Вучаніцы клалі малюнак на пустую першую парту і чакалі маёй рэакцыі. Вонкава я ніяк не рэагаваў. Але ўнутры ў мяне ўсё кіпела. Мне было вельмі непрыемна ўсведамляць, што нехта мяне асацыюе з чарнатою, цемраю, цёмнымі сіламі. Вядома, можна было пастарацца знайсці ў паралелях з творам Малевіча нейкія станоўчыя асацыяцыі. Аднак разбуральная моц мадэрнізму, залучаная ў «Чорным квадраце», ніколькі не імпанавала мне. «Чорны квадрат» заўжды выклікаў у мяне дыскамфорт, нагадваючы ненажэрную чорную дзіру. Калі я вёў урокі ў 10 «В», а малюнак ляжаў проста перада мной, то нязменна паўставала пачуццё няўтульнасці, быццам чорны квадрат глядзіць на мяне.
Шторанак я прачынаўся не ў гуморы. Першай маёй фразай па абуджэнні было пытанне скіраванае ў нікуды: «Калі ж усё гэта скончыцца?». Я збіраўся ў школу, як на катаргу, усведамляючы, што там мяне чакаюць новыя кпіны і здзекі. Давыдавіч колькі разоў спрабаваў пагутарыць са мной. Але я не бачыў у гутарцы патрэбы. Мятлікава, як клапатлівая сястра, шкадавала мяне, бо нарэшце зразумела ўсю сітуацыю ў комплексе. Данцова замовіла два бервяна і набор цвікоў, каб у вольную хвіліну ўкрыжаваць мяне за надта панібрацкія адносіны з вучнямі. Нават яна не магла назваць рэчы сваімі імёнамі і паслугоўвалася дзіўнымі эўфемізмамі. Руслан Альгердавіч на гэтую тэму са мной увогуле не размаўляў і нават не намякаў. Ён усё яшчэ турбаваўся за маё здароўе.
Адзінаццатыя класы ці то раптоўна зрабіліся надта паліткарэктнымі, ці то ім было збольшага па барабану. Адкрыта падтрымалі мяне толькі дзяўчаты. Хаця і не ўсе чыста. Кіра Краўзэ і Ніна Дарошка былі ў гэтай падтрымцы самымі першымі. Іх словы рабіліся для мяне цудадзейнымі лекамі. Вучаніцы 11 «А», за выняткам хіба Алёны Караблёвай, былі больш стрыманымі. Аліса моўчкі глядзела на мяне, зацягваючы ў вір сваіх бяздонных вачэй.
Абяцаныя бонусы я аддаў Вядзёркінай на нейтральнай тэрыторыі. Яна радасна ўсміхалася і нават запрашала да сябе ў госці, каб супольна змыць горыч паразы. Ніколькі не вагаючыся, давялося ветліва адмовіць ёй. Асцерагаўся я і чужых позіркаў, і непрадказальнасці самой Касі. Што праўда, на наступны дзень за маёй спінай парачка глямурных кісаў з 10 «А» шчэрыла зубкі і пырскала слінкай, пляткарачы пра мяне і «Міс замілаванне». За гэта я выклікаў іх на ўроку да дошкі, патрабуючы грунтоўнага раскрыцця прычыны скарачэння пагалоўя дробнай бязрогай жывёлы ў фальварках Усходняга Палесся другой трэці XVIII стагоддзя. Не пачуўшы ад пляткарак ні бэ, ні мя, узнагародзіў абедзвюх адзінкамі. Тыя трагічна ўздымалі да неба вочы, заломвалі рукі, кусалі локці і рвалі на сабе валасы. Але нічога не дапамагала. Ні ім, ні мне.
Настрой не вяртаўся. Працаздольнасць знікла. Інтэрнэт глючыў. Кніжкі гублялі літары. Пляшкі гублялі літры. А інакш не было як заснуць. Для таго, каб спаць, быццам жыта прадаўшы, мне для пачатку трэба было некуды збыць сваю тандэтную бессань. Самыя выгодныя ўмовы тавараабмену знаходзіліся на бутэлечным дне, дарма што там, паводле паданняў, жыў чорт рагаты. Купіўшы сон, я падаў з капытоў і апынаўся ў лапах нябачнае пачвары, якую ведаў не з легендаў. Ложак мой ператвараўся ў вялізную балею, напоўненую ружовым мёдам. З раскінутымі ў бакі рукамі я трымаўся на паверхні. Але пачвара ў звыклай для сябе манеры ускоквала мне на грудзіну і пачынала ўсёй сваёй вагой націскаць, каб утапіць мяне. Я спрабаваў супраціўляцца, але не змог паварушыць ні рукамі, ні нагамі – нешта пякучае і адначасова халоднае працінала і паралізавала іх. Забываючыся на малітвы і моцныя словы, я павольна пагружаўся ў мёд. Вадкаватая маса ахвотна агортвала маё цела. «Пару брускоў мыла ўкінуць у гэты мядок не забыліся», – падумалася мне. Саладжавы ружовы водар рабіўся з кожнай новай секундай больш выразным. Я закрыў рот і пастараўся не дыхаць носам. Але ўсё было марна – мёд імкліва запаўняў мае ноздры. Я стаў захлынацца і шалёна кашляць. Запілімкаў мабільнік, вырываючы мяне з мядовага палону.
Ускочыўшы з ложка, я адразу зразумеў, што з носу шчодра цурчыць кроў, і рэзка хлопнуў па выключальніку. Электрычнае святло не злавіла ніводнага дэмана. Пан Самсунак паўтараў вестку аб прыбыцці sms’кі. «Мабыць, спіш. А я ўсё ніяк», – пісала Аліса. Пэцкаючы крывёй кнопкі, я набраў адказ: «Не сплю. Ты акурат адарвала мяне ад бландзінкі нябачанай красы». Не зважаючы на смайлік з падміргваннем, якім быў завершаны адказ, Селязнёва адпісала мне без усялякіх эматыконаў, што мусіла сведчыць пра сувітую сур’ёзнасць яе рэакцыі: «Прабач. Я не хацела табе перашкаджаць. Проста, думала, як ты там маешся. А ты во як раны гоіш…». Мне зрабілася ніякавата за свой жарт. Шпарка патлумачыўся: «Бландзінка была толькі ў сне». «Я здагадалася», – не прамарудзіла яна і азарыла паведамленне доўгачаканым смайлікам. З гадзіну мы абменьваліся пасланнямі ні пра што. Мяне ахінала пяшчотная цеплыня. Ці цёплая пяшчота. Я адчуваў сябе маленькім дзіцём, здольным фільтраваць шчасце з навакольнага хаосу чорных дзірак і квадратаў, відочных і невідочных монстраў, выбухаў у тунэлях між рэчаіснасцямі. З гэтым адчуваннем я сыходзіў у сон – неймаверна бесклапотны, поўны гаючае белі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу