На парозе дома мяне прыспела sms’ка да Алісы. «Ты сёння такі злы, што перапужаў усіх. А маю маму ледзь не прымусіў схапіцца за рэмень», – пажалілася яна, суправаджаючы паведамленне ладнай колькасцю іржачных смайлікаў. Я гучна рассмяяўся і потым на шкоду вячэры і іншым зручнасцям позняга вяртання з працы ці не цэлую гадзіну спрачаўся з Селязнёвай, даводзячы, што насамрэч я добры, белы і пухнаты.
Калі вучаніца ўрэшце са мной пагадзілася, забзымкаў хатні тэлефон. Я быў перакананы, што ў Мікаэла Бухоўскага скончыліся актуальныя спабутэльнікі, і ён надумаўся выцягнуць з архіву мяне. Чакаючы пачуць класічнае «давай набухаемся», я насцярожана падняў слухаўку. Са мной павіталася жанчына з прыемным голасам. Яна назвала сябе. Але ад здзіўлення ці яшчэ ад чаго я не дачуў. Таму яе пытанне добра збіла мяне з панталыку:
– У які рэстаран мы ўсё-ткі пойдзем?
Голас быў знаёмым. Узнік страх, што ён належаў Вераніцы.
– А мы збіраліся з вамі ў рэстаран? – голасам поўным бездапаможнасці ўдакладніў я.
– Не толькі са мной. Мы ж на бацькоўскім сходзе гэта пытанне ўздымалі. Вы сказалі, што даведаецеся, у якім рэстаране будзе найбольш выгодна святкаваць выпускны вечар.
– Ааааа, – ледзь не аргаістычна прастагнаў я, пазнаўшы голас матулі Алёны Караблёвай, але, на жаль, мне не было чым задаволіць яе інтарэсу, а пра іншае яна не пыталася.
53.
Ранкам у скверы каля школы я сустрэў Майсюка і Іскаліева. Яны стаялі за елачкай, смалілі цыгаркі і загадкава ўсміхаліся. Мы абмяняліся рукапацісканнямі, і я збіраўся быў бегчы далей. Але фізік затрымаў.
– Ты ўчора добра сваіх мачкануў, – пахваліў мяне ён. – І што цікава, без аніводнага мацюка. Як гэта табе ўдаецца?
– Напэўна, гэтак жа проста, як і абліваць сябе кетчупам, выклікаючы спагаду дзяўчынак, – з памяркоўнай куслівасцю ў голасе апярэдзіў мяне стары.
– Давыдавіч! Мы ўжо гутарылі на гэтую тэму з вамі і высветлілі, што вы кетчуп з крывёю ніколі б не пераблыталі, – запярэчыў я.
– Чаго ты нервуешся? Няўжо дзядулі забаронена трохі цябе падкалоць? – ён па-ранейшаму хітра ўсміхаўся. – У маім палку быў такі салдат, як ты. Бывала, што ляжаў і амаль захлёбваўся ўласнай крывёю. Думалі, што ахвяра нестатутных адносін. Але не паспявалі яго як след апытаць, як кроў і раны знікалі. Праўда, ён і сам потым знік. Пайшоў у звальненне і не вярнуўся. Шукалі па ўсім СССР, але так і не знайшлі. Так што беражы сябе, хлопча.
Майсюк пасля рэплікі палкоўніка разрагатаўся і ледзьве не падавіўся цыгарэтным дымам.
– Ну, дзякуй вам, Давыдавіч, што вы такім асаблівым чынам клапоціцеся пра мяне, – вымавіў я, падкрэсліваючы сваю пакрыўджанасць.
– Ды супакойся! Чаго ты такі крыўдлівы, як дзевачка? Салдат той не знайшоўся ў часы СССР, але адшукаўся пасля таго, як Саюз распаўся. На Захадзе засвяціўся. У серыяле «Сакрэтныя матэрыялы» здымаўся. Дэвід Духоўны яго клічуць. Можа, чуў?
Ярык зноў захадзіўся ад рогату. Я таксама на гэты раз бліснуў усмешкаю і паўшчуваў калегаў:
– Ну, вы малайцы. З вашымі жартамі. Амаль напужалі.
– Мы напужалі? – з характэрным жартаўлівым выклікам перапытаў фізік. – Зараз цябе ў школе і без нас напужаюць. Рыбанька ўжо вывесіла модную дэпешу для класных кіраўнікоў старэйшых класаў. Конкурс «Міс школа» збіраецца праводзіць. А кожны класны павінен забяспечыць удзел мінімум адной вучаніцы са свайго класа. Фэрштэйн?
– Гітлер капут, – спахмурнеўшы, адцяў я. – Пашлю гэтую Рыбаньку ў віры на калы. Хай мае вучаніцы да паступлення рыхтуюцца, а не дуратой маюцца.
– Хм, Эрнесце, тут ты не ўгадаў, – скептычна чмыхнуў валадар электрафорных машынаў. – Усё з ведама і пад кантролем Любартавай. Таму, калі пашлеш Алеську на калы, то будзеш мець справу з Марынай Нарымунтаўнай. А яна табе тады такіх калоў накідае, што месяц будзеш хадзіць у ментальнай раскірэчцы. Ты яўна гэтага не захочаш і пойдзеш угаворваць сваіх любімых вучаніц. Але пасля ўчорашняга паказальнага пясочання ўгаворы табе будуць давацца не так лёгка. Яны ж раззлаваліся.
– А ты вунь тую папрасі, што ўвосень на дзень здароўя табе шырокую парадыгму раскрывала, – параіў Іскаліеў, застаючыся ў рамках свайго звычайнага рэпертуару.
– Разбяруся, – кінуў я і хуткай хадою скіраваўся ў школу.
Сапраўды, у настаўніцкай вісела абвестка пра конкурс. Каб аркуш быў больш прыкметным на тле тысячы іншых тэрміновых папераў, на яго краях яркім чырвоным маркерам Рыбанька намалявала рамку. Мяне перасмыкнула ад думкі, што ў гэтых лініях я здолеў адрозніць творчы почырк каляжанкі. Яшчэ больш мяне перасмыкнула, калі за маёй спіной пачуўся яе голас:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу