Калі ён памыў рукі ля калодзезя і вярнуўся ў хату, там ішла падрыхтоўка кацінага жытла: маці дала кошык, Рагнеда заслала яго кавалкам ватовае коўдры ружовага колеру. Маці паклала туды кацяня, Янка падаў кошачку, але яна доўга не пабыла — па ўсім відаць, пайшла шукаць другое кацяня. Кошык з кацянём Янка вынес на ганак, яны сталі снедаць, хоць апетыту чамусьці не было, асабліва ў жанчын. Маці паставіла на стол учарашнюю недапітую наліўку, і Янка канчаў яе адзін — жанчыны адмовіліся.
Хутка зноў вярнулася кошка, яна была заклапочаная, відаць, ад таго, што не магла знайсці другога кацяняці, пры гэтым працягла мяўкала нейкім ненатуральным голасам — так мяўкае кот, калі ён учадзее, гэта ведаў Янка з вясковага жыцця, і ўсё шнырыла па хаце, шукала па кутах, пад канапаю, а потым палезла наверх, шукала за падушкай, і ўсё прарэзліва, журботна мяўкала. Урэшце маці не вытрымала, пачала лавіць кошку, тая стала ўцякаць, уключыліся дачка і зяць, кошку злавілі, і Янка занёс яе ў веранду разам з кошыкам і кацянём — і зачыніў: няхай пасядзіць, супакоіцца.
Можа, з-за гэтай прыгоды з кошкаю, мо з-за чаго другога, але маці сёння была зусім не ў гуморы, маўчала, а маладыя — пад пяцьдзесят — не ведалі, як сябе паводзіць і што гаварыць, каб яе кепскі настрой яшчэ больш не пагоршыць. Таму і яны або маўчалі, або перакідваліся нязначнымі фразамі: падай мне соль, нешта мне памідоры мала пасоленыя ці: а ваш хлеб не горшы за наш, мінскі, хоць напраўду мясцовы хлеб быў нашмат горшы за сталічны. Але гэта госці адчуюць пазней, як хлеб трохі прыесца, а спачатку ён здаўся вельмі смачным.
А пра дрэнны матчын настрой яны даведаюцца потым, бо высветліцца, што матка ў нядзелю чакае прыезду свайго зяця-палкоўніка і любімай дачкі Альбіны, якія абяцалі прыехаць узяць яблык і трохі бульбы.
Роўна ў дванаццаць вырашылі ісці ў вёску да Янкавай сястры Жэні, недзе кіламетраў пяць дарогі. Можна было б ехаць аўтобусам, але яны выбралі пешы маршрут — іх доўгаю вуліцай да самай рэчкі — і праз пешаходны мосцік недалёка да лесу, а там — дарога ідзе лесам. Толькі потым адумаліся, што нічога не ўзялі з сабою: ні цукерачкі, ні перніка. Няйначай, кошка затлуміла мазгі. Але ж не вяртацца з-за такое дробязі, хоць і яна шмат значыць: прыйшлі ў госці з пустымі рукамі, як якія галадранцы. Палаялі сябе трохі — ды супакоіліся, увайшоўшы ў лес.
У лесе ў Янкі адразу мяняўся настрой. Тут ён нібы трапляў у іншы свет, яму вельмі блізкі і родны — нездарма ён нарадзіўся і рос у лесе на хутары да дзесяці гадоў, а потым іх сям’я пераехала ў другую вёску, там было адкрытае месца, роўнае поле. Цяпер на тым месцы нічога няма, выкарчаваны дрэвы і сад — і больш ніякага знаку.
На нешта падобнае яны натрапілі і тут, на ўскрайку лесу. Як памятала Рагнеда, тут стаяла хата, пры хаце хлеў, гумно і адрына. Гэта быў двор Дземянкевічаў, тут жылі два браты, разам з Рагнедай вучыліся ў вайну ў нямецкай школе, хоць яна была беларускай, а нямецкая мова выкладалася як замежная. Як пераросткаў іх залічылі ў СБМ, Саюз беларускай моладзі, за што іх чакала кара, як толькі немцаў пагналі на захад. Хлопцаў забралі, судзілі, яны прапалі надоўга, ажно да смерці правадыра ўсіх працоўных. Бацькі, відаць, памерлі, будынкі разабралі мо якія сваякі, а хлопцы жылі ўжо хто дзе: адзін у Салігорску, як былы шахцёр з Варкуты, а другі ў Бабруйску. А на месцы іх хаты застаўся толькі падмурак.
Паступова Янка і Рагнеда паглыбляліся ў лес, усё благое і непрыемнае адступала, засланялася ўсім тым, што бачылі вочы. Лес быў малады, пераважна лісцёвы, страявыя сосны і ёлкі за вайну, ды і пасля вайны, высечаны, ад іх засталіся толькі пні, якія ўжо сталі парахнець. А лісцёвы лес больш вясёлы, чым густы ельнік, у ім лёгка дыхаць, галіны яго пранізаны промнямі сонца, і лісце здаецца залатым, ажно адсвечвае, нібы гэта не лісце, а свецяць нейкія фантастычныя ліхтарыкі, якіх так шмат, што ў лесе светла — нават святлей, чым на адкрытым месцы. Асабліва зачароўваў малады беразняк, які ўжо збіраўся скідаць свой залаціста-зялёны ўбор, зямля была ўслана залатымі і меднымі, бронзавымі і латуннымі манеткамі рознай велічыні, якія ператваралі зямлю ў стракаты залацісты дыван, па якім так прыемна было ісці, — лісце злёгку шапацела-перазвоньвалася, як бы хацела далучыць свой голас да тае музыкі галін і лісцяў, якія яшчэ засталіся ўверсе і спявалі сваю непаўторную песню пад павевамі ветру.
— Як гэта добра зліцца з прыродай, — гаварыла Рагнеда, зачарованая хараством лесу, — адчуць яе спрадвечны голас-покліч да хараства, да аб’яднання, да суладнасці, чаго так не хапае сёння людзям, якія ўсё нечым незадаволены, усё нечага хочуць, а самі не ведаюць чаго, якіх цягне ў вір войнаў, захопаў, разбурэння і руйнавання таго, што ўжо зроблена, чаго нельга разбураць, бо ў гэта ўкладзена чалавечая праца, ды не толькі праца, а душа чалавечая, яго геній, яго надзея на шчасце сваіх дзяцей і ўнукаў, на мірнае і шчаслівае жыццё ўсіх людзей, якія яго акружаюць.
Читать дальше