Мне стала кепска. Хацелася, каб канапа склалася і праглынула мяне ў сваё канапаўскае пекла. Рэагаваць на прабачэнне не знайшлося сілаў. Вучаніцу маё маўчанне ўстрывожыла. Праз хвіліну мне прыйшло яшчэ адно паведамленне: «О, які жах! Ты прабачыў мяне? Гэта такая дзікая памылка. Прабач». Ну, што я мог ёй напісаць на гэта?! Што ўсё добра? Што no problem, крошка, можаш памыляцца далей? Я не мог напісаць ёй гэтага. Мае рукі калаціліся, быццам я не прасыхаў ад бульбяной гарэлкі з 1863 года. «Раз памылілася, то сама сябе і выбачай», – падумаў я. Але дзяўчына настойвала на дыялогу: «Не маўчы. Прабач мяне. Я не хацела. Зусім выпадкова. Зусім нядобра. Прабач».
Неахвотна я падняўся з канапы. Апошні веснавы снег упарта працягваў падаць, абляпляючы сабою дрэвы і слупы, платы і сцены дамоў. Вечаровае сонца спяшалася на спатканне з трыма сланамі і чарапахай, але не шкадавала разліць на наваколле чарку-другую чырвонага віна. Ад гэтага заваконны краявід – чым далей, тым болей – здаваўся злавесным. Чырвань рэзала мне вочы. Але я глядзеў на яе. Так, як старажытны егіпцянін Шабака глядзеў на анамальную чырвань Ніла і іншых вадаёмаў сэрцу мілага Кэмета. Так, як жыхар старажытнарымскіх Пампеяў Дурнякус глядзеў на незвычайную чырвань паветра падчас імклівага набліжэння лавы з чэрава Везувія. Так, як японец Сюсюкі Херандзакі глядзеў з ускрайку Хірасімы на вогненны грыб ядзернага выбуху.
Я быў упэўнены, што праз нейкія секунды, мяне зацягне ў чарговы іншасвет. У горле захрас ванітны позыў. Алісу не пакідаў спадзеў дастукацца да мяне. «Прабач. Забудзь. Гэта проста глупая памылка. Прабач», – напісала яна ў чарговы раз. Я ўявіў, як на другім канцы Галацічаска, у доме паміж Сівой і Быстрыцай зазнае пакуты мая мілая дзяўчынка. Уявіў і ўзяўся за мабільнік. Але не для таго, каб суцешыць яе. «Вось ты і адчула сотую долю таго, што ўвесь гэты час адчуваю я», – пальцы бегалі па кнопках, выпярэджваючы думкі. «Злараднічаеш… Ну, добра…» – яна стала дакараць мяне шматкроп’ямі. У душы маёй гарэла гарчычнае поле. Як той ліпучы заваконны снег, я чапляўся за надзею, дарма што тая цэліла з нагана ў веру і любоў.
«А хто вінаваты ва ўсім? Няўжо ты не разумела, калі ўсё пачыналася, ува што гэта можа ператварыцца?» – напісаў я. «Так, я ведаю, што вінаватая ва ўсім сама! – прызнавалася вучаніца. – Але не разумею, што ж ты чакаеш ад мяне». «Чакаю, калі ты станеш маёй жонкай», – вырашыў не віхляць я. «Не стану», – цвёрда адказала яна. «Сёння – не, а заўтра – так. Будзеш дарослай – будзеш успрымаць гэта іначай», – вялікіх намаганняў мне каштавала не падняць белы сцяг і не расплакацца ў камізэльку безвыходнасці. «А калі я, па-вашаму, стану дарослай?» – дэманстратыўна перайшла на «вы» Селязнёва. «Дакладна не сёння. А ўвогуле: што будзе, то будзе», – дадаў я трошкі фаталізму.
Мабільнік замоўк. Я таксама. Шапацела раптоўная ноч. Гулі невыпадковыя думкі. Заснуць было немагчыма. Я ляжаў на канапе з расплюшчанымі вачыма, утаропленымі ў столю. Вакно я не завешваў. Праз шыбку струменілася святло ліхтара, які мерна вагаўся пад парывамі ветру і нудна рыпеў. Ліхтарнай шчодрасці хапіла, каб рэпрадукцыя карціны Брэйгеля Старэйшага была даволі выразна бачнай у агульным паўзмроку кватэры. Я міжволі перавёў позірк на яе. Нешта адразу мяне ўстрывожыла. Добра прыглядзеўшыся, мусіў канстатаваць: птушка, якая павінна была лунаць над схілам, знікла.
Уключыўшы святло, я хвілін з пяць глядзеў на рэпрадукцыю. Кожная дэталь на ёй мне была добра знаёмай. Птушка прапала, быццам выпарылася. Разам з тым, у агульнай выяве мяне яшчэ нешта бянтэжыла. Я не разумеў, што менавіта, і пачаў з яшчэ большай стараннасцю разглядаць палатно, аж пакуль не войкнуў, заўважыўшы, што паляўнічы, які ішоў паперад іншых, азіраецца. Рысы яго немаладога твару праглядаліся досыць выразна: высокі лоб, разбэрсаныя сівыя валасы, зморшчыны, знікомая ўсмешка, вялікія акуляры… Яго позірк быў поўны дакору. Немінуча я адчуў, каму гэты дакор быў адрасаваны. Ува мне раптоўна ўзнікла пачуццё віны перад ім, якое нічым нельга было патлумачыць. Рука паляўнічага ўказвала некуды ўдалеч. Я паспрабаваў вызначыць, куды менавіта. Пасля пэўнага напружання зроку здолеў разабраць, што паміж дзвюма скаванымі лёдам сажалкамі былі адлюстраваныя дзяўчына і аднарог. Здавалася, што яны імкнуліся ўцячы. «Ад паляўнічых?» – працяла мяне пытанне. На даляглядзе, на вяршыні гары шуганула пунцовая кропка. Я рэзка адскочыў ад карціны, якая ў адно імгненне занялася полымем…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу