Аднойчы раніцай да таксі Хруцкага падбегла дзяўчына: «Калі ласка, як можна хутчэй завязіце мяне да гарадской бальніцы...»
— Сядайце, — коратка прамовіў Андрэй, і завёў матор. І толькі паспела дзяўчына зачыніць дзверцы, як «Волга» ўжо набірала хуткасць. Андрэй з цікавасцю паглядзеў на дзяўчыну. У гэты момант і яна паглядзела на яго. Хруцкага ўразілі вочы пасажыркі: вялікія, светла-карычневыя, болей нават жоўтыя. Ён тады падумаў, што жоўтыя вочы бываюць у жывёл-драпежнікаў, і ў іх яны халодна-жорсткія. А тут яго нібыта агарнула сонечным цяплом. І валасы ў яе былі жоўта-вогненнага колеру.
— Штосьці здарылася? — спытаўся Хруцкі.
— Не, нічога, проста катастрафічна спазняюся на працу, — адказала дзяўчына і прыязна ўсміхнулася.
Хвілін праз дзесяць машына спынілася каля будынка на фасадзе, якога красаваўся надпіс «Гарадская паліклініка № 1».
— Колькі з мяне? — спытала пасажырка.
Хруцкі зірнуў на лічыльнік і разгублена прамармытаў: «Ведаеце, я забыўся ўключыць лічыльнік. — пасля непрацяглай паўзы ён ужо бадзёра і рашуча дадаў: — Ну калі так атрымалася, то плаціць не трэба. Давайце лепей пазнаёмімся. Мяне завуць Андрэй, а вас?
— Наташа.
— А з працы вы гэтаксама будзеце спяшацца?
— Не, — пасміхнулася дзяўчына, — з працы спяшацца няма куды.
— А да якой гадзіны працуеце?
Дзяўчына зноў пасміхнулася і прамовіла: «Дзякуй вам, і да пабачэння».
Яна лёгка ўзбегла на прыступкі высокага ганка. Гэтым часам аднекуль прыляцеў жартаўнік-вятрыска, зачапіў сваім крылом валасы дзяўчыны, і яны затрапяталіся, залаціста заіскрыліся ў сонечных промнях. А ногі дзяўчыны лёгка неслі яе па прыступках...
Усю змену ён думаў пра Наташу: «Дрэнна, што яна не сказала, да якой гадзіны працуе... Калі з васьмі раніцы ў яе пачынаецца працоўны дзень, то заканчвацца ў 17. А што, калі я яе сустрэну, а яна і размаўляць са мной не стане? А можа, у яе ёсць хлопец ці нават жаніх? А што, калі яна ўвогуле замужам? Але ж яна сказала, што ёй няма куды спяшацца...»
Пасажыры, немаладая пара, папрасілі адвезці іх на прадуктовы рынак. Спыніліся якраз каля шапікаў з кветкамі. У ім і набыў хлопец вялікую чырвоную ружу, паглядзеў на гадзіннік — было без чвэрці шаснаццаць — і вырашыў ехаць да паліклінікі. Там запаркаваў машыну пад кронай старога каштана і пачаў назіраць за ўваходам.
Праз нейкі час ён заўважыў Наташу. Вось яна няспешна ідзе па прыступках уніз. Хруцкі разгубіўся, глядзеў зачаравана на дзяўчыну і нібыта скамянеў за рулём: «Ат, што ж гэта я?»
Ён схапіў ружу і дагнаў дзяўчыну, якая павярнула ўжо за рог будынка, працягнуў кветку і прамовіў: «Гэта вам... »
— Мне? А, гэта вы, мой ранішні выратавальнік, — Наташа прыязна паглядзела Андрэю ў твар, усміхнулася. — Дзякуй за прыгожую кветку. І што ж далей?
— Далей? — сумеўся Хруцкі. Ён адчуў, што зноў ім авалодвае нерашучасць. Здагадаўся, што, калі не знойдзецца сказаць штосьці арыгінальнае, то будзе выглядаць смешным. «А што, калі сказаць ёй праўду пра тое, што адбываецца са мною цяпер?.. » — Ведаеце, Наташа, вы мне вельмі спадабаліся і настолькі, што я адчуваю сябе нібы хлопчык на першым спатканні...
— Дык вось якімі метадамі карыстаюцца таксісты пры знаёмствах, — засмяялася дзяўчына. — Уражвае...
— Ну што, паехалі, — прапанаваў Хруцкі.
— І куды ж мы паедзем?
— А куды загадае прыгажуня, туды і паедзем.
Андрэй з Наташай пачалі сустракацца. Ён заўсёды, калі працаваў у першую змену, адвозіў раніцай яе на працу. Часта сустракаў пасля заканчэння змены. Аднойчы Хруцкі падвозіў Наташу з яе супрацоўніцамі на святочнае мерапрыемства з нагоды дня медыцынскага работніка і тады чарнявая поўная жанчына пажартавала: «Добра табе, Наташка, маеш уласнага вадзіцеля».
Жанчыны сцішана засмяяліся. Вось тады ўпершыню адчуў Андрэй Хруцкі душэўны неспакой: «Няўжо я для Наташы проста кавалер, а не каханы?» Яму і раней здавалася, што Наташа дазваляе яму сябе кахаць, а сама пасапраўднаму не кахае яго. Што да чаго высветлілася крыху пазней, калі Андрэй прапанаваў дзяўчыне руку і сэрца.
— Андрэйка, ты мне падабаешся, але ж, паглядзі, дзе мы будзем жыць? Кватэры ў цябе няма, грошай, каб яе набыць — таксама. Машына — дзяржаўная...
Кажучы гэтыя словы, Наташа апусціла вочы долу.
— У мяне ж ёсць рукі, Наташа, галава, ёсць жаданне зарабляць, — горача стаў даводзіць Андрэй. — Урэшце, мы ж усё можам нажыць разам. Так жа жывуць усе людзі...
— Усе людзі? — перапытала Наташа. — Яны дзесяцігоддзямі бадзяюцца па здымачных кватэрах. Перабіваюцца ад аванса да палучкі. Што гэта за жыццё? Так жылі і жывуць мае бацькі, а я — не хачу. Разумееш, не ха-чу!
Читать дальше