– Ну, гэта вы, – неяк асуджана прамовіў Стахіевіч. – У вас жыццёвы вопыт за плячыма. Загартоўка якая-ніякая. А што мне зрабіць, калі я ведаю, што дзяўчына, якая мне вельмі падабаецца, больш прыхільная да вас?
– Я не магу знайсці аптымальнага рашэння замест цябе. Я разумею, што твой узрост сам па сабе дыктуе імпульсіўнасць. Я ў студэнцкія гады таксама дужа гарачкаваў ад рэўнасці, што нават свайго аднакурсніка на двубой выклікаў.
– У сэнсе – на дуэль? – здзіўлена ўдакладніў ён.
– Так, – з усмешкай пацвердзіў я.
– Дык час дуэляў даўно прайшоў. Вы ж не такі стары, каб яго заспець.
– Я бачу, што ў гістарычнай храналогіі ты трохі разабраўся пад канец сярэдняй школы, – утаймаваць смех было проста нерэальна. – Але храналогія храналогіяй, а мужчынская імпульсіўнасць іншым разам здольная спарадзіць самы парадаксальны анахранізм.
– Анахранізм – гэта нешта тыпу пафігізму?
– Калі і тыпу пафігізму, то пафігізму да канкрэтнай гістарычнай эпохі. Паляванне на маманта ў Сіліконавай даліне – анахранізм. Забавы з кампутарнай гульнёй «Call of Duty» пры двары легендарнага караля Артура – анахранізм. Зразумела?
– Ага, – кіўнуў Грыша. – Рыцарскі турнір у гонар цудоўнай дамы на падворку заатэхнічнага каледжу – анахранізм.
– Правільна, – усцешыўся я яго цямлівасцю.
– Мужчына старэйшы на дзесяць гадоў за дзяўчыну, да якой ён заляцаецца – анахранізм, – вырашыў абысціся без талерантнасці вучань.
Рэпліка добра разанула мяне па сэрцы, але я пастараўся трымаць сябе ў руках:
– Гэта не анахранізм. Гэта – хай самі разбіраюцца.
– А калі яны не могуць самі разабрацца?
– Можна падумаць, што твая імпульсіўнасць разбярэцца лепш за іх саміх.
– Імпульсіўнасць не разбярэцца, але хоць імпульс надасць.
– Як ты надаеш імпульсы, мы ўжо высветлілі. Скажы, а пацаны, якія вартавалі мяне ў падваротні ў першую суботу лютага, таксама адзін з тваіх спосабаў надаваць імпульс? – пастанавіў я перайсці ад абароны да атакі.
Стахіевіч паглядзеў на мяне, нібыта ахвярнае ягня, якое за тры крокі ад алтара зразумела свой лёс, і нават не сказаў, а прахрыпеў на мае пытанне:
– Я гэтага не рабіў. Нават не думаў пра такое. Эрнест Скіргайлавіч, паверце мне, калі ласка. Я тут абсалютна ні пры чым.
Карэц з рэштаю кавы ў яго руках затрэсся так, што юнака можна было смела ахрысціць Шапавалам з Дзівоснай Краіны.
– Не ты, дык не ты, – мусіў адступіцца я, каб не дабіваць хлапца навешваннем залішніх абвінавачванняў. – Мне проста патрэбна было пачуць гэта персанальна ад цябе. Спадзяюся, што ты нават не здагадваешся, хто для мяне зладзіў тую цёплую сустрэчу.
– Эрнест Скіргайлавіч, я без паняцця. Ні сном, ні духам. Я бываю прыдуркам, але ж не да такой ступені, – з адзнакаю той самай боязі на твары апраўдваўся ён, паставіўшы карэц на парту і адсунуўшы ад сябе, каб крый божа не абярнуць.
Званок з урока і цікаўныя твары вучняў не абцяжараных элементарнымі правіламі этыкету спынілі нашу гутарку. Я адпусціў Грышу з мірам, параіўшы меней паддавацца сваёй імпульсіўнасці. Ён двойчы ці тройчы назваў мяне класным мужыком і паабяцаў, што цяпер будзе стаяць за мяне гарою.
Следам за сваімі пранырлівымі вучнямі прыйшла Галіна Альгімонтаўна. Спыталася пра маё здароўе і з жахам прызналася, што чуткі пра мяне ходзяць самыя жудасныя. Нейкая маляўка пільна сачыла за нашым нязграбным абменам рэплікамі і ўрэшце спытала:
– Дзядзя, а праўда, што вас пакусалі дзікія сабакі, і вы страцілі тры літры крыві?
– Не, дзетанька, – расчуліўся я, – не тры літры, а ўсяго толькі два з паловаю.
Галя неўпрыкмет шлёпнула мяне па плячы, а малой наказала не выдзыгаць з глупымі запытаннямі.
Я пайшоў у іншы кабінет, каб змагацца з паралеллю восьмых класаў і пытаннямі пра несумяшчальнасць здароўя і шкодных звычак, што цалкам адключыла мой мозг ад іншых думак. Толькі познім вечарам, калі ўсе ўрокі скончыліся, выпала магчымасць паразважаць над прызнаннямі Грышы і паспрабаваць даўмецца, хто ж зладзіў мне вялікасвецкі прыём у падваротні. Адкінуўшы варыянт помсты з боку вялікіх творцаў нашай рэчаіснасці, я засяродзіўся на тым, што пагрозы дзецюка, які мяне перастрэў тады, звязаныя выключна з Алісай. «Хто яшчэ яе кахае? – пытаў пра сябе я. – Ды хто заўгодна! Хто ведае і яе, і мяне? Пераважна вучні нашай школы. Хто з іх публічна засведчыў сваю неабыякавасць да Алісы? Практычна ніхто. Хто спрабаваў зрабіць так, каб я кепска падумаў пра Алісу? Хм. Андрэй Дастаеўскі. Згадваў нейкіх ейных кавалераў, што падвозяць да школы. І яго ж імя фігуравала ў навагодняй інтэрнэт-пастцы. Хм… Безумоўна, ён шкоднік, але дробны. Ляпнуць нешта гэткае ці наскардзіцца ён майстар. Але зладзіць наезд яму, здаецца, не пад сілу. Кароткія пяты. І добра, што кароткія». Пытанне пра інцыдэнт у падваротні заставалася адкрытым, дарма што мне падавалася вельмі блізкім да свайго закрыцця.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу