Вядзёркіна, нарэшце, дабрыла да мікрафона. Толькі тады я згледзеў, што на грудзях пакутнага мядзведзіка вісеў круглы значок з надпісам «Я люблю Беларусь». На нейкае імгненне мне здалося, што дзяўчына возьме свайго плюшавага сябручка за горла, каб той механічным голасам баявога робата зачытаў прамову замест яе. На шчасце, гэтага не адбылося. Яна смела сцягнула мікрафон са стойкі і стала напамяць чытаць тэкст.
Голас яе быў штучна прачулым – роўна такім, як вучылі ў школе з першага класу: «Сябры мае! Землякі родныя! Са сцэны глямурнай даводзіцца мне прамаўляць да вас, цешачыся хараством нашай краіны. І калі якім народам сорамна не любіць свой край, то пагатоў нам, бо не абы-якую Айчыну маем, а краіну волатаў – людзей мужных і прыгожых. Можа, хто спытае: дзе ж твая Айчына? Адкажу. Яна там, дзе аксаміт летніх вечароў. Яна там, дзе азёрная сінеча. Яна там, дзе Зосі і Алесі. Яна там, дзе слава продкаў не змарнела ў смузе стагоддзяў. Мая Айчына ва ўзмаху лёгкага сінякрылага матылька. Мая Айчына ў таямніцах святых крыніц і ў водары даўніх кніг, кірыліцай пісаных вязкай. Мая Айчына ва ўскрыку руінаў сярэднявечных замкаў і ў сонечных бліках на вокнах новабудоўляў. Ёй не аднойчы даводзілася паўставаць з небыцця. Ёй не аднойчы даводзілася паўставаць супраць цемры. Ёй не раз выпадала гушкацца на арэлях між Усходам і Захадам, не заўважаючы, як арэлі ператвараюцца ў варожыя шыбеніцы. Але яна вытрывала. Яна не скарылася. Перажыла і лета гарачае, і гаўканне сабачае. Перажыла і лютыя сцюжы, і дзікія ружы. Люблю. Я люблю яе. За вялікае і малое. За трагічнае і смешнае. За словы Францішка Скарыны і пяшчотны шэпт юнака, што прызнаўся мне каханні. Я з табой. Ты чуеш?! Я з табой, мая Беларусь!».
Я ўважліва слухаў кожнае яе слова. Кася ні на крок не адступіла ад майго тэксту. Але ўсё адно мяне даймала дзіўнае пачуццё, нібыта сэнс маіх словаў у яе вуснах непазнавальна змяняўся. Скончыўшы прамову, яна пакланілася, а зварушаны мядзведзік крэкнуў: «Мама».
Астатнія канкурсанткі выходзілі пераважна ў вечаровых сукенках. Фаварытка Давыдавіча эпатавала публіку вясельным убраннем з вэлюмам. Палкоўнік міжволі пахлопаў сябе па грудзіне: ці то намацваў пакунак з пігулкамі, ці то шукаў мабільнік, каб тэрмінова выклікаць унука. Прамовы дзяўчын былі аднатыпнымі. У іх шмат гаварылася пра лясы, палеткі, рэкі, азёры, быццам толькі наша і ніякая іншая краіна славіцца такога кшталту эксклюзівам. У іх прамовах можна было смела замяніць слова «Беларусь» на слова «Канада», і сэнс пасланняў анічуць не страціўся б.
Журы выставіла апошнія адзнакі. Збіраючыся падняць картку з пяцёркай для Касі Вядзёркінай, я падсунуў сваё крэсла бліжэй да стала і нахіліўся наперад, каб не атрымаць па хрыбту ад Келдышавай і Мятлікавай. Мой позірк сустрэўся з позіркам Любартавай, якая ўвесь гэты час сачыла за імпрэзай, седзячы недалёка ад апаратуры. Яна ушчувальна паматляла галавой. За што канкрэтна Марына Нарымунтаўна мяне ўшчувала я не ведаў, але падстаў хапала з добрым лішкам. Я адвёў вочы. Рыбанька папрасіла журы заняцца падлікам балаў, а на сцэну тым часам выклікала дзесяцікласніцу, якая па-за конкурсам выступіла з песняй пра каханне.
Я так привыкла жить одним тобой,
Встречать рассвет и слышать как проснешься не со мной.
Мне стало так легко дышать в открытое окно
И повторять ей лишь одно…
Іскаліеў як старшыня журы ўзяўся за падлікі. Не зусім давяраючы яму, я ўтачыў нос у лічбы і правяраў кожнае дзеянне, каб складанне балаў раптоўна не скончылася ліпавым вынікам на карысць чарнявай нявестухны. Але стары гэтага і не хацеў. Ён сумленна падрахаваў выніковыя адзнакі кожнай канкурсанткі. Атрымалася, што наперад з перавагай у бал вырвалася адна з дзесяцікласніц. Астатнія ўдзельніцы набралі аднолькавую колькасць балаў. Такі вынік мяне цалкам задавальняў. Я рызыкнуў вярнуць сваё крэсла на зыходную пазіцыю і адкінуўся ў ім, слухаючы спеў:
Знаешь ли ты, вдоль ночных дорог
Шла босиком, не жалея ног,
Сердце его теперь в твоих руках,
Не потеряй его и не сломай.
Чтоб не нести вдоль ночных дорог
Пепел любви в руках, сбив ноги в кровь,
Пульс его теперь в твоих глазах,
Не потеряй его и не сломай…
Галя і Лія мяне не чапалі, толькі зноў заводзілі марны перашэпт пра маю суб’ектыўнасць. Я адно ўсміхаўся і падміргваў Вядзёркінай, намякаючы на някепскі вынік. І вось тут адбылося тое, што чакаць мне ніяк не выпадала. Дзяніс Давыдавіч пачаў абвяшчаць вынікі. Павіншаваўшы ўсіх дзяўчат, ён не стаў паведамляць пра набраныя імі балы. Ён проста называў намінацыю і прозвішча канкурсанткі. І першай ім была названа Кася Вядзёркіна як пераможца ў намінацыі «Міс замілаванне». Усе ведалі, што вынікі звычайна абвяшчаюць у зваротным парадку ад апошняга месца да першага. Ведала гэта і Кася. Таму пачуўшы сваё прозвішча першым, яна перамянілася з твару, з яе вачэй пацяклі слёзы, і дзяўчына кінулася за кулісы. Зала здзіўлена загула. Я падскочыў з месца і пабег на сцэну акурат тады, калі Іскаліеў называў пераможцу. Зала загула яшчэ больш здзіўлена. Я чуў, што слова ўзяла Любартава. Яна так заўсёды рабіла пад канец школьных мерапрыемстваў, якія ладзіліся пад яе патранажам. У гэтым канкрэтным разе ёй давялося шукаць такія словы, каб пракаментаваць і слёзы адной з удзельніц конкурсу, і скачкі яе класнага кіраўніка.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу