– Так, зая. Вельмі патрэбныя. Нясі іх сюды. Старайся ісці па столі ці па сцяне. Трэба дакончыць гэтага гада, – тлумачыў дзяўчыне той.
Перспектыва быць разарваным на шматкі анічуць не цешыла. У роспачы я каторы раз утаропіўся на плакат з надпісам: «Даешь стране угля!». «Да чаго тут вугаль?!» – не разумелася мне.
– Мусечка, я ўжо блізка, – апавяшчала свайго жанішка Аліса, прымушаючы мяне яшчэ больш нервавацца.
Я сарваў плакат са сцяны, скамечыў, шпурнуў на падлогу і толькі тады заўважыў, што там ляжаў кавалак вугалю для малявання. Я ўхапіўся за яго, як тапелец ухапіўся б за брытву ці іголку. Павярнуўшыся да пліты, я ліхманкава накрэмзаў на ёй дзверы, адчыніў іх і пакінуў Сталінград. Апошняе, што мне пачулася, былі ласкавыя словы Паўлава адрасаваныя Селязнёвай: «Ну, што, зайка? Разбомбім на хер гэтага підара?».
51.
Пахмурны, быццам усе хмары часоў сусветнага патопу, я стаяў у спартовай зале сярод настаўнікаў і не разумеў, што адбываецца. Толькі праз хвіліны хваравітага ўслухоўвання ў словы вядоўцаў прыйшло разуменне, што ідзе школьнае мерапрыемства, прысвечанае дню абаронца Айчыны. Старшакласнікі маршыравалі і выконвалі песні, якія лічылі патрыятычнымі. Мяне трохі хістала, але я стараўся трымацца, са здзіўленнем прыкмячаючы на сабе белы верх і чорны ніз. Аднак значна большае здзіўленне агарнула мяне тады, калі колішняя выдатніца ГТО Рагнеда Іванаўна Андрамедава на пару з палкоўнікам Іскаліевым абвясцілі аб удзеле ў конкурсе 11 «А» класа.
«Хто? Хто іх прымусіў?» – у думках запытваўся я, разглядаючы шыхт хлапцоў майго падапечнага класа. Камандзірам быў Грыша Стахіевіч. Мне ледзьве ўдалося стрымаць пакутлівы енк.
– Каманда вучняў 11 «А» класа «Чырвоны пясок» прадстаўляе вашай увазе народную песню «Родны камандзір», якую рабяты ў рамках даследчыцкага праекта запісалі ад доўгажыхара нашага горада ветэрана трох войнаў і дзесяці лакальных канфліктаў Генрыха Сулейманавіча Іванова, – урачыста прамаўляла Андрамедава.
– Пажадаем мужчынам 11 «А» класа поспеху, бо поспех не можа іх абмінуць па той простай прычыне, што іх класным кіраўніком з’яўляецца сапраўдны мужчына, які выконваў ганаровы абавязак па абароне нашай сінявокай Бацькаўшчыны! Так трымаць мужыкі! – пафасу з коптурам дадаў Давыдавіч.
Сотні поглядаў скіраваліся ў мой бок. Я сціпла патупіў вочкі, каб тут жа падняць іх і сачыць за абяцаным поспехам 11 «А». Стахіевіч аддаў колькі камандаў. Хлопцы выканалі парачку шыхтавых практыкаванняў і падрыхтаваліся да выканання песні.
– Клас! Песню запя-вай! – скамандаваў Грыша, вымаўляючы апошняе слова як «запівай».
Пеця Андропаў зацягнуў песню, а астатнія падхоплівалі два апошнія радкі кожнага куплету:
Эх, наш родны камандзір!
Дзе ён толькі не хадзіў!
Ходзіў там і ходзіў сям
На пагібель урагам!
А наш родны камандзір
Быў заўсёды неўязвім:
Куляй біт і шабляй біт,
Нюхаў нават газ іпрыт!
Ой, наш родны камандзір
Сто напасцяў атразіў.
Шабляй сёк, канём таптаў,
А шчэ з «маўзера» страляў.
Раз наш родны камандзір,
Ў пастку, праўда, угадзіў.
Адбіваўся дзесяць дзён,
Дзесяць ран адзержыў ён.
Ды наш родны камандзір,
Ён вабшчэ непабядзім.
Трапяшчы пракляты ўраг!
Знішчым цебе ў пух і ў прах.
У мяне паплыло перад вачыма. Зінаіда Львоўна з захапленнем назірала за выступам хлапцоў з майго класу і спадарожна давала свой хвалебны каментар:
– Вось цяпер я бачу, якое важнае значэнне можа мець выдатны адкрыты ўрок. Гэта ж як заўважна падняўся патрыятычны настрой у класе! Проста шык! А цяга да даследчыцкай дзейнасці? Такую аўтэнтычную песню раскапалі. Малайцы, проста малайцы. Так што, Эрнест Скіргайлавіч, з мяне пляшачка каньяку.
Я гайдануўся і ўпаў на падлогу. Мая белая кашуля імкліва ператварылася ў чырвоную.
– Хуткую! Выклікайце хуткую! Баластоўскі крывёю сцякае! – закрычала Наташа Скрэпкіна.
Я чуў, што ў зале пачалася мітусня з енкамі і плачам. Я намагаўся расплюшчыць вочы, але яны зліпаліся.
– Можа, яму штучнае дыханне зрабіць? – пытаўся ў некага дзявочы голас.
– У якое месца? – кпіў у адказ голас хлапечы.
Данцова, якая перапужалася не менш за астатніх, папрасіла старшакласнікаў занесці мяне на першы паверх, каб не марнаваўся час у чаканні дактароў. Але Іскаліеў запярэчыў. Ён разарваў маю кашулю, каб спраўдзіць, што ж са мной здарылася. Яго позірку і позіркам іншым адкрылася вусцішнае відовішча.
– Дык ён жа ўвесь абстраляны! – агаломшана выгукнуў Дзяніс Давыдавіч і звярнуўся да вучняў: – Давайце, хлапцы, бярыце валейбольную сетку, размяркоўвайцеся і нясіце Эрнеста Скіргайлавіча на ёй, як на насілках. Проста на руках яго перамяшчаць небяспечна.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу