлення кропак над «і». «Хай памучаюцца. Засранкі», – зласліва меркаваў я. Аднак дарогу мне заступіла ўсё тая ж Кіра.
– Эрнест Скіргайлавіч, не звальняйцеся. Хочаце, мы сёння застанемся пасля ўрокаў і напішам кантрольную работу. Толькі не аддавайце дырэктару заяву, – упрошвала яна.
– Кантрольная будзе наступным разам. І ўжо з іншым настаўнікам, – працягваў я свой карны спектакль.
– Ну, калі ласка, не сыходзьце, – не сунімалася дзяўчына.
Я глядзеў на яе і думаў, на якія яшчэ самазнявагі пойдзе яна, каб пастарацца ўмалёгаць мяне парваць паперку з фальшывай заявай. У тыя імгненні яе цяжка было пазнаць. Яна здавалася бясконца чужой, прышлай з іншай планеты. У ёй не заставалася амаль нічога блізкага і роднага маёй душы.
Дзверы адчыніла Ніна Дарошка, якая зачакалася сваю сяброўку. Убачыўшы на парозе Краўзэ і мяне, яна збянтэжылася:
– Што адбываецца?
– Эрнест Скіргайлавіч хоча звальняцца, – выпаліла Краўзэ.
– Як звальняцца? Навошта звальняцца? – Ніна здзівілася, а потым са сваёй добрай усмешкай ўдакладніла ў мяне: – Вы ж жартуеце?
– Жартую, – усміхнуўся я ў адказ і працягнуў ёй заяву. – Вазьмі і парві яе.
– А вы іншую не напішаце?
– Не, Ніначка, не напішу.
Вучаніцы 11 «В» зараўлі ад радасці. Мне ад іх пазітыву было ні цёпла, ні холадна, бо ўжо ведаў дакладна, чаго ён варты. Тым не менш я дазволіў Кіры прыабняць мяне за плечы, абы яна толькі пакінула мяне нарэшце ў спакоі. Паўз дзверы праходзіла Аліса. Я не бачыў яе. Я адчуў спінай позірк і паспяшаўся выйсці на калідор.
– Замацаванне новай тэмы? – ціхутка спытала Селязнёва, калі я параўняўся з ёй.
– Паўторнае абагульненне раней засвоенага матэрыялу.
– І як матэрыяльчык?
– Раўнуеш?
– Не кажы глупстваў. Рэўнасць – гэта твая звычка, – адпарыравала яна.
– Хм, мадэмуазель, вакол вас уюцца адны аслы, – страшна недакладана працытаваў я нейкую кіношку.
– Селязнёва, хопіць настаўніка клеіць, – крыкнуў наўздагон Дастаеўскі. – Табе тваіх бойфрэндаў на крутых тачках мала?
– Андрэй, ты дэбіл, – без лішняга нервашалу прамовіла Аліса і прыспешыла хаду.
Я прыпыніўся, дачакаўся крыкуна, па-бацькоўску ўзяў яго за шумлацце, прыціснуў да пажарнай шафы і прашыпеў яму проста ў твар:
– Яшчэ раз зачэпіш яе, адразу ж апынешся ў гэтай шафе замест пажарнага рукава.
– Я буду скардзіцца, – заскавытаў ён.
– Давай адразу ў Гаагскі трыбунал, – аўтаматычна сарвалася з маіх вуснаў.
– Ды ладна. Я пажартаваў, – нечакана прымірэнча прамовіў вучань.
– А я не, – мая сур’ёзнасць не ведала межаў, не раўнуючы сусвет у ілжывай тэорыі пра яго бясконцасць. – Таму трымайся ад яе на адлегласці.
Я аслабіў хватку і ўрэшце адпусціў вісуса. Усе, хто быў на калідоры і стаў сведкам майго кароткага дыялогу з Дастаеўскім, амаль не звярнулі на нас увагі. Яны, відавочна, меркавалі, што класны кіраўнік проста праводзіць прафілактычную гутарку. Прынамсі, ніхто не звярнуўся з роспытамі ні да мяне, ні да яго. Я дапускаў нейкую долю верагоднасці, што ён і сапраўды пабяжыць скардзіцца да завучаў ці да дырэктара. Але для мяне было важнейшым абараніць Алісу ад пустой балбатні. Зрэшты, мне не было вядома, колькі пустаты ўтрымлівала ў сабе балбатня Дастаеўскага.
Не чакаючы новых казусаў, я паспяшаўся дадому. Перад сыходам у вестыбюлі заўважыў Алісу. Яна кіўнула мне на развітанне і прашаптала: «Дзякуй». Я ўсміхнуўся ёй і радасны пакінуў школьны будынак.
На вуліцы трывала няпэўная вясна. Цёмныя плямы асфальту і зямлі яшчэ не цалкам пераважалі сярод прыснежаных гарадскіх краявідаў. Я кіраваўся да прыпынку, намагаючыся зарыфмаваць свае мімалётныя пачуцці. Рыфма ніяк не паддавалася, але стварала ўражанне скарачэння працягласці майго звыклага маршрута.
На прыпынку я апамятаўся. На здзіўленне, навокал не было ніводнай душы. Я нават наўмысна разгледзіўся на ўсе бакі, каб спраўдзіць сваё адкрыццё. Сапраўды людзей нідзе не прыкмячалася. А разам з тым зніклі ўсе азнакі транспартнага руху. Панавала поўная цішыня. Я зазбіраўся быў патэлефанаваць каму-небудзь са знаёмых, каб упэўніцца, што яшчэ не ўсё страчана. Аднак раптам з боку цэнтра да прыпынку наблізіліся дзве постаці. У іх даволі проста было пазнаць Кіру Краўзэ і Ніну Дарошку, не зважаючы на нязвыкласць іх адзення: чорныя шапачкі, чорныя курткі, чорныя штаны, чорныя берцы.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу